"Мне 47 гадоў. Мне сорамна баяцца"
Сяргей Помазаў і міліцыянт, які прыйшоў да яго ў дом
Тэлефанаванне Еўрарадыё застае Сяргея Помазава за ноўтбукам. "Чытаю каментарыі", ― прызнаецца 47-гадовы будаўнік, які 5 чэрвеня стаў зоркай інтэрнэта. А пачалося ўсё позна ўвечары 3 чэрвеня, калі на парозе дома Сяргея ў вёсцы Пыхань пад Гомелем раптам з'явіліся двое міліцыянтаў. Маўляў, дзверы былі прачыненыя, і яны вырашылі праверыць, ці ўсё ў парадку.
"Мне 47 гадоў. Мне сорамна баяцца"
Адзін з тых, хто правяраў ― падпалкоўнік Аляксандр Кошман, в.а. начальніка міліцыі горада Ветка. У паведамленні, якое пазней апублікуе сайт УУС Гомельскага аблвыканкама, гаворыцца, што ў Пыхані шукалі дачнага злодзея, а Кошман "браў асабісты ўдзел у арганізацыі работы начных пошукавых груп". Але на відэа міліцыянт гэтага не тлумачыць, а проста 10 хвілін патрабуе ад Сяргея Помазава паказаць дакументы. А Сяргей абураецца тым, што міліцыя без прычыны зайшла да яго ў дом, і даказвае, што не павінен нікому нічога паказваць.
У выніку міліцыянты сыходзяць ні з чым, абяцаючы вярнуцца. Пытаюся, ці не баіцца Сяргей за сваю будучыню. "Мне 47 гадоў. Мне сорамна баяцца. Я выказваю свой пункт гледжання. Не настойваю, нікому нічога не навязваю, ні вам, ні камусьці там, ― адказвае Помазаў. ― Амаль чвэрць стагоддзя таму я казаў: "Людзі, апамятайцеся, каго вы выбіраеце! Гэта адгукнецца!" І 15, і 10 гадоў таму казаў тое, што сёння на мітынгах кажуць. Я ніводнага мітынгу, ніводнага суда не прапусціў!"
"Калі мае правы парушаюцца, трываць не буду"
У каментарыях да "Начнога дазору" (так называецца відэа, якое Сяргей Помазаў апублікаваў на Youtube) людзі сумняваюцца ў яго адэкватнасці. І, разам з тым, дзівяцца таму, наколькі ён "падкаваны" ў плане сваіх правоў. "Я не п'ю ― уся вёска ведае, ― распавядае мужчына. ― Разумееце, мяне ж тады толькі разбудзілі [на відэа трапіла мікрахвалёўка, гадзінннік на якой паказвае 23:41. ― Еўрарадыё]. Я з прасоння... А так, я прынцыповы чалавек . Калі мае правы парушаюцца, трываць не буду. І ўсім раю хадзіць з ноўтбукам і кодэксам пад пахай".
Да размовы з міліцыяй Сяргея Помазава падрыхтаваў сябар-юрыст. Навошта гэта спатрэбілася? Больш за год Помазаў спрабуе прыцягнуць да адказу супрацоўнікаў "Стралы", канфлікт з якімі здарыўся ў красавіку 2016 года і таксама трапіў на відэа. Паводле яго слоў, машына спецпадраздзялення ДАІ без падстаў заехала да яго ў двор. Людзі ў форме запатрабавалі прад'явіць дакументы, а калі Помазаў выклікаў міліцыю, рэтыраваліся, не складаючы пратаколаў.
Скаргі ў міліцыю і ДАІ ні да чаго не прывялі. Хіба што, па звестках Помазава, быў звольнены супрацоўнік Веткаўскага РАУС, які са спазненнем адказваў на яго запыты. "Тармазіў" з паперамі і сам Сяргей: увесь мінулы год ён правёў у Расіі ― "будаваў стадыёны да чэмпіянату свету па футболе" ― і часу на юрыдычныя фармальнасці амаль не было. Нарэшце, непрымірымы барацьбіт за свае правы звярнуўся ў пракуратуру ― ён усё ж спадзяецца сустрэцца са сваімі крыўдзіцелі ў судзе.
"Скажыце вашым мужам, што на поўдзень вы ў гэтым годзе не паедзеце"
Вёска Пыхань, у якой жыве Сяргей Помазаў, у курсе ўсёй сітуацыі. Людзі падтрымліваюць яго. "Мы гэта ўсё чулі, бачылі на Youtube, ― распавядаюць Еўрарадыё ў мясцовай школе. ― Ведаеце, гэта беззаконне. І гэты ў міліцыі часта такое ― прыехалі і проста зайшлі. Як гэта ― проста зайшлі? Тут жа шмат дамоў. Чаму ў іншы дом не заходзіце? Чаму менавіта да яго?".
Сяргей, у сваю чаргу, спрабуе быць карысным для людзей. Паводле яго слоў, адна з вечных тэм для размовы з мясцовымі чыноўнікамі ― рамонт дарог у Пыхані: "Іду і ў камітэт, і ў ДРБУ. Кажу ім: "Скажыце вашым мужам, што на поўдзень вы ў гэтым годзе не паедзеце, і новы аўтамабіль не купіце, таму што дарогу трэба будаваць". Чаму чвэрць стагоддзя рамантуецца дарога? Прыедуць, латку пакладуць ― і нарад закрываюць. Зрабілі працы на рубель, а нарад зачынілі на мільён".
Ці звязана ўсё гэта з начным візітам міліцыянтаў? Сяргей Помазаў не бярэцца рабіць высновы. 5 чэрвеня ён размаўляў з падпалкоўнікам Кошманам ― размова была, як быццам нічога і не адбылося. "У міліцыі ёсць розныя людзі. Ёсць злыя, а ёсць вельмі шмат нармальных. Але мая думка ― нармальных адтуль выжываюць", ― кажа Помазаў.