Украінскі афіцэр крытыкуе ўладу ў Кіеве і кажа пра вайсковую акупацыю
Капітан другога рангу ўкраінскіх Ваенна-марскіх сілаў Дзмітро Ветгілецкі распавёў пра падзеі ў Севастопалі ў эфіры espreso.tv.
Ён запярэчыў журналісту, што адбылася "правакацыя", падкрэсліў: "26 лютага Расія вераломна напала на Украіну" і частка тэрыторыі ўжо "захоплена акупацыйнымі войскамі Расійскай Федэрацыі".
"Наша частка адбіла шэсць атак, — распавядаў Дзмітро Ветгілецкі. — Частку абаранялі 83 чалавекі. Мне трохі сорамна, але каб зберагчы мір, мы пусцілі расійскія войскі ў частку. Была падпісаная дамова, што яны заходзяць у частку, але частка застаецца пад нашым кантролем і ніхто агрэсіі не выяўляе, але папера, на якой напісаная дамова з Расіяй, каштуе больш, чым самая дамова".
Паводле слоў афіцэра, расійскія спецназаўцы збівалі ўкраінскіх вайскоўцаў. "Мы змаглі вывесці ўсе караблі ў Адэсу", — дадаў ён.
Таксама Дзмітро Ветгілецкі заявіў, што, на яго думку, новыя кіраўнікі Украіны пакінулі вайскоўцаў на волю лёсу, не даючы ім адпаведных загадаў.
Фота — Reuters