У жніўні кошты на прадукты… панізіліся

Панізіліся не нашмат — на 0,6%!

“Гэта звычайная з'ява для жніўня, патанненне носіць сезонны характар. Такая ж сітуацыя назіралася ва ўсе гады, калі інфляцыя складала меней за 10% ці каля гэтага”, — гавораць Еўрарадыё ў Белстаце.

Апошні раз такое было ў… жніўні 2009 года, то бок чатыры гады назад! Паводле падлікаў Белстата, жнівеньскія кошты падалі  і ў 2004-2006 гадах.

Зараз - чарговае патаненне. Напрыклад, бульба, якой у спажывецкім кошыку беларусаў каля 10 кілаграм у месяц, патаннела адразу на 28%, а садавіна — на 20%! Патаннела таксама гарбата — на 1%, мяса — 0,2%. Падаражэлі ж такія прадукты, як мука — на 3,3%, яйкі — на 2,3%, хлеб — на 2%, рыбныя кансервы і цыгарэты — на 1,4%.

"Ну, зразумела, што зараз садавіна-гародніна будзе таннець. Бо ўсе пачалі капаць бульбу, збіраць ураджай. Але кошт бульбы ў нашай краме не асабліва змяніўся — у раёне 4000-4600 рублёў за кіло ў залежнасці ад пастаўшчыка", - кажа прадаўшчыца Наталля з гандлёвай сеткі "Суседзі".

Наперакор статыстыцы, згодна з якой мяса і курка патаннелі, у краме гавораць, што мяса даражэе!

"Не ведаю, як рассек, але абвалка вырасла ў коштах. Грудзінка, да прыкладу, была па 32 тысячы за кіло, а стала 38 тысяч. Курка тушка каштавала 24 тысячы за кіло, а стала — 27 тысяч", — заўважае прадаўшчыца з "Суседзяў".

Дзяўчына з ходу пералічвае, што ў апошні час падаражэлі цыгарэты, гарэлка, хлеб "і "малочка" пастаянна патроху расце".

На вуліцах пытанне Еўрарадыё, ці адчулі беларусы, што кошты на бульбу ды садавіну ўпалі здзіўляюцца...і больш скардзяцца на рост коштаў. 

"Як гэта знізіліся? Растуць кошты, і вельмі з вялікай хуткасцю, на штодзённыя прадукты. Мяса? Вось на мяса не вельмі заўважна”, мінчанін Мікалай на вуліцы на паход у краму "па самыя неабходнае" траціць 100-150 тысяч рублёў.

Мінчанка Таццяна таксама адмоўна круціць галавой, калі пытаюся, ці заўважыла яна, што прадукты таннеюць. Але калі чуе, што так сказалі ў афіцыйных навінах, пагаджаецца:

“Калі сказалі па навінах, што патаннела, я веру. Але не заўважаю”.

Між тым, у крамах адзначаюць: пакупнікі меней затарвацца не сталі — бяруць стандартны набор прадуктаў.

“Менш прадуктаў браць не сталі. Купляюць малако, хлеб, агуркі-памідоры, курку”,  — заўважаюць у “Суседзях”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі