Пры якіх умовах Пуцін можа стаць пасярэднікам у дыялогу Лукашэнкі і апазіцыі
Уладзімір Пуцін / прэс-служба Дзярждумы РФ
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не можа выступаць пасярэднікам у перамовах Аляксандра Лукашэнкі і беларускай апазіцыі, пакуль працягвае беспасярэдне падтрымліваць дзейную беларускую ўладу, мяркуе аналітык Сяргей Чалы.
Ён нагадаў, што ў часе інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай і Аляксея Венядзіктава галоўны рэдактар "Эха Москвы" наўпрост спытаў, ці можа Пуцін выступіць простым пасярэднікам у перамовах дэмакратычных сіл Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі.
"Пуцін не нейтральны чалавек. Пасярэднікам можа выступаць нейтральны палітык, які мае каналы ўплыву. Пуцін жа беспасярэдні хаўруснік Лукашэнкі. І сам Венядзіктаў пра гэта казаў, калі расказваў пра плюшкі, якія па-ранейшаму Беларусь атрымлівае ад Расіі дзякуючы дамоўленасцям.
Ідэя зрабіць Пуціна пасярэднікам у перамовах — гэта фактычна ідэя адрачэння ад падтрымкі Лукашэнкі. У адваротным выпадку не можа быць ніякага пасярэдніцтва, калі гаворка ідзе пра простае хаўрусніцтва. Чаму я выкарыстоўваю тэрмін "адрачэнне"? Адрачэнне не ёсць здрада. Адрачэнне ад Лукашэнкі — не здрада Лукашэнку", — лічыць Чалы.
Ён тлумачыць, у чым бачыць для сябе розніцу паміж паняццямі адрачэння і здрады. Для Чалага здрадай было б адрачыся ад Лукашэнкі і перайсці на бок апазіцыі, падтрымаць таго ці іншага палітыка-апанента дзейнай улады.
"Не патрабуецца ад Крамля пад'ёму з пераваротам, дастаткова адмовіцца ад хаўрусніцтва".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.