Толькі 17% дзяржаўных сайтаў пішуць па-беларуску

“Дзяржаўныя органы не хочуць распавядаць, як скардзіцца на іх дзеянні. Менш за 1% публікуюць хоць нейкую інфармацыю, што рашэнні чыноўнікаў можна абскардзіць у судовым парадку”, — юрыст Аляксей Казлюк агучвае вынікі даследавання дзяржаўных сайтаў.

Спецыялісты цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend пагарталі 45 інтэрнэт-старонак міністэрстваў і ведамстваў.

Па законе, сайты мусяць мець рускую і беларускую версіі. Але толькі 8 з 45 такія версіі маюць, даводзіць эксперт:

“Падыходы часам дзіўныя. Сайт Міністэрства замежных спраў мае толькі рускамоўную версію, але напрыканцы любой навіны ёсць спасылка на беларускую версію. А сайт Мінкульта не мае… рускамоўнай версіі”, — тлумачыць юрыст.

Для людзей са слабым зрокам даступная толькі траціна ад 45 дзяржаўных сайтаў. Іншыя старонкі папросту не разглядзяць.

У рэйтынгу сайтаў першае месца аддалі Нацбанку, які выканаў 52% ад патрабаванняў закона. І кожнаму з ведамстваў даследчыкі адправяць рэкамендацыі: што трэба змяняць.

“Дзяржаўныя органы больш, чым на 50% не выконваюць бягучыя патрабаванні заканадаўства. Нагляд за гэтым замацаваны, у тым ліку, і за пракуратурай. І наша даследаванне гаворыць пра тое, што кантроль над гэтай сферай праваліўся. Мы склалі спіс рэкамендацый да кожнага органа, які мае свой сайт”, — расказвае кіраўніца “Цэнтра прававой трансфармацыі” Алена Танкачова.

Яна спадзяецца, што чыноўнікі адкажуць у час, а можа, і прыслухаюцца ды пойдуць на дыялог.

А вось сайт прэзідэнта і інтэрнэт-старонкі судоў даследчыкі пакуль не чапалі, бо “гэта трэба аналізаваць асобна”. Наступны аналіз тых жа самых дзяржсайтаў даследчыкі плануюць у наступным годзе: каб паглядзець што змянілася.

Найлепшы ў Нацбанка, найгоршы ў ААЦ: юрысты склалі рэйтынг сайтаў

Фота: profi-forex.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі