Рэспіраторны этыкет і латок для абутку: прафілактыка COVID-19 ад Акадэміі навук
Акадэмія навук Беларусі
У распараджэнне Еўрарадыё трапіў дакумент, падрыхтаваны Аддзяленнем медыцынскіх навук НАН Беларусі. Гэта памятка па прафілактыцы інфекцыі, выкліканай COVID-19. Хочаце даведацца, што раяць сваім калегам супрацоўнікі Акадэміі навук?
Памятка дзеліцца на дзве часткі: "індывідуальная прафілактыка" і "калектыўная прафілактыка". У першай — парады, якіх можа прытрымлівацца кожны чалавек.
Тут ёсць традыцыйныя:
- абмежаваць кантакты (сярод патэнцыйна небяспечных месцаў пералічаныя рынкі, гандлёвыя цэнтры, басейны, спартыўныя цэнтры, крамы, канцэрты, выставы);
- захоўваць дыстанцыю пры зносінах — да 1,5-2 метраў;
- мыць рукі (з мылам, не менш за 20 секунд);
- насіць пальчаткі ў грамадскіх месцах і ў транспарце (на працы і дома іх трэба апрацоўваць дэзінфекцыйным сродкам).
З незвычайнага:
- рэспіраторны этыкет (пры сімптомах ВРВІ трэба выкарыстоўваць маску са зменай кожныя тры гадзіны, а пры кашлі і чханні карыстацца толькі аднаразовымі насоўкамі);
- абутак пакідаць ля ўвахода ў латку;
- апрацоўваць дэзсродкам смартфоны і іншыя гаджэты, камп'ютарныя мышкі і клавіятуры, тэлефонныя трубкі;
- мыць рукі пасля кантакту з грашыма;
- маніторыць клімат (у працоўным кабінеце тэмпература 18-22 градусы, вільготнасць 30-40%, у спальні — 18-20 градусаў пры вільготнасці 45-55%).
А вось якія парады для працы ў калектыве:
- абмежаваць доступ наведнікаў;
- мінімізаваць колькасць навочных нарад;
- прыпыніць камандзіроўкі;
- усталяваць бескантактныя дазатары з антысептыкам;
- праводзіць штодзённую ўборку памяшканняў з дэзсродкам;
- арганізаваць бескантактны абмен карэспандэнцыяй (запячатанай у канверце з указаннем адрасата) праз паштовую скрыню ля ўвахода ва ўстанову.
Нягледзячы на гэтыя рэкамендацыі, у пачатку красавіка работнікаў структурных падраздзяленняў НАН было рэкамендавана "па магчымасці накіраваць у працоўныя і сацыяльныя адпачынкі на найбліжэйшыя 2-3 тыдні". Рэкамендацыя тлумачылася "распаўсюджваннем інфекцыі, выкліканай COVID-19", і неабходнасцю "абмежаваць колькасць кантактаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.