Што вядома пра хлопца, якога затрымалі амаль праз 6 гадоў пасля Плошчы-2010

Што вядома пра хлопца, якога затрымалі амаль праз 6 гадоў пасля Плошчы-2010

Уладзімір Кондрусь, яго змясцілі ў СІЗА за “масавыя беспарадкі” 2010 года, працягвае галадоўку і знаходзіцца пад наглядам турэмных медыкаў. Ён адмаўляецца ад сустрэч з адвакатам, ад кантактаў з бацькамі, следчымі і ўсім астатнім светам.

Кондруся затрымалі  14 чэрвеня ў прыватным доме ў Рудзенску, дзе ён жыве разам з бацькамі. Уладзімір вёў лад жыцця, досыць замкнёны ад знешняга свету. Вось што пра яго ўдалося высвеліць.

За "Плошчу-2010" затрымалі Уладзіміра Кондруся

“Казаў, што працуе праграмістам у Маскве”

 

Уладзімір скончыў рудзенскую сярэднюю школу №1 са срэбным медалём. Паступіў і атрымаў дыплом Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту, доўга працаваў у Маскве.

“У апошні раз мы перапісваліся ў 2008 годзе. Ён пісаў, што працуе праграмістам у Маскве, скардзіўся на дарагавізну. Яму даводзілася здымаць кватэру разам з іншым чалавекам на ўскрайку горада. Плацілі 25 тысяч расійскіх рублёў. На гэтым перапіска абарвалася”, — узгадвае, Сяргей, школьны таварыш Кондруся.

Уладзімір не меў старонак у сацыяльных сетках. У “Аднакласніках” толькі Сяргей і быў адзіным яго сябрам.

“Не магу ў гэта паверыць. Ён вельмі спакойны і хлопец”, — здзіўляецца Сяргей.

 

Халасты, не вітаецца з суседзямі

 

Кондрусю 38 гадоў. Жонкі і дзяцей няма. У апошнія гады ён жыў у Рудзенску. Не працаваў, прынамсі афіцыйна. Нават суседзі па вуліцы нічога не ведаюць пра яго.

“Сям’я ў іх добрая. Бацьку таксама завуць Уладзімір, у мужыка залатыя рукі. Прама ў двары ў яго стаіць эстакада, ён многім дапамагае з рамонтам машын. Сын таксама нармальны чалавек, нікому не зрабіў дрэннага, але калі праходзіць па вуліцы, звычайна не вітаецца”, — апісваюць сям’ю іх суседзі.

Бацькі Уладзіміра Кондруся падпісалі “паперы пра неразгалошванне” і адмаўляюцца размаўляць са СМІ. Просяць не выстаўляць фота іх дому і  не даюць для публікацыі фотаздымкі сына.

 

“Быў добрым вучнем, стаў нефармалам”

 

У гарадскім пасёлку Рудзенск, што ў 40 км ад Мінска, жыве ўсяго некалькі тысяч чалавек. Кожны кожнага ведае. Але Уладзімір Кондрусь — чалавек-таямніца, які рэдка з’яўляўся на людзях.

“У школе ён быў адным з лепшых вучняў. Потым паехаў вучыцца ў Мінск. Аднойчы перад выбарамі — гэта было, здаецца, у яго студэнцкія часы —— пайшлі размовы, што Валодзя стаў нефармалам, бэнээфаўцам, раскідваў нейкія лістоўкі. І вось прайшло шмат год, і пра Кондруся зноўку загаварылі”, — апавядае чыноўніца з рудзенскага сельвыканкаму.

Уладзіміра Кондруся затрымалі пасля з’яўлення яго фота ў інтэрнэце пасля “Дня Волі”. Мужчына быў апрануты ў тую ж вопратку, што і на акцыі 19 снежня 2010 года. Выказваліся здагадкі, што ён у своеасаблівай “уніформе” і толькі маскіруецца пад мітынгоўца. Аказалася, што гэта не так.

Мяркуючы па ўсім, Кондруся падазраюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 2010 года (ад 3 да 8 год па частцы 2 артыкула 293).

Нагадаем, што падзеі адбываліся 19 снежня 2010 года падчас прэзідэнцкіх выбараў. На вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Ім бесперашкодна далі прайсці да “Дому ўрада”. Існуе гіпотэза, што менавіта сілавікі справакавалі біццё вокнаў і ламанне дзвераў у будынку, каб потым паказаць па ТБ яркую карцінку і абгрунтаваць масавы хапун лідараў апазіцыі і мітынгоўцам. Атрымліваецца, што Уладзімір Кондрусь — 50-ы фігурант гучнай крымінальнай справы. Але навошта за яго ўзяліся?

Пасля падзеяў 2010 года на Беларусь наклалі шматлікія санкцыі, і ў краіне здарыўся глыбокі эканамічны крызіс. Сёння многія санкцыі прыпынены. І тут з’яўляецца інфармацыя пра затрыманне Уладзіміра Кондруся…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі