У Гомелі жыхары мікрараёна змагаюцца супраць адчужэння ў сельскую мясцовасць
24 кастрычніка ў Прыбарскай сельскай бібліятэцы мусіў адбыцца сход па пытаннях адчужэння мікрараёна Прыбар Заходні Савецкага раёна Гомеля ў сельскую мясцовасць. На ім павінны былі прысутнічаць старшыня сельсавета, прадстаўнікі гарвыканкама і райвыканкама, а таксама геадэзісты.
У прызначаны час каля бібліятэкі сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, аднак прадстаўнікі ўлады не з’явіліся. Сход быў адменены, але пра гэта загадзя ведаў толькі старшыня вулічнага камітэту. Жыхары правялі каля бібліятэкі ўласны сход з пераабраннем вулічкаму.
З 1990-х гадоў Прыбар паводле дакументаў знаходзіўся ў падпарадкаванні горада Гомеля, і жыхары не жадаюць адміністратыўным шляхам “перасяляцца” ў вёску.Гэта пацвярджаюць вынікі папярэдняга сходу ў студзені 2015 года, дзе 137 чалавек з 138 выказаліся супраць пераводу мікрараёна ў падпарадкаванне Гомельскага раёна. Аб прычынах супраціву распавёў удзельнік сходу Кірыл Сінельнікаў:
Сінельнікаў: “Людзі супраць, таму што вельмі шмат губляюць. У першую чаргу — фінансава. Многія атрымлівалі ўчасткі як у горадзе, стаялі ў чарзе ў горадзе. То бок, кошт гэтых участкаў рэзка падае. Паколькі горад Гомель з’яўляецца бруднай зонай, адразу ж ільготы для дзяцей — дзіцячыя садкі, школы — адмяняюцца”.
Апроч таго, насельніцтва мікрараёна баіцца пагаршэння сацыяльнай інфраструктуры. Марына Ласько стаяла на ўліку тых, хто мае патрэбу ў жыллі, і атрымала гарадскі ўчастак у Прыбары:
Ласько: “Я выпісвалася з Савецкага раёна ў Савецкі раён. Я магла пайсці набыць сабе дом у якой-небудзь вёсцы і не будавацца. Я зараз, атрымліваецца, тут будуюся, але для чаго? Каб сярод поля дзе-небудзь апынуцца? Каб мае дзеці па вуліцы цягаліся? Хутка будзем у брудзе па вушы сядзець. Зараз снег выпадзе, а нам ніхто чысціць нічога не будзе. Мы не выедзем нават на працу адсюль. А яшчэ і прыбяруць гэтыя аўтобусы”.
На мінулым сходзе ўлады, па словах прыбарцаў, казалі, што вызначэнне межаў гарадской забудовы выклікае цяжкасці. І гэта цягнецца ўжо з 1990-х гадоў. Час прайшоў, аднак людзі дагэтуль застаюцца ў невядомасці:
Сінельнікаў: “Нас проста праігнаравалі. З намі не хочуць кантактаваць. Нашае меркаванне, значыць, не мае значэння. Значыць, будуць нейкімі мерамі прымаць рашэнне ў абыход людзей”.
Пра тое, што сёння мікрараён застаецца далучаным да горада, сведчаць, напрыклад, плацежныя паведамленні, якія прыходзяць жыхарам. На картах Прыбар таксама адзначаны ў гарадской рысе. Аднак транспартная сувязь і інфраструктура дагэтуль не адпавядаюць гарадской. За іх паляпшэнне, а таксама за тое, каб пытанне перадачы мікрараёна ў сельскую мясцовасць больш не падымалася, жыхары плануюць змагацца далей.