Выказваем заклапочанасць: прэзідэнты ляцяць у Нью-Ёрк, а ўсюдыход на Месяц
Коратка пра свет / Еўрарадыё
Кароткі пераказ сусветных навін чытайце ў рэгулярных аглядах Еўрарадыё. З іх вы даведаецеся, што будзе, калі прыехаць у Нью-Ёрк без прышчэпкі.
Макрон не прыляціць у Нью-Ёрк
Францыя не збіраецца рабіць выгляд, што нічога не здарылася. Пакт АУКУС, які заключылі ЗША, Вялікабрытанія і Аўстралія, павінен быў змацаваць супрацоўніцтва гэтых краін, а замест гэтага падарваў давер паміж ЗША і ЕС.
Праблемы, як вядома, трэба прагаворваць. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо папрасіў пра перамовы з Эмануэлем Макронам, каб наладзіць адносіны. У інтэрв'ю СNN прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен таксама ўсё выразна прагаварыла:
"З адной з нашых краін-удзельніц абыходзіліся непрымальна, таму мы хочам ведаць, што адбылося і чаму".
І запатрабавала растлумачыць сітуацыю, перш чым вяртацца да працы ў звычайным рэжыме. Сам Эмануэль Макрон пакуль да звычайнага рэжыму вяртацца таксама не мае намеру: у Нью-Ёрк на пасяджэнне асамблеі ён не паедзе.
Піцу на вынас для прэзідэнта
А вось прэзідэнт Бразіліі, перакананы кавід-дысідэнт Жаір Балсанару ў Нью-Ёрк прыляцеў. І сутыкнуўся з праблемай усіх кавід-дысідэнтаў у Нью-Ёрку.
Рэч у тым, што Балсанару не прышчэплены, а значыць, не можа сабе дазволіць зайсці ні ў адзін рэстаран. Без пашпарта аб вакцынацыі абедаць унутры нельга.
Спярша Балсанару знялі на вуліцы з піцай у руках. Тады гэта растлумачылі непатрабавальнасцю прэзідэнта. А на наступны дзень ён абедаў у бразільскім рэстаране, які адгарадзіў для прэзідэнта частку тратуара чорнымі фіранкамі. Балсанару заказаў добра прасмажаную піканью — ялавічную выразку.
У Канадзе — як у Амерыцы
Джасцін Трудо правёў датэрміновыя выбары. Ён узначальваў урад меншасці і гэтым разам спадзяваўся атрымаць большасць. Яго сапернікі, кансерватары, назвалі гэта спробай "хуткага захопу ўлады". Але захопу не выйшла: большасці Трудо не атрымаў. А 600 мільёнаў канадскіх долараў на выбары выдаткаваў.
Яшчэ нядаўна мы расказвалі пра тое, як выбаршчыкі кінулі ў спіну Джасціну Трудо жменю дробных каменьчыкаў. І перажывалі: няўжо палітыка ў самых запамінальных шкарпэтках не возьмуць у прэм'еры на трэці тэрмін?
Каменьчыкі прыляцелі ад дэманстранта, незадаволенага яго шляхам барацьбы з пандэміяй. Але ёсць і больш глабальныя пытанні, якія на гэтых выбарах раскалолі канадцаў. СNN нават параўноўвае сітуацыю з амерыканскай, дзе па шэрагу пытанняў грамадства максімальна палярызаванае.
Так, канадцы не згаджаюцца ў пытаннях права на нашэнне зброі, права на аборты і не сыходзяцца ў поглядах на праблему змены клімату.
Праціўнікі Трудо кажуць, што ён думае толькі пра сябе — інакш не прызначыў бы гэтыя непатрэбныя выбары ў разгар пандэміі. Трудо, дзякуючы якому, зрэшты, у нацыі высокія паказчыкі вакцынацыі, адказвае: хай гэтыя прыхільнікі зброевага лобі і антыпрышчэпачнікі атакуюць яго, ён працягне працаваць дзеля канадцаў.
Ліберальная партыя Трудо ўсё ж сфармуе наступны ўрад. Кансерватары прайгралі. І прэм'ер паабяцаў правесці Канаду праз пандэмію ў светлыя дні.
Ці ёсць вада на Месяцы?
Ёсць, і ўсюдыход NASA хутка адправіцца на яе паглядзець. Памер усюдыхода — прыкладна як у вялікага электрасамаката. Ён будзе шукаць лёд ля кратара на паўднёвым полюсе Месяца.
Рэч у тым, што вада на Месяцы ёсць толькі ў форме лёду. Але яе ў тэорыі можна нават піць. А вось ці лёгка, ці складана здабыць гэтую ваду, высветліць усюдыход.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.