Місія невыканальная: сабраць 100 тысяч подпісаў у каранавіруснае лета
Ганна Канапацкая збірае подпісы за вылучэнне сваёй кандыдатуры на парламенцкіх выбарах 2019 года / euroradio.fm
Каранавіруснае лета 2020 года створыць самыя складаныя ўмовы для выбарчай кампаніі за ўсе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. У гэтым меркаванні сыходзяцца і актывісты, і палітолагі, і самі прэтэндэнты на галоўнае крэсла ў краіне.
Адно з галоўных пытанняў цяперашняй кампаніі датычыцца збору подпісаў. Яшчэ два гады таму старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына казала, што колькасць подпісаў для вылучэння на прэзідэнцкіх выбарах пажадана паменшыць: "Хоць бы да 1% ад колькасці выбаршчыкаў". Калі зыходзіць з таго, што ў Беларусі прыблізна 7 млн выбаршчыкаў, то да 70 тысяч подпісаў.
Гэта аблегчыла б задачу патэнцыйным кандыдатам. Але змены, пра якія гаварыла кіраўнік ЦВК, не адбыліся. Для рэгістрацыі па-ранейшаму трэба сабраць 100 тысяч подпісаў. Ці змогуць палітыкі гэта зрабіць або гэта сцэнар для чарговага фільма франшызы "Місія невыканальная"?
COVID-19 — галоўны апанент
Збор подпісаў будзе праходзіць з 21 траўня да 19 чэрвеня. Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч адзначае, што ў гэты перыяд у Беларусі будзе максімальная колькасць людзей з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй.
"Па большасці прагнозаў, пік здарыцца якраз у другой палове траўня — пачатку чэрвеня. Таму людзі неахвотна будуць пускаць у кватэры нейкіх зборшчыкаў подпісаў. У такіх умовах сабраць 100 тысяч подпісаў будзе вельмі цяжка, а можа і наогул немагчыма для ўсіх апанентаў Лукашэнкі. Думаю, на гэта і ёсць разлік: калі ніхто не збярэ, то сама каманда Лукашэнкі выбера, каго запісаць у выбарчы бюлетэнь у якасці спарынг-партнёра".
Аўральная мабілізацыя
Выбары пройдуць 9 жніўня — на тры тыдні раней, чым чакалася. Гэтая дата была абвешчана 8 траўня, а ўжо 15 траўня заканчваецца рэгістрацыя ініцыятыўных груп. Лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча гэта наогул не збянтэжыла. Былы міліцэйскі начальнік кажа, што здолеў мабілізаваць актыў:
"Выбары павінны былі прайсці ў жніўні — не пазней за 30-га. Пра гэта казалі яшчэ год таму. Хто не гатовы да 9 жніўня, не будзе гатовы ні да 16-га, 30-га, ні да верасня, ні да кастрычніка. Да выбараў трэба рыхтавацца за два гады. Мы пра гэта казалі пастаянна".
Прэтэндэнты на прэзідэнцкае крэсла прызнаюцца Еўрарадыё, што збіраць прыхільнікаў даводзіцца ў аўральным рэжыме. Як вынік — у ініцыятыўныя групы рэдка запісана больш за 1000 чалавек. Ці хопіць, каб сабраць 100 тысяч подпісаў?
На думку Лідзіі Ярмошынай, павінна хапіць і 100 чалавек. Менавіта таму мінімальная колькасць людзей, якая павінна быць у ініцыятыўнай групе, — 100 чалавек. ЦВК зыходзіць з таго, што адзін чалавек за месяц можа сабраць тысячу подпісаў: "Раней маглі".
Сцямім на 3000
Але не ўсе думаюць так, як Ярмошына. Па словах удзельніка мінулых выбарчых кампаній у Беларусі, каб сабраць 100 тысяч, патрэбна каманда мінімум 3 тысячы чалавек. І гэта без фактару пандэміі!
"Я сам працаваў на трох прэзідэнцкіх кампаніях: 2001 год — Ганчарык, 2006 год — Казулін, 2010 год — Някляеў. У першым выпадку сам збіраў подпісы, у двух іншых кіраваў іх зборам. Дык вось, сабраць такую [100 тысяч. — Еўрарадыё] колькасць подпісаў можна за каго хочаце, акрамя самых адыёзных фігур тыпу Гітлера або Чыкацілы, можна нават сабраць за каня Цімафея і казла Амура, — расказвае ветэран беларускіх выбарчых кампаній. — Усё ўпіраецца ў наяўнасць у цябе 3000 тысяч чалавек, якія гэта будуць рабіць. Калі ў цябе толькі тысяча, то складана будзе сабраць нават за чалавека, які перад гэтым падорыць кожнаму жыхару Беларусі новы халадзільнік".
На ягоную думку, калі ў "кандыдата ў кандыдаты" менш за 3 тысячы чалавек у камандзе, то праўдзівасць прадстаўленых у ЦВК 100 тысяч подпісаў будзе выклікаць сумнеў: "Калі такога кандыдата зарэгіструюць, то ён проста выгадны ўладзе".
