Партыя БНФ выйшла з выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч

Партыя БНФ прыняла рашэнне аб выхадзе з выбарчай кампаніі прэтэндэнткі на пасаду прэзідэнта Таццяны Караткевіч. Адпаведнае рашэнне было прынятае па выніках сённяшняга паседжання сойму арганізацыі, якое прайшло ў Мінску.

Пытанне ад выхадзе з кампаніі Караткевіч узняў старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Ён адзначыў, што патэнцыйная кандыдатка зрабіла шмат неакрэсленых і невыразных заяваў па шэрагу пытанняў, якія з’яўляюцца базавымі для прыхільнікаў БНФ. Гэта статус беларускай мовы, дзяржаўная і нацыянальная сімволіка, геапалітычнае становішча Беларусі.

Янукевіч выказаў меркаванне, што ўдзел у гэтай кампаніі падарве рэпутацыю партыі БНФ як нацыянальна арыентаванай партыі.

Падчас дыскусіі значная частка выступоўцаў падтрымала пазіцыю Аляксея Янукевіча, але і значная частка сябраў Сойму выступіла супраць. Яны матывавалі сваю пазыцыю тым, што лідэры партыяў зрабілі памылку, не заключыўшы дамовы з Тацянай Караткевіч, а паколькі ніякай дамовы няма, значыць, і патрабаваць ад яе фактычна няма чаго.

Таксама звярталася ўвага та тое, што Караткевіч пакуль яшчэ не абвясціла афіцыйна сваёй выбарчай праграмы і таму яшчэ можа выступіць з заявамі ў падтрымку каштоўнасцяў, якія падзяляе Партыя БНФ.

За выхад з прэзідэнцкай кампаніі Таццяны Караткевіч прагаласавалі 18 сябраў сойму, 11 былі супраць і 2 устрымаліся, інфармуе Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі