У Баранавічах улады некалькі гадоў не дазваляюць праваабарончыя пікеты

Мясцовы праваабаронца Сяргей Гоўша ў 2012 годзе атрымаў ліст з Камітэта па правах чалавека ААН. У ім — рашэнне на карысць мужчыны ў справе супраць Беларусі. Міжнародная інстанцыя прызнала, што ў далёкім 2006 годзе Баранавіцкі гарвыканкам парушыў правы Гойшы на свабоду меркавання і мірныя сходы. Што можна зрабіць з дадзенай паперай на руках, расказвае сам праваабаронца:

"Улады парушылі патрабаванні артыкулаў 19 і 21 пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН ніхто не выконвае. І такіх рашэнняў на нашу (праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў — Еўрарадыё) карысць ужо многа ёсць. Усе краіны чамусьці выконваюць рашэнне камітэта, толькі адна Беларусь кажа: "Не, гэтае рашэнне нам неабавязковае да выканання — кансультатыўнае".

За два гады правесці хоць адзін пікет у Гойшы не атрымалася. Атрымліваецца, рашэнне Камітэта па правах чалавека не мае аніякай моцы ў краіне, якая з'яўляецца сузаснавальніцай Арганізацыі аб'яднаных нацый.

Прычына, з якой пікеты забараняюцца, — адсутнасць дамовы з праваахоўнымі органамі. Праўда, гэта пярэчыць пастанове Савета міністраў 2012 года. Згодна з ёй, арганізатары масавых мерапрыемстваў не абавязаныя заключаць дамову з міліцыяй, а толькі з ЖЭСам і медыкамі.

Тры месяцы таму Сяргей Гоўша атрымаў, здавалася б, радасны ліст з Брэсцкага аблвыканкама. Пасля шэрагу абскарджанняў кіраўніцтва вобласці паабяцала, што ў  Баранавічах спросцяць працэдуру заяўкі на масавыя мерапрыемствы.

"Усё ж такі дабіў я іх — Брэсцкі аблвыканкам даў каманду Баранавічам: "Выканаць, змяніць сваё рашэнне згодна з пастановай Савета міністраў". Але яны не змяняюць! А што трэба змяніць? Усяго адзін пункт выключыць: каб з міліцыяй не заключаць дамову".

Сяргей Гоўша збіраўся 10 снежня правесці ў Баранавічах акцыю з нагоды Дня правоў чалавека. Гарвыканкам яе забараніў, што цікава — праз адсутнасць дамовы з міліцыяй. Атрымалася, што кансультатыўны характар для мясцовай улады нясе нават рашэнне абласнога кіраўніцтва.

Дарэчы, у самім абласным цэнтры акцыю, хоць і не масавую, але дазволілі. Брэст стаў адзіным горадам, дзе афіцыйна прайшоў пікет да 66-й гадавіны прыняцця Усеагульнай  дэкларацыі правоў чалавека.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі