Што вядома пра Джулі Фішэр — першага за 12 гадоў амбасадара ЗША ў Беларусі
Джулі Фішэр доўга працуе ў структурах Дзярждэпартамента, але палітычных заяў не рабіла
Сенат ЗША 16 снежня зацвердзіў на пасадзе амбасадара ў Беларусі Джулі Фішэр — цяпер яна афіцыйна стала прадстаўніком Вашынгтона ў Мінску. Фішэр стала першым за 12 гадоў амбасадарам ЗША ў рэспубліцы, ды і то яе прызначэнне зацягнулася. Пакуль няма ўпэўненасці і ў тым, што не зацягнецца і адпраўка ў Мінск.
Еўрарадыё расказвае, хто такая Джулі Фішэр.
Спецыяліст па рэгіёне і дасведчаны менеджар
Ва ўніверсітэце Паўночнай Караліны ў Чапэл-Хіл, дзе Фішэр атрымала ступень бакалаўра, яна вывучала Расію і краіны Усходняй Еўропы. Потым атрымала ступень магістра ў школе міжнародных адносін Вудра Вільсана пры Прынстанскім універсітэце — гэта вельмі прэстыжны цэнтр, выпускнікі якога станавіліся сенатарамі, губернатарамі, дзяржсакратарамі і займалі іншыя самавітыя пасады. У арсенале Фішэр — валоданне рускай, французскай і "трохі грузінскай".
Кар'ерны дыпламат, Фішэр увесь час працавала ў структурах Дзярждэпартамента і амбасадах.
Напрыклад, яна кіравала апаратам намесніка дзяржсакратара па кіраванні і рэсурсах. Яе беспасярэдні начальнік адказваў за фінансавыя і менеджарскія рашэнні ў амерыканскай знешняй палітыцы, напрыклад за выдзяленне падтрымкі іншым краінам, фінансаванне праграм і работы дыпмісій.
Яшчэ адна кіраўніцкая пасада — кіраўнік аператыўнага цэнтра Дзярждэпартамента. Гэта вельмі важная частка сакратарыята, якая адказвае за кругласутачны збор і аналіз інфармацыі з усяго свету, перадачу матэрыялаў кіраўніцтву Дзярждэпартамента і пастаянную сувязь з дзяржсакратаром.
Дыпламат "з прыцэлам"
Працавала Джулі Фішэр не толькі ў апараце Дзярждэпартамента. Так, яна працавала дарадцай па палітычных і эканамічных пытаннях адразу ў некалькіх амбасадах, у тым ліку — у Кіеве і Тбілісі.
Што цікава, дзейнасць яе там не была публічнай. Фішэр удзельнічала ў сустрэчах з мясцовымі ўладамі і грамадскімі арганізацыямі, але пра гэта паведамлялася проста як пра факт — без асаблівых падрабязнасцяў.
Тое самае — падчас працы Джулі Фішэр у амбасадзе ЗША ў Расіі. Пэўны час яна нават была часовай паверанай. Нягледзячы на высокую пасаду — фактычна першая асоба ў дыпмісіі ў адсутнасць амбасадара, — асабліва на публіцы яна таксама не з'яўлялася. Так, удзельнічала ў мерапрыемствах — напрыклад, хадзіла на хакейны матч людзей з абмежаванымі магчымасцямі і выступала на адкрыцці (дарэчы, у фірмовай байцы вашынгтонскай каманды Capitals). Але палітычных заяў падчас працы паверанай Фішэр не рабіла.
Яшчэ адзін важны радок у біяграфіі Фішэр — праца намеснікам кіраўніка місіі ЗША пры НАТА. У Альянсе працавала яна і ў апараце генеральнага сакратара, займаючыся пытаннямі ў тым ліку краін Балтыі (а Беларусь для амерыканцаў — амаль што Балтыя). Нарэшце, непасрэдна перад прызначэннем яна працавала намеснікам памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе.
Улічваючы паслужны спіс Фішэр і працу ў "гарачых кропках" Усходняй Еўропы, відавочна: новы амбасадар вельмі добра разумее ўсё, што адбываецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.