Выказваем заклапочанасць: Меркель у Крамлі і сітуацыя ў Афганістане

Агляд навін / калаж Еўрарадыё
Агляд навін / калаж Еўрарадыё

Мы занадта мала размаўлялі пра Афганістан, таму цяпер мы гаворым пра яго кожны дзень.
 

Чаму эвакуявацца з Кабула трэба хутка

Нямецкая вяшчальная кампанія Deutsche Welle паведаміла, што талібы забілі блізкага сваяка іх журналіста. Іншым сямейнікам удалося застацца незаўважанымі, цяпер яны хаваюцца. Дамы як мінімум трох журналістаў нямецкай кампаніі талібы ператрэслі.

У дзень, калі Кабул захапілі, DW і іншыя буйныя нямецкія СМІ заклікалі ўрад Германіі дапамагчы ў эвакуацыі сваіх афганскіх супрацоўнікаў. Падпісанты ліста папярэдзілі, што "жыцці гэтых пазаштатных супрацоўнікаў цяпер у сур'ёзнай небяспецы".

"Нават жыццё ў Кабуле стала надзвычай рызыкоўным для супрацоўнікаў міжнародных СМІ", — гаворыцца ў лісце.

У небяспецы не толькі журналісты, але таксама перакладчыкі і іншыя афганцы, якія дапамагалі замежным войскам і замежным журналістам.

Талібы казалі, што яны не будуць помсціць, але сусветных лідараў зноў і зноў просяць максімальна паскорыць эвакуацыю людзей, якія могуць расплаціцца жыццём за працу супраць "Талібана".
 

Афганістан на адлегласці выцягнутай рукі

На першай паласе CNN выходзіць калонка Ніка Уолша. Гэта журналіст, які пісаў пра Афганістан — і ў тым ліку з Афганістана — апошнія 15 гадоў.

"Тыя на Захадзе, хто камфортна сядзіць за экранамі, глыбока ўздыхае і задаецца пытаннем, чаму самая доўгая вайна Амерыкі правалілася [...], спытайце сябе: калі вы апошні раз думалі пра Афганістан?" — піша Уолш.

Ён кажа, што апошнія 5-6 гадоў задача ЗША ў Афганістане была ў тым, каб адцягнуць сённяшні дзень, каб працягнуць мірныя перамовы з талібамі. Пра тое, што трэба выводзіць войскі, сказаў першым Барак Абама — ішоў 2014 год. Ці можна было гэта зрабіць, унікнуўшы хаосу? Учора Байдэн сказаў, што гэта было немагчыма.

Адміністрацыя магла разлічваць толькі на тое, што амерыканцы так стаміліся ад расказаў пра Афганістан, што проста не заўважаць, як усё пройдзе. І хаосу не заўважаць.

І нішто не прадвяшчала, што яны заўважаць: супраць вываду войскаў яшчэ ў красавіку выступала ўсяго 16% амерыканцаў. Дарэчы, і сёння каля паловы амерыканцаў лічыць, што войскі трэба было вывесці.

"Я ўспомніў пра розніцу паміж амерыканскім Афганістанам і рэальным Афганістанам за драцянымі агароджамі, калі стаў сведкам эвакуацыі кабульскага аэрапорта на гэтым тыдні", — працягвае журналіст.

Амерыканцы, якія працавалі ў аэрапорце, могуць у поўнай меры не ўяўляць, наколькі дрэнна за яго межамі, чаму людзі так адчайна спрабуюць пранікнуць на борт самалёта.

Уолш называе гэта сімвалам таго, як Амерыка гадамі трымала афганцаў на адлегласці выцягнутай рукі.

Лічбавыя гіганты спрабуюць дапамагчы афганцам

Амерыканскія войскі і сам урад збіралі ў афганцаў велізарную колькасць біяметрычных звестак: людзі здавалі адбіткі пальцаў, сканавалі сятчатку вока. Сярод іншага гэтая сістэма выкарыстоўвалася, каб пацвердзіць, што чалавек працаваў з вайскоўцамі ЗША.

Цяпер ёсць асцярогі, што прылады, з дапамогай якіх гэтыя звесткі можна счытаць, трапілі ў рукі талібаў. У аўторак сайт навін Intercept паведаміў са спасылкай на вайсковыя крыніцы, што ў талібаў ёсць прылады HIIDE. А жыхар Кабула расказаў Reuters, што талібы праводзяць праверкі дамоў з выкарыстаннем "біяметрычнай машыны".

Усё яшчэ ёсць сумневы ў тым, што талібы змогуць атрымаць доступ да ўсяго масіву інфармацыі. Пра гэта кажа ў размове з ВВС журналістка і пісьменніца Эні Якабсэн, якая займалася даследаваннямі ваеннай біяметрыі. Звесткі з прылад HIIDE захоўваюцца не ў Афганістане, а ў аўтаматызаванай біяметрычнай сістэме Пентагона. І яна вельмі добра абароненая.

Талібам прасцей, кажа Якабсэн, скарыстацца сацыяльнымі сеткамі. На шчасце, фэйсбук ужо паклапаціўся пра людзей. Ён увёў новыя меры бяспекі для карыстальнікаў, якія знаходзяцца ў Афганістане. Цяпер тыя, хто знаходзіцца ў краіне, могуць у адзін клік заблакаваць свой профіль. І спісы сяброў у карыстальнікаў, якія знаходзяцца ў Афганістане, таксама больш нельга праглядаць.
 

Браты і сёстры

У кітайскіх сем'ях цяпер можа быць больш як трое дзяцей. КНР афіцыйна перагледзела свае законы. А яшчэ ў Кітаі адмянілі "сацыяльны ўзнос на ўтрыманне" — штраф, які шлюбныя пары плацяць, калі ў сем'ях больш за дазволеную колькасць дзяцей.

У 2016 годзе краіна адмовілася ад сваёй шматгадовай палітыкі, якая дазваляла сем'ям мець толькі адно дзіця. Сем'ям дазволілі мець двух дзяцей, але гэта не прывяло да ўстойлівага росту нараджальнасці.

Паглядзім, што будзе пасля прыняцця новага закона.
 

Беларусь і свет

Уладзімір Пуцін падарыў кветкі Ангеле Меркель. Цяпер яе чакае абед. Працоўны абед. Пасярод якога ў канцлера зазваніў тэлефон. Пуцін пажартаваў, маўляў, пастаянна даводзіцца знаходзіцца "ў тэлефонным кантакце". Цікава, ці званіў сёння тэлефон у самога Пуціна, бо сярод іншых тэм плануецца абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі