Настаўнікі пра мадэрнізацыю: Трэба зразумелыя падручнікі і менш бюракратыі

У Міністэрстве адукацыі паведаляюць аб праекце “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”. З дакументаў вынікае, што праект разлічаны на 5 гадоў і будзе патрабаваць каля 50 мільёнаў долараў. У планах праекта — прыцягненне грошай Сусветнага банка.

Пакуль школьная мадэрнізацыя уключае наступнае: паляпшэнне інфраструктуры школ, капітальны рамонт і рэканструкцыя, паляпшэнне лабараторнага абсталявання і пашырэнне інфармацыйных тэхналогій, мадэрнізацыя сістэмы кіравання.

А таксама ўдасканальванне сістэмы ацэнкі і ўдзел у міжнародных праектах, якія ацэньваюць веды вучняў.

Пры гэтым чыноўнікі абяцаюць улічыць усе прапановы і пажаданні, якія цяпер можна накіраваць у мінадукацыі.

Еўрарадыё сабрала прапановы ад настаўнікаў, рэпетытараў і экспертаў, якія б маглі зацікавіць Міністэрства адукацыі.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Максім з мінскай школы незадаволены падручнікамі і бюракратыяй.

Максім: “Мы ў школах часта займаемся працай, якую мусяць выконваць бацькі, таму патрэбнае размежаванне адукацыя\выхаванне. Трэба перагледзець праграмы, выкінуць адтуль тое, што не патрэбнае. Гэта ёсць цяпер і ў беларускай мове. Трэба мадэрнізаваць падручнікі, асабліва па беларускай мове. Чаму дзеці не разумеюць па-беларуску? Бо мова Купалы і Коласа адрозніваецца ад сучаснай, а ў нас ніхто гэта не апрацоўвае. Наконт тэхнічнай базы, мне ўсяго хапае”.

Аляксею, які выкладае ў вясковай школе, не хапае тэхнічнай базы і метадычнай літаратуры.

Аляксей: “Ад нас патрабуюць дакументацыю на беларускай мове, але не даюць метадычнай літаратуры на беларускай мове. Бо мне, напрыклад, падабаецца прапанова выкладаць гісторыю Беларусі і геаграфію на беларускай мове. Абсталяванне ў вёсцы — само сабой. Добра, калі дошка вісіць. Няма гаворкі пра інтэрактыўныя дошкі зусім. У гарадскіх школах збор грошай на рамонт школы — нармальна. У вёсцы так не заведзена, гэта выклікае абурэнне бацькоў. Да таго ж, ёсць бюракратыя, неўласцівая праца. Нас абавязваюць, каб дзеці пісалі навуковыя працы, у выніку настаўнікі іх пішуць самі”.

Настаўніцы па біялогіі вышэйшай катэгорыі Ірыне Рамуальдаўне не хапае якасных падручнікаў.

Ірына Рамуальдаўна: “Настаўнікі, якім сёння больш за 45 гадоў, досыць кансерватыўныя, яны з цяжкасцю успрымаюць інавацыі. Маладое пакаленне — наадварот. Але тут іншая праблема, ім не хапае ведаў. Па біялогіі, напрыклад, падручнік для 7 класа для таго, каб вучань неўзлюбіў гэты прадмет. Таксама у прадмеце хапае тэрмінаў, цяжкіх для засваення, якія можа і не зусім патрэбныя для развіцця”.

Рэпетытар Яўген Лівянт найперш прыгадвае бюракратыю, ад якой трэба пазбаўляцца, каб мадэрнізаваць школу. Пасля — усё астатняе. Ён плануе адправіць свае прапановы ў Мінадукацыі на 75 лістах.

Яўген Лівянт: “Ёсць адна рэч — гэта феерычная бюракратыя. Гэта можна вырашыць хутка і танна: адным указам прэзідэнта забараніць настаўніку запаўняць любую паперу апроч школьнага журнала. І забараніць ад яго патрабаваць іншыя паперы. Да гэтага — невялікі спіс тых папер, якія мусіць запаўняць адміністрацыя. А ўсё астатняе трэба абмяркоўваць. Настаўнікі, чыноўнікі, бацькі ўсё гэта мусяць абмяркоўваць, бо ў гэтым усе зацікаўленыя. І можна абмяркоўваць некалькі месяцаў”.

Адно з асноўных — сістэма ацэнкі якасці нашай адукацыі для ўдзельніка грамадскага Балонскага камітэта Уладзіміра Дунаева. Гэта прапісана ў праекце Мінадукацыі.

Уладзімір Дунаеў: “З аднаго боку, гэта будзе тычыцца рамонту школы і абсталявання. Але за 50 мільёнаў усе школы не адрамантуеш. Але там добрыя прапановы па мадэрнізацыі сістэмы ацэнкі якасці адукацыі, якія мусяць вывесці на выкарыстанне сучасных міжнародных інструментаў, PISA, у тым ліку. Калі поруч з тым будуць стварацца нацыянальныя сродкі, гэта будзе сур’ёзны крок. Бо па сёння ўсё разбівалася аб фантазіі, што ў нас высакаякасная адукацыя, хаця мы бачым вынікі тэставання”.

Фота: edu.panaboard.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі