Рэгістратура: Якія талончыкі? На сёння яшчэ ўчора закончыліся

“Да гэтага доктара няма талончыкаў, распісана нават на верасень”, — кажуць мне ў рэгістратуры паліклінікі № 2 Фрунзенскага раёна. Талончыкі да гінеколага на сёння закончыліся яшчэ ўчора.

У рэгістратуры раяць падысці ранкам — тады талончыкі будуць, ці замовіць талончык на сайце. Спрабую інтэрнэт-тэхналогіі, аказваецца, на бліжэйшы месяц ёсць талончыкі, але зноў жа толькі праз рэгістратуру.

Рабіць няма чаго — а палове на сёмую раніцы — у паліклініку. Унутраны дворык паліклінікі абсалютна пусты і не паспела я абрадавацца, як заўважыла надпіс на дзвярах паліклінікі:

“Уваход у фае паліклінікі для наведвальнікаў — з 6.00”.

Заходжу і даведваюся, што ў чарзе я не другая, і нават не дзясятая. А адразу 28-я і гэта а палове на сёмую раніцы!

Мае суседзі па чарзе трымаюць месца адразу ў дзве чаргі — да гінеколага і да вузкіх спецыялістаў. Раз-пораз узнікаюць непаразуменні: хто за кім займаў, дзе той мужчына з газетай, і “дзе каго не стаяла”.

Бліжэй да сёмай раніцы людзі пачынаюць выстройвацца да вакенцаў, дзе замаўляюць талончыкі — прыкладна па 30 чалавек у кожнай чарзе.

“Мне да ўролага, але каб на раней… А ў другую змену доктар працуе?!”

“Да эндакрынолага і да акуліста дайце мне”, — спецыялістаў-дактароў разабралі за паўгадзіны, прыкладна за столькі ж разышлася чарга да гінеколага.

“У нас яшчэ далёка не крытычная сітуацыя, — кажуць карэспандэнту Еўрарадыё ў аддзеле кадраў 2-й гарадской паліклінікі Фрунзенскага раёна. За мінулы год тут ўкамплектаваліся да 95% штата. — У нашым раёне, як я ведаю, недаўкамплектаваныя 12-я, 26-я паліклінікі, а ў нас яшчэ добра. У нас болей па сярэднім медыцынскамім персанале праблемы. Не хапае людзей!”

У той самай паліклініцы № 26 шукаюць адразу пецярых тэрапеўтаў, 10-я паліклініка мае болей за дзесяць вакансій — патрабуюцца гінеколагі, неўролагі, хірургі і кардыёлагі. Але 5-я клінічная бальніца Мінска б’е рэкорды — тут патрэбныя 15 анестэзіёлагаў, 6 неўролагаў, 7 рэнтгенолагаў — усяго болей за 40 вакансій толькі дактароў.

Не магу паверыць, што ў бальніцы так шмат патрэбна людзей, але тут інфармацыю пацвярджаюць — пазарэз! І гэта пры тым, што Мін. аховы здароўя ўжо накіравала ў бальніцу 12 інтэрнаў.

“Бо плацяць “нармальна”! Вось і патрэбныя людзі”, — іранізуюць у бальніцы і адразу заахвочваюць тым, што іх бальніца ля метро — дабірацца на працу зручна і спецыялістаў яны вельмі чакаюць.

Тэлефаную ў іншыя медустановы — чэргі да неўролагаў, акулістаў, эндакрынолагаў і хірургаў, але запісацца можна пасля 26 чысла на наступны месяц. З ранку можна ўзяць талончык на наступны дзень, але прыйсці трэба а шостай-сёмай раніцы ці чакаць месяц.

“Мы пачынаем талончыкі з 7:30 выдаваць. Звычайна даецца 8-10 талончыкаў на дзень, але ёсць яшчэ інтэрнэт”, — кажуць у Мінскай абласной паліклініцы.

У рэгіёнах сітуацыя з дактарамі не лепшая. На Століншчыне патрэбныя адразу некалькі дактароў.

“Акушэры-гінеколагі, тэрапеўты даўно укамплектаваныя, а вось псіхіятраў, псіхолага-нарколага не хапае”, — кажуць у Століне. Тут дадаюць, што кожны год апраўляюць заяўкі на дактароў. Прыкладна, 70% іх выконваецца… на бліжэйшыя два гады, пакуль спецыялісты адпрацуюць дыпломы.

Па дадзеных Мінпрацы — прафесіі доктара і медсястры адны з самых запатрабаваных. За тры апошнія тыдні на сайце — амаль 800 свабодных працоўных месцаў для дактароў і болей за 1100 — для медсясцёр.

Мінімальны заробак, які прапаноўваюць дактарам — 51 долар на 0,25 стаўкі як падпрацоўка. Максімальны заробак, які прапаноўваюць спецыялістам з вышэйшай адукацыяй, — 6,8 мільёнаў. Для медсясцёр максімальны заробак — 3 мільёны рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі