Савецкага салдата Трыфана Лук’яновіча перанеслі на два метры
А Леніна на плошчы Незалежнасці перанесці немагчыма.
Агенцтва “Interfax” сфатаграфавала, як побач з уваходам у мінскі начны клуб “Dozari” прыбіраюць мемарыяльную дошку ў гонар савецкага салдата Трыфана Лук’яновіча. У красавіку 1945 года ён вынес з лініі агню нямецкую дзяўчынку, пры гэтым загінуў сам.
Адміністрацыя клуба “Dozari” гаворыць Еўрарадыё, што ніякага дачынення да дэмантажу не мае!
Еўрарадыё знаходзіць людзей, якія знялі з будынка гэтую мемарыяльную дошку. Выявілася, што рэканструкцыяй будынку займаецца кампанія па ўпраўленні нерухомасцю “Залаты горад”. Кіруючы кампаніей Вадзім Клініцкі кажа, што працы па рамонце і пераносе мемарыяльнай дошкі каштуюць каля 3 тысяч долараў. А калі помнік не перанесці, атрымаецца няёмка: Лук’яновіч будзе ўказваць рукой на ўваход у кампанію!
Вадзім Клініцкі: “У нас ёсць праект-рэканструкцыі ўвахода — да 1980 года тут быў цэнтральны ўваход, як у будынка “Вечерний Минск”, гэта будынак-блізнюк. І мы год ўзгаднялі гэты ўваход, і ў межах гэтага нам дазволілі перанесці дошку на два метры да пешаходнай зоны. Да таго высветлілася, што там перагнілі ўмацаванні. Помнік шмат для каго шмат што значыць, таму мы яго прыводзім ў парадак”.
Еўрарадыё дазналася, як можна дэмантаваць дошку ці помнік ў Мінску.
У Мінгарвыканкаме тлумачаць, што на ўсё трэба паперка.
“Калі мемарыяльная дошка ўстаноўлена на помніку гісторыка-культурнай каштоўнасці, трэба дазвол Міністэрства культуры. А калі проста падрамантаваць без змены адраса — тады яе здымаюць, рамантуюць і ўстанаўліваюць зноў без ўзгаднення. Сама дошка не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, і калі яе знялі, паставяць на месца. А калі не — дык той, хто зрабіў, панясе адказнасць, бо яна каштуе грошай”.
Дарэчы, “Залаты горад” рамантуе мемарыяльную дошку Лук’яновічу за свой кошт. На працы выдаткоўваецца каля 3000 долараў.
Пытаюся, што трэба зрабіць, каб адным махам знесці помнік Леніну.
Мінгарвыканкам: “Які помнік? (смяецца). Калі вы маеце на ўвазе помнік на плошчы Незалежнасці — дык гэта таксама гісторыка-культурная каштоўнасць. Вы зразумейце, нічога ў горадзе проста так зрабіць нельга”.
У Міністэрстве культуры кажуць, што помнікі, якія адносяцца да гэтай катэгорыі, дэмантаваць нельга.
Пытаюся ў Мінгарвыканкама, ці трэба дэмантаваць помнік Леніну, але тут так проста адказ не атрымаць.
“Гэта ж помнік, гэта частка нашай гісторыі. І калі пачаць дэмантаваць ўсё падрад, тады пачнецца неразбярыха. Тут патрэбны падыход”.