У чым Грэцыя пайшла на саступкі крэдыторам (відэа)
Яшчэ 30 чэрвеня Грэцыя мусіла выплаціць МВФ 1,6 мільярда еўра, але такіх грошай у краіны няма
Грэцыя ў чацвер накіравала кіраўніцтву Еўрагрупы новы план рэформаў. Ён амаль ідэнтычны таму, які Грэцыі прапаноўвалі крэдыторы яшчэ 26 чэрвеня. Але тады Афіны адхілілі гэтую прапанову і вырашылі правесці рэферэндум. На рэферэндуме 5 ліпеня Грэцыя адмовілася ад умоў эканоміі. 61% тых, хто прагаласаваў, адказаў крэдыторам "не".
На якія змены гатовыя цяпер пайсці Афіны пасля правалу апошніх перамоваў?
Грэцыя прапануе пакінуць да канца 2016 года льготны падатак на дададзеную вартасць для астравоў, за выключэннем найбольш багатых і найбольш наведвальных турыстамі. Раней урад краіны настойваў на захаванні льгот для ўсіх астравоў. Грэцыя гатовая адмяніць шэраг ільгот для сельгасвытворцаў, а таксама павысіць карпаратыўны падатак з 26 да 28 працэнтаў.
Да 2022 года ўзрост выхаду на пенсію будзе ўсталяваны на ўзроўні 67 гадоў. Для будучых пенсіянераў узрастуць выдаткі на медыцынскае страхаванне. А вось выдаткі на армію прапануецца знізіць. Афіны збіраюцца да 2017 года зэканоміць 300 мільёнаў еўра за кошт скарачэння колькасці персаналу і закупак.
Урад прэм'ер-міністра Алексіса Цыпраса таксама згодны павялічыць падатак на раскошу і ўвесці падатак на тэлевізійную рэкламу. Праект рэформаў утрымлівае адразу некалькі пунктаў, супраць якіх грэкі прагаласавалі на рэферэндуме.
Аднак ці можна гэта лічыць капітуляцыяй Алексіса Цыпраса?
Наўрад ці, бо грэцкі прэм’ер дамагаецца ад крэдытораў значна больш істотных саступак, чым былі прапанаваныя Грэцыі раней. У абмен на рэформы Афіны хочуць атрымаць у найбліжэйшыя тры гады фінансавую дапамогу ў памеры 53,5 мільярды еўра, а таксама рэструктурызацыю даўгоў Грэцыі. Грошы пойдуць на пакрыццё абавязанняў перад крэдыторамі.
У чацвер старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск папярэдзіў, што крэдыторы павінныя будуць адказаць на новыя прапановы Грэцыі "рэалістычнымі прапановамі па вырашэнні пазыковага цяжару" краіны.
Лёс краіны-даўжніка вырашыцца ў нядзелю, 12 ліпеня. На саміце ў Брусэлі 28 краінаў-сябраў ЕС будуць вырашаць, ці атрымае Грэцыя новыя пазыкі.
Фота irishtimes.com,hellenicinsider.com