У Лагойску Міністэрства прыродных рэсурсаў выступіла супраць Мінкульта
Гісторыя з высечкай 16 дрэваў у мясцовым парку можа перарасці ў сапраўдны скандал з удзелам чальцоў урада.
Высечка дрэваў у 200-гадовым парку
“Іду праз парк. Гляджу — яны дрэвы сякуць. Дрэвы немаленькія. Яны, можа, і не 200-гадовыя, але зусім не кусты. Гадоў па 70-80 ім. І рабочыя гэтыя паміж сабой: “Гэтае пілуем, гэтае не пілуем”. То бок яны, відаць, нават самі вырашалі, што спілоўваць”, — расказвае жыхар Лагойска Аляксей Вайткун.
Днямі Вайткун атрымаў з Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ліст — адказ на пісьмовы зварот. Дрэвы пілавалі ў “Батанічным парку-помніку мясцовага значэння”. З ахоўнай шыльдай і афіцыйным статусам. Тут нават захаваліся рэшткі сядзібы графа Тышкевіча, а некаторым дрэвам па 200 гадоў.
У адказе на запыт у міністэрства Аляксею нечакана тлумачаць, што правялі праверку і высветлілі: мясцовы філіял “Мінскаблдарбуда” незаконна вырубіў 16 дрэваў, чым нанёс непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю ў асабліва буйным памеры — ажно на 508 базавых велічынь. Гэта больш за 5 тысяч долараў.
А самае цікавае, што ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў на гэтым нібыта не супакоіліся і паабяцалі матэрыялы праверкі накіраваць у Лагойскую пракуратуру. Маўляў, дзеянні рабочых падпадаюць пад 174 артыкул Крымінальнага кодэкса.
“Дасылайце адказ — будзем разбірацца”
Пракурор Лагойскага раёна Валянцін Хмуровіч даведваецца аб незаконна спілаваных дрэвах ад Еўрарадыё:
“Я б вам усё расказаў, але пакуль не ведаю, аб чым гаворка. Пакуль я не атрымліваў такога ліста. Дашліце мне яго факсам, альбо хай той чалавек, які дасылаў запыт, прыйдзе да нас і пакажа. Тады абавязкова будзем разбірацца”, — расказвае пракурор.
Аляксей Вайткун гатовы наведаць пракуратуру і аднесці туды ліст з Міністэрства прыродных рэсурсаў. Калі гэта адбудзецца, то тэарэтычна справа можа дайсці да суда, і за спілаваныя дрэвы рабочым ДРСУ пагражаюць рэальныя тэрміны. Што стане сапраўдным прэцэдэнтам для Беларусі.
“Нам гэтыя дрэвы спілаваць дазволіла Міністэрства культуры. З трэцяй спробы”
Паразмаўляць з начальнікам ДРСУ 165 Яўгенам Шабуняй атрымліваецца толькі на другі дзень. Затое прадуктыўна. Шабуня ў курсе гісторыі з дрэвамі, гаворыць, што дзейнічаў абсалютна законна, паводле афіцыйнага праекта. “Гэты праект прайшоў дзяржаўную экспертызу. Ёсць заключэнне абласной экалагічнай службы, ёсць узгадненне з Міністэрствам культуры”, — даводзіць будаўнік.
І расказвае, што дрэвы давялося спілаваць, бо без гэтага немагчыма было правесці рэканструкцыю стадыёна, які знаходзіцца ў парку. А з Мінкультам акурат было шмат праблем — там зацвердзілі праект толькі з трэцяй спробы. Відаць, таксама дрэвы шкадавалі. “Я разумею, што шкада дрэваў. Мне таксама. Але іх карані ўжо нават на газон вылазілі. Нельга было ж так пакідаць. Мы і трыбуны хочам абнавіць, потым судзейская з'явіцца”, — расказвае пра планы дырэктар ДРСУ Шабуня. І адначасова скардзіцца, што ўся спартыўная інфраструктура ў раёне засталася яшчэ з 80-х. А мясцовыя хлопцы скідваюцца і ездзяць пагуляць у футбол ажно ў Раўбічы.
Вось такая гісторыя. Чым скончыцца завочнае супрацьстаянне двух міністэрстваў, цяпер наўпрост залежыць ад раённай пракуратуры і персанальна ад яе начальніка пракурора Валянціна Хмуровіча. Ён абяцаў расказаць аб сваім рашэнні.