Для аматараў канспіралагічных тэорый нагадаем, што ў Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Чэрачня — каманды ў колькасці плюс-мінус 1000 чалавек. А ў былога кіраўніка ПВТ Валерыя Цапкалы ўсяго 555. Алег Гайдукевіч заявіў пра актыў у больш за 4000 чалавек, а банкір Віктар Бабарыка — у 7000.
Як збіраць подпісы "падчас чумы"?
Раздадзім зборшчыкам подпісаў сродкі аховы — кажуць усе, як адзін, "кандыдаты ў кандыдаты". Акрамя наяўнасці масак і пальчатак, збор подпісаў радыкальна будзе адрознівацца толькі ў каманды Андрэя Дзмітрыева, які прыдумаў паслугу "зборшчык подпісаў дадому".
"Кампанія будзе ісці зусім інакш, чым было раней, у нас будзе па-іншаму выбудаваная сістэма збору подпісаў. Мы будзем працаваць з базай звестак: тэлефанаваць людзям і ісці непасрэдна да тых, хто будзе гатовы паставіць за нас подпіс. Задача валанцёра будзе ў тым, каб дайсці да гэтага чалавека", — паведаміў Еўрарадыё лідар "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў.
Пры камандзе ў 1000 чалавек кожнаму з іх давядзецца зрабіць не менш за 100 званкоў і 100 выездаў дадому. Што ж, удачы.
Беларусам не да выбараў
У "Тэлеграме" ўсплылі ўспаміны зборшчыка подпісаў на прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. На вулічных пікетах у падтрымку Уладзіміра Някляева ён мог збіраць да 400 подпісаў у дзень!
Аднак экс-актывіст удакладняе, што тады беларусы самі натоўпамі ішлі да пікетаў і выстройваліся ў чарзе, каб падтрымаць апанентаў Лукашэнкі.
Настальгія настальгіяй, але трэба жыць сённяшнім днём. Беларусы сталі менш цікавіцца палітыкай і менш верыць у тое, што нешта ў краіне можна змяніць палітычнымі метадамі. Асабліва пасля таго, чым скончыліся выбары 2010-га: жорсткім разгонам акцыі пратэсту і крымінальным пераследам і актывістаў, і некаторых былых кандыдатаў у прэзідэнты. Нізкая яўка на парламенцкіх выбарах восенню 2019 года — яркае пацвярджэнне палітычнай абыякавасці беларусаў.
"Галоўная праблема для апазіцыі палягае ў тым, што за шмат гадоў рэжым яе маргіналізаваў і ёй цяжка дагрукацца да масы, якая збольшага дэпалітызаваная. Улады шмат гадоў перамолвалі пратэсты, ужывалі рэпрэсіі — і адбілі ў беларусаў ахвоту лезці ў палітыку. Гэтыя чыннікі працавалі супраць апазіцыі ў 2015 годзе, яны працуюць і цяпер, але цяпер дадалася яшчэ і "карона", — мяркуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Таму чакаць чэргаў у пікетах, у якіх людзі будуць стаяць, каб паставіць подпіс за вылучэнне ўпадабанага палітыка, не выпадае. Ды і небяспечна цяпер тоўпіцца.
Зборшчыкі подпісаў будуць працаваць за ідэю
Экс-актывіст каманды Уладзіміра Някляева таксама пахваляецца "залатымі часамі": у 2010-м на зборы подпісаў ён мог зарабіць да 400 долараў за дзень! Па чутках, штаб паэта, які перакваліфікаваўся ў палітыка, плаціў па паўтара долара за подпіс... Але, як сказаў іншы беларускі паэт Максім Багдановіч, "няма таго, што раньш было".
Складана будзе ўсім
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман сумняваецца нават у магчымасцях зборшчыкаў подпісаў за Лукашэнку:
"Наўрад ці нехта зможа сарбаць 100 тысяч подпісаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку. Я вельмі сумняваюся, што гэта магчыма. З адміністрацыйным рэсурсам, вядома, вы можаце сабраць подпісы. Напрыклад, з рабочых заводаў. Хоць у мяне ёсць адчуванне, што Лукашэнка цяпер не на вышыні, так што нават гэта пройдзе са скрыпам. А вось альтэрнатыўныя кандыдаты наўрад ці змогуць сабраць подпісы. Але мы наўрад ці даведаемся пра гэта, не факт, што ў нас будзе магчымасць праверыць сапраўднасць подпісаў. А тое, што ўлады зацікаўлены ў рэгістрацыі некалькіх кандыдатаў, — гэта факт. Калі ты Гайдукевіч ці Дзмітрыеў, то, увогуле кажучы, ты можаш проста прывезці адксераныя аркушы, бо ўлады зацікаўлены ў наяўнасці гэтых прозвішчаў у бюлетэні. Гэта лепш, чым мець там Ціханоўскага ці іншага непрадказальнага кандыдата".
Па словах Лідзіі Ярмошынай, у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі запісалася 11 тысяч чалавек. Кожнаму з іх трэба сабраць усяго па 9-10 подпісаў. Як мінімум для аднаго "кандыдата ў кандыдаты" збор подпісаў не выглядае чымсьці немагчымым. Зрэшты, ініцыятыўная група Лукашэнкі звычайна здае ў ЦВК у разы больш подпісаў за свайго кандыдата, чым патрабуецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.