Ці гатовыя беларусы да наплыву замежнікаў, якія шукаюць лепшай долі за мяжой
Мігранты з Ірака / Еўрарадыё
Сітуацыя на мяжы Беларусі з еўрапейскімі краінамі, выкліканая ростам патоку мігрантаў, насцярожвае. Ратуючы сябе і свае сем'і, грамадзяне Ірака бягуць ад праблем і шукаюць абароны ў Еўропе.
"Перакідванне" мігрантаў ад мяжы да мяжы, забарона на ўезд, прапанаванне грошай, абы толькі вярнуліся назад — далёка не ўсе сюрпрызы, з якімі даводзіцца сутыкацца.
У Мінску іракцаў ужо заўважалі па начах у падземных пераходах, а адна сям'я тры дні пражыла на падлозе ў мінскім аэрапорце.
Хто будзе дапамагаць мігрантам у Беларусі, калі НДА, якія гэтым займаліся, разгромленыя?
— Са студзеня да чэрвеня 2021 года да нас звярнулася 209 замежнікаў, з іх — 21 грамадзянін Ірака. За апошнія месяцы мы статыстыку пакуль не падбівалі, але людзі тэлефануюць і прыходзяць. Асноўнае пытанне — як атрымаць прыстанішча ў нашай краіне, — расказвае Еўрарадыё дарадца па прававых пытаннях Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Цімафей Саладкоў.
— Мігранты пакуль да нас не звярталіся. Калі мы зрабілі запыт у Пагранкамітэт, там адказалі, што спраўляюцца сваімі сіламі і дапамога не патрабуецца, — кажуць нам у прэс-службе Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
— Мы напісалі зварот у Сейм Літвы, таму што ў адной з пастаноў яны назвалі людзей, якія бягуць ад сваіх праблем за мяжой праз Беларусь, памагатымі беларускага рэжыму, хоць як я бачу: ім зусім усё роўна, хто дапаможа пераехаць з небяспечнай краіны ў бяспечную, — дзеліцца навінамі праваабаронца Human constanta Наста Лойка.
Куды звяртацца па дапамогу
Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў — асноўная арганізацыя ў Беларусі, куды могуць звяртацца замежнікі, якія шукаюць тут прыстанішча.
Спецыялісты кансультуюць мігрантаў, якія звярнуліся да іх, тлумачачы працэдуру атрымання статусу бежанца або дадатковай абароны, аказваюць юрыдычную падтрымку і, у выпадку неабходнасці, дапамагаюць з перакладам.
— Як мінімум замежнікі, якія вырашылі застацца тут, могуць атрымаць права на законнае знаходжанне ў Беларусі, — тлумачыць Цімафей Саладкоў. — У залежнасці ад формы абароны, якая ім патрэбна, яны могуць атрымаць статус бежанца (дазвол на пастаяннае пражыванне) або дадатковую абарону (дазвол на часовае пражыванне).
Пасля выканання працэдуры мігранты будуць абароненыя ад гвалтоўнага выдварэння з тэрыторыі Беларусі як дзяржавы, якая дала ім прыстанішча. Таксама ў іх з'явіцца магчымасць працаваць тут без нейкіх спецыяльных дазволаў. Дзеці могуць хадзіць у сады, атрымліваць адукацыю ў школах. Гэта датычыцца абсалютна ўсіх замежнікаў, не толькі грамадзян Ірака. Мы гатовыя дапамагаць кожнаму незалежна ад колькасці зваротаў.
У Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа замежнікі, якія шукаюць прыстанішча ў Беларусі, могуць звяртацца па гуманітарную і сацыяльную дапамогу. Праўда, як нам кажуць тут, за апошні час калі і былі звароты ад грамадзян Ірака, то гэта "адзінкавыя выпадкі".
Дарэчы, у арганізацыі ёсць магчымасць падтрымліваць замежных грамадзян, якія з той ці іншай прычыны апынуліся за кратамі. Па словах Насты Лойкі, работнікі Чырвонага Крыжа могуць перадаваць ім перадачы, нават не ведаючы імёнаў.
— Мы займаемся абаронай правоў замежных грамадзян без грамадзянства, і гэта ў першую чаргу звязана з юрыдычнымі аспектамі іх знаходжання ў Беларусі, а таксама можам дапамагчы спыніць высылку, калі яны баяцца, што ім нешта пагражае, — кажа праваабаронца Human constanta. — Хуткіх механізмаў дапамогі амаль няма, бо мала інфармацыі. Мы мала ведаем, што дзе адбываецца.
Зараз у Беларусі цяжка самаарганізавацца і дапамагчы, бо ўсё вельмі хутка мяняецца. Да таго ж, калі людзі знаходзяцца на нейтральнай тэрыторыі, туды немагчыма патрапіць. Адзіны варыянт — калі чалавек едзе з Беларусі, напрыклад, у Літву наземным шляхам. Але, калі б я паехала туды, мяне б не выпусцілі з краіны без належных дакументаў.
Па словах Насты Лойкі, нягледзячы на тое, што Human constanta пазбавілі юрыдычнага статусу ў Беларусі, праваабаронцы будуць і далей дапамагаць кожнаму замежніку, які да іх звернецца.
Што будзе, калі ўцекачоў у Беларусі стане больш?
Не важна, адкуль бяжыць чалавек — з Беларусі ці Ірака
— Я разумею пэўны дыскамфорт Літвы, Польшчы і Латвіі ў сувязі з тым, што да іх едуць замежнікі, але такія сітуацыі дапамагаюць вучыцца працаваць з хвалямі людзей, — працягвае суразмоўніца. — Слова “крызіс” гучыць замоцна. Калі казаць пра сітуацыю ў кантэксце з нашай краінай, нагадаю: толькі за апошні год у Літву пераехала шмат людзей з Беларусі. І гэта таксама пэўны выклік для пэўных адміністрацыйных працэдур. Тым не менш у Літве навучыліся адаптоўвацца.
Як па мне, не важна, адкуль бяжыць чалавек — з Беларусі ці Ірака. Па прававой міжнароднай працэдуры між гэтымі сітуацыямі не павінна быць розніцы. Тое, што яна ёсць, вельмі падобна да нейкай расісцкай тэндэнцыі.
Да закрыцця межаў праз Беларусь штогод праязджала па тры мільёны чалавек. Больш за 1000 чалавек у год маглі атрымліваць дадатковую абарону. Шмат людзей звярталіся, шмат замежнікаў у нас вучацца і працуюць.
Калі мы бачым на вуліцах людзей, якія адрозніваюцца ад нас знешне, у прынцыпе, для мяне гэта абсалютна нармальна. Мы можам не здагадвацца, з якой яны краіны і чаму тут. Калі яны застануцца і будуць спрыяць развіццю Беларусі, я не бачу ў гэтым праблему.
Наадварот, па ўсіх даследаваннях, гэта моцна ўзмацняе эканамічную сітуацыю ў краіне. Паколькі ў Беларусі мінімальная падтрымка для людзей, якія атрымліваюць статус бежанца, гэта не нанясе нейкага цяжару для эканамічнага становішча ў краіне.
Але я заўважаю, што нейкія мігрантафобныя настроі ў грамадстве ёсць, і гэта адзінае, праз што могуць быць канфлікты і чаго я баюся. Гэта пытанне да таго, што ў нас няма нармальных праграм па адаптацыі замежнікаў і замежніц, а людзі з пэўнымі расісцкімі поглядамі ёсць.
Тым не менш не думаю, што будзе нешта крытычнае. Зараз гэтыя людзі тут толькі таму, што Беларусь дае ім візы. Як толькі Беларусь перастане даваць візы, мы перастанем іх бачыць.
Ужо кажуць пра абмежаванне палётаў з Ірака. Але, як па мне, наяўнасць замежнікаў — гэта норма. Не думаю, што іх знаходжанне ў нашай краіне можа зламаць тут існуючыя механізмы ці інстытуцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.