Як прыйшла на датэрміновае галасаванне? Добраахвотна-прымусова!
Яшчэ няма дзесяці гадзін – менавіта з гэтага часу пачынае працу ўчастак для галасавання №56, што ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, а пад дзвярыма няхай яшчэ не чарга, але некалькі студэнтаў стаяць. Асноўная маса студэнтаў, па дзесяць-дваццаць чалавек — падыдуць у перапынку паміж парамі.
Студэнтка трэцяга курса Крысціна ўголас аб’яўляе, што прыйшла на выбары – выканаць свой грамадзянскі абавязак!
“Галасаваць павінны ўсе, бо гэта наш уклад у сістэму. Новы венік гэта, канешна, добра, але са старым спакойней, − кажа Еўрарадыё Крысціна. Датэрмінова дзяўчына галасуе з меркантыльных мэтаў: “Бо нам сказалі, што мы можам паехаць раней дамоў”.
І тут жа чую абураны голас хлопца з натоўпу: Вось узяла і здала ўсіх!
Крысціна папраўляецца: Прыйшла датэрмінова, бо потым будуць чэргі.
Сяброўка Крысціны трэцякурсніца Насця з Мінска жыве ў бацькоў, на выбары пойдзе 11 кастрычніка.
“Я мінская і пайду галасаваць у дзень выбараў. Азнаёмілася з іх праграмамі і выбрала па душы”, − кажа Настасся.
Іду па калідоры і чую, як выкладчык ловіць студэнтаў на лесвіцы і просіць прагаласаваць: называе час працы выбарчага ўчастка, перапынкі і нагадвае захапіць на ўчастак пашпарт.
Студэнты на перапынках валяць на ўчастак для галасавання: хто ідзе моўчкі, хто з натхняльнымі воклічамі: “Іду на выбары! Іду галасаваць!”. Нават не спрабую пытацца, за каго яны будуць галасаваць, студэнты кажуць мне пра гэта самі, нават падкрэсліваюць, чаму выбіраюць свайго кандыдата: “Каб не было вайны і каб было стабільна”.
“Просьба куратара прыйсці і прагаласаваць датэрмінова, − кажа студэнтка Насця. Яна яшчэ не ведае, ці будзе выхадны за гэта, але такой перспектыве радая. “Я б прыйшла менавіта ў той дзень, калі гэта афіцыйна. А тут папрасілі! Усе робяць у асноўным датэрмінова, таму хочацца як усе”.
За каго Насця будзе галасаваць, яна ўжо ведае, бо больш упэўненая ў ім: “Ён многа чаго зрабіў для дзяржавы, і падкупляе вопыт”.
Сёння ва ўніверсітэце асаблівая атмасфера. На перапынку толькі і размовы пра выбары.
Крысціна ідзе галасаваць са словамі “Добраахвотна-прымусова прыйшла. А кандыдата выбірала, бо кандыдат абаяльны!”.
Пяцікурсніца Наталля яшчэ не вызначылася, за каго пойдзе галасаваць:
“Выберу ў кабінцы. Ведаю, што ёсць жанчына, два ці тры мужчыны, але ці мой голас нешта вырашыць?” − пытаецца ў мяне Наталля. Калі дзяўчына бачыць, што дыктафон выключаны кажа словы пра кожнага кандыдата. Самай яркай называе Таццяну Караткевіч:
“Жанчына добрая, маладая, яна нешта можа! У яе энергія. А навошта ў палітыку ідуць гэтыя старыя? Што яны могуць?”
Пакуль апытваю студэнтаў, атрымліваю заўвагу ад старшыні выбарчай камісіі:“Вы тут працуеце назіральніцай? А вы маеце права задаваць такія пытанні?”
Вось участак для галасавання ў Архітэктурным каледжы Мінска. За 45 хвілін пасля адкрыцця прагаласавала ўжо 25 чалавек.
Пытаю ў студэнта каледжа, чаму галасуе датэрмінова:
"Гэта мой грамадзянскі абавязак", — ганарліва адказвае той.
Еўрарадыё: А ў чым абавязак? Прагаласаваць можна і ў дзень выбараў.
— Ну я дадому хачу паехаць проста.
Еўрарадыё: І дома можна ж таксама прагаласаваць…
— Ну я не ведаю.
Затое ў Тэхналагічным каледжы на ўчастку галасавання… пуста.
Скрыня, на дзіва, празрыстая. У ёй — адзін бюлетэнь. За 40 хвілінаў толькі адзін выбаршчык!
Можа быць таму, што інтэрнат ад гэтага каледжа па іншым адрасе. І там свой участак для галасавання.