У Мінархітэктуры — ідуць на прыём, у Міністэрства ЖКГ — пішуць на e-mail

На падыходзе да Дома ўраду пытаю ў ахоўніка, дзе тут інфакіёск для зваротаў грамадзян. Той здзіўляецца, але прапускае ў фае будынку са словамі “Паглядзіце, можа быць, там”.

У фае яшчэ адзін ахоўнік. Пра новае слова тэхнікі ў камунікацыі паміж чыноўнікамі і грамадзянамі той ведае. Але мяркуе, што там толькі інфармацыя. Ніякіх запытаў.

Чорнага колеру інфакіёск знешне нагадвае звычайны тэрмінал, дзе можна грошы на мабільнік пакласці. На экране — амаль сайт Савету міністраў. Можна пачытаць навіны, прагледзець структуру апарата і… напісаць запыт. Тое, што мне трэба.

Уводжу імя, прозвішча, электроны і звычайны адрас, а таксама індэкс. Потым — кароткі змест пытання і ўсё пытанне цалкам. Форма запыту такая ж, як на сайце Саўміна, калі дасылаеш электронны запыт праз інтэрнэт. На ўсё ў мяне сыходзіць каля 10 хвілін.

Ахоўнік з фае Дома ураду падыходзіць пацікавіцца, ці ўдаецца мне даслаць запыт. Атрымаўшы станоўчы адказ — здзіўляецца!

Аказваецца, за яго змены на ахове будынку новым словам тэхнікі скарыстаўся я адзін.

У міністэрстве жыллёвай гаспадаркі інфакіёск для запытаў пакуль не паставілі. Калі саўмінаўскі будзе папулярны, зробяць, абяцаюць мне ў міністэрстве:

“Людзі карыстаюцца і пісьмовымі, і электроннымі. За месяц каля паўсотні запытаў, і тых, і тых. Але цяпер больш электронных прыходзіць. Часам, і ў дзве гадзіны ночы чалавек дасылае”.

І канстатуюць, што сёлета запытаў ад грамадзян на 6% меней, чым было летась.

Міністэрства культуры запыты ад грамадзян адразу падлічыць не можа.

А вось у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва людзі самі ідуць, без усялякіх запытаў, на прыём да міністра. Каб дакладна пачулі.

“У міністра і ў намеснікаў, калі прыёмны дзень, ніколі няма “фортак”. Усё ад і да запісваецца, бо хочуць асабіста трапіць на прыём. Але лістоў таксама нямала прыходзіць”, — тлумачаць мне ў міністэрстве.

Сёлета Беларусь плануе патраціць 1,2 мільёны долараў на стварэнне электроннага ўраду. Відаць, у гэтыя ж грошы ўпісаўся і інфакіёск ў Доме ураду.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі