З беларускіх аптэк зніклі замежныя лекі ад грыпу. Тлумачым, чаму

З беларускіх аптэк зніклі замежныя лекі ад грыпу. Тлумачым, чаму

З беларускіх аптэк знікаюць замежныя лекі супраць грыпу. Слухачы Еўрарадыё не могуць набыць у Мінску супрацьпрастудныя парашкі "Колдрэкс" і "Фервекс". І гэта ў сезон халадоў, калі кожны другі пачынае кашляць, а на гарызонце маячыць прывід эпідэміі...

На спецыялізаваных форумах абмяркоўваецца знікненне іншых замежных прэпаратаў: "Гасталу" і "Фіналгону". Ужо даўно не з'яўляліся ў продажы кроплі для вушэй "Аціпакс". Што адбываецца?

Пастаўшчык "Колдрэкса" у Беларусі — кампанія "GSK Belarus". У іх прадстаўніцтве Еўрарадыё распавялі, што рэгістрацыя прэпарата ў нашай краіне дзейнічае да 4 студзеня, і працягваць яе не плануюць. Адпаведна, спыняюцца і пастаўкі. Прычыны такой сітуацыі яны вырашылі не тлумачыць.

Латвійскі прэпарат "Неафлю", аналаг "Колдрэкса", які пастаўляецца ў Беларусь кампаніяй "Олайнфарм", таксама знік з аптэк. У прадстаўніцтве гэта патлумачылі тым, што спецыяліст, які займаўся рэгістрацыяй лекаў... звольніўся:

“Пакуль у нас няма супрацоўніка, які б займаўся гэтымі лекамі. Таму ў бліжэйшы час яны не вернуцца ў Беларусь”.

Прадстаўніцтва румынскай кампаніі S.C. Rompharm Company, якое прывозіла прэпарат “Орвіфлю” наогул апынулася расфармаваным.

"Фервекс" у дзяржаўным рэгістры лекавых сродкаў увогуле не згадваецца . На якіх падставах ён прадаецца ў Беларусі?

З беларускіх аптэк зніклі замежныя лекі ад грыпу. Тлумачым, чаму

У Беларусі на дадзены момант зарэгістраваныя 32 супрацьпрастудныя прэпарата, склад якіх у той ці іншай ступені паўтарае “Колдрэкс”. Адрозненне ў вытворцы. 14 прэпаратаў — замежнай вытворчасці. За выняткам чатырох, яны прадстаўленыя ў беларускіх аптэках.

Чым айчынныя прэпараты адрозніваюцца ад замежных? Асноўная розніца ў тым, што ў склад большасці беларускіх прэпаратаў уваходзіць антыгістамінны сродак “Фенірамін”, сярод пабочных дзеянняў якога "зніжэнне хуткасці псіхаматорных рэакцый, пачуццё стомленасці, санлівасць". Таму ўважліва глядзіце на склад перад тым, як купляць лекі: калі вы кіруеце машынай, дык можаце апынуцца ў няёмкай сітуацыі.

"Белфармацыя", асноўны закупшчык і пастаўшчык лекаў у Беларусі, адмовілася каментаваць сітуацыю без дазволу Мінздароўя. Еўрарадыё накіравала ў ведамства запыт і будзе працягваць сачыць за сітуацыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі