Ад заходу да світання за 750 рублёў у месяц: дзень з жыцця фельчара хуткай
103: гатовыя прыйсці на дапамогу / Еўрарадыё
8 гадзін раніцы. На адной з мінскіх падстанцый хуткай дапамогі пачынаецца чарговая 24-гадзінная змена. "Брыгада №***, ёсць візіт!" — гучыць з селектара голас дыспетчара. Фельчар, на хаду зашпільваючы ахоўны касцюм са спанбонду, спяшаецца па выпіску аб выкліку.
Першы выклік — і адразу пацыент з падазрэннем на каранавірус. Пачынаюцца нялёгкія дзяжурныя суткі.
Аварыйны люк не адчыняць
У машыне хуткай дапамогі сыра і холадна. Печка ў адсеку для пацыентаў не працуе: яна спраўная, але па пратаколе пры перавозцы хворых на каранавірус нельга ўключаць вентыляцыю.
У касцюме са спанбонду, шчыльна надзетым паверх уніформы, — як у лазні. Да таго ж ён скоўвае рухі. Калі няма сіл трываць, куртку на час можна надзець паверх ахоўнага касцюма, але на месцы яе ўсё роўна давядзецца зняць.
Ахоўны касцюм, дарэчы, са сваіх запасаў: выдаюць іх толькі на выезды да пацыентаў з пацверджаным COVID-19. На ўсе астатнія — толькі маска і пальчаткі.
Са зламанага люка ўнутр машыны пастаянна капае вада. Паўсцёрты надпіс на ім: "Люк не адчыняць, зачынены на герметыку".
Тры машыны на адну пацыентку
На першы ранішні выклік брыгада хуткай прыехала да пажылой жанчыны. Са скаргаў — дыхавіца, тэмпература, кашаль.
— Моцна цяжка дыхаць? — пытаецца фельчар, слухаючы пацыентку стэтаскопам.
— Не тое слова! У грудзях усё скварчыць, бурчыць. Тэмпература не збіваецца, не магу дыхаць! — адказвае пацыентка. Праз некалькі хвілін яна пачынае задыхацца — ёй даюць кіслародную маску. Становіцца крыху лягчэй. Медык тэлефануе ў дыспетчарскую з запытам аб шпіталізацыі. Як мяркуецца, у жанчыны пазабальнічная пнеўманія.
І тут узнікае сур'ёзная праблема: жанчына важыць больш за 120 кілаграм, а крэсла-каталка, якое знаходзіцца ў машыне, зламанае. Таксама трэба выключыць вострую сардэчную паталогію, а кардыёграфа ў машыне і зусім няма. Некалькі апаратаў у рамонце, запасных няма ў наяўнасці. Медыкі выклікаюць другую брыгаду — у машыне з крэслам-каталкай і кардыёграфам. А пацыентцы ўводзяць фурасемід і эўфілін — для таго, каб зняць бранхаспазму.
Звычайнай іголкай зрабіць ін'екцыю цяжка, у пацыентаў ва ўзросце папросту лопаюцца вены. Для ін'екцыі ў такіх выпадках лепш за ўсё падыходзіць катэтар-матылёк — спецыяльная іголка для ўвядзення лекаў у малыя вены. Гэта іголка ў два разы меншая за звычайную, і ёй вену не праколеш. Але "матылька" пад рукой не аказалася: гэтыя катэтары цяпер праходзяць ліцэнзаванне. Калі яны з'явяцца зноў — не ведае ніхто.
У гэты час у балоне заканчваецца кісларод. Жанчына зноў стала задыхацца. Балазе, другая хуткая дапамога прыехала хутка. Другая брыгада мяняе балон з кіслародам і перамяшчае жанчыну на свае насілкі. Але і тут праблема — яны ці то зламаліся, ці то проста не прыстасаваныя да такой вагі. Некалькі хвілін іх спрабуюць уштурхнуць у машыну, але колцы не складваюцца. У экстранным парадку выклікаюць яшчэ адну брыгаду — з рабочымі насілкамі. Яна едзе з сірэнай і мігалкамі. Чуваць здалёк.
Разам на адну пацыентку — тры машыны хуткай дапамогі і восем медыкаў. Сваякі жанчыны ў лёгкім шоку назіраюць за тым, што адбываецца. Лекары не могуць падняць вочы ад сораму. Каталка, насілкі, кардыёграфы, катэтары і люк, які працёк, — поўны камплект.
Пацыентка кажа, што хварэе ўжо каля тыдня. Пры аглядзе фельчар пытаецца:
— Чаму не хацелі шпіталізавацца раней?
— Не ведаю, на што хварэю. Баюся кавіду, страшна заразіцца ў бальніцы, — адказвае яна.
Жанчыну з папярэднім дыягназам "пазабальнічная пнеўманія" вязуць у чацвёртую ГКБ. А там, па словах медыка, шмат хворых на каранавірусную інфекцыю.
— У яе ёсць сардэчная недастатковасць. Яна хранічна хворая пацыентка. Гэтыя людзі вельмі цяжка пераносяць хваробы. Брыгада не месцы выставіла ёй пазабальнічную пнеўманію, але нам сказалі везