Вайны плакатаў не будзе — у кандыдатаў на іх няма грошай

Вайны плакатаў не будзе — у кандыдатаў на іх няма грошай

Тры тыдні да выбараў, а агітацыйныя стэнды ў Мінску амаль пустыя. Толькі ў цэнтры можна ўбачыць плакаты Сяргея Гайдукевіча ці Мікалая Улаховіча. На фоне прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, калі на тых стэндах месца ўсім жадаючым папіярыцца не хапала і плакаты кандыдатаў наклейвалі адзін паверх другога, сённяшняя сітуацыя выглядае нонсенсам. У чым прычына?


Найперш, яна ў змене выбарчага заканадаўства. Калі раней кожнаму кандыдату Цэнтрвыбаркам выдаткоўваў пэўную суму грошай на выраб агітацыйнай прадукцыі, то на гэтых грошы нікому не даюць: агульную для ўсіх кандыдатаў улётку ЦВК надрукуе сам і поштай дашле кожнаму выбаршчыку разам з запрашэннем прыйсці на выбарчы ўчастак. А на гэтыя стэнды кандыдаты могуць клеіць плакаты, якія зробяць за свае грошы. Дакладней, за грошы, якія пералічаць у іх выбарчы фонд.


На 16 верасня грошы ёсць толькі ў выбарчых фондах Таццяны Караткевіч і Аляксандра Лукашэнкі — 400 тысяч рублёў і 202 мільёна 360 тысяч рублёў адпаведна. У фонд Караткевіч грошы пералічылі тры чалавекі з Салігорска, Наваполацка і Гомельскай вобласці. Усе — мужчыны. А вось у выбарчы фонд дзеючага кіраўніка краіны грошы пералічвалі як прыватныя асобы, так і юрыдычныя: тут табе і адкрытыя акцыянерныя таварыствы, і закрытыя, і прыватныя фірмы. На рахунку Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Улаховіча — нулі.


Гэта проста звесткі на сайце ЦВК не абноўленыя, а так, на рахунку ў Сяргея Гайдукевіча ўжо каля 50 мільёнаў, супакойвае мяне намеснік лідара ЛДПБ Алег Гайдукевіч.


“Плануем бігборды. Цяпер на этапе ўзгаднення гэта знаходзіцца. Ужо і макет выбралі, і месцы вызначылі: яны будуць на кальцавой дарозе і плануем павесіць у горадзе. Спачатку павесім 5 бігбордаў, а пасля таго, як павесім, паглядзім, як гэта глядзіцца — павялічым колькасць”.


На бігбордах будзе толькі выява кандыдата і слоган “За моцную Беларусь”. Кошт аднаго бігборда вагаецца ад 300 да 1500 долараў: “Залежыць ад месца і ад расцэнак — у кожнага прадпрымальніка яны розныя”, — тлумачыць Алег Гайдукевіч. А потым выдае загадкавую фразу: “І скідка нам прадугледжваецца — у нас вельмі добрыя ўзаемаадносіны з прадпрымальнікамі. Таму я думаю, што мы гэтыя пытанні вырашым”.


У штабе Таццяны Караткевіч не асабліва разлічваюць на дзясяткі мільёнаў рублёў ахвяраванняў ад яе прыхільнікаў. І таму агітацыйныя планы ў іх сціплыя, прызнаецца кіраўнік штаба кандыдата Андрэй Дзмітрыеў.


“З’яўленне нейкіх агітацыйных фішак будзе залежаць ад таго, ці атрымаем мы сродкі ад грамадства. Уся друкаваная прадукцыя будзе цалкам вырабляцца на тое, што нам ахвяруе грамадства на дапамогу Таццяне Караткевіч для агітацыі”.

Вайны плакатаў не будзе — у кандыдатаў на іх няма грошай
Фота зробленае 21 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску

Што ж можна зрабіць на тыя 400 тысяч рублёў, што ёсць на рахунку Караткевіч сёння? Невялікую колькасць плакатаў фармату А5 з базавай інфармацыяй пра кандыдата, прызнаецца Дзмітрыеў.


Такая ж сітуацыя з фінансаваннем кампаніі і ў казацкага атамана Мікалая Улаховіча, са смехам прызнаецца яго начштаба Міхаіл Образаў.


Міхаіл Образаў: “Бігборды і расцяжкі — гэта грошы, а ў нас грошай няма! Таму, мы будзем усё ж такі клеіць (відаць, маюцца на ўвазе агітацыйныя ўлёткі Улаховіча, — Еўрарадыё) і сустракацца з гэтымі самымі… з выбаршчыкамі ў гэтых… у памяшканнях”.


На што плануюць пусціць сотні мільёнаў з выбарчага фонду Аляксандра Лукашэнкі, даведацца не атрымліваецца. Тым не менш, у продажы ўжо заўважаныя майкі са слоганам выбарчай кампаніі кандыдата Лукашэнкі: “За будучыню незалежнай Беларусі!”. 

Вайны плакатаў не будзе — у кандыдатаў на іх няма грошай

Майкі гэтыя, вырабленыя фабрыкай “Світанак”, прадаюцца, да прыкладу, у сталічных ЦУМе і ГУМе, у аддзеле продажу нацыянальнай сімволікі. Каштуюць 104 200 рублёў, а з каўняром — 193 200 рублёў. Праўда, у ГУМе майкі з выбарчым слоганам кіраўніка краіны сарамліва прыкрылі майкамі нейтральнымі — з надпісам “Беларусь”. Так што, калі хочаце набыць, то шукайце ўважліва.

 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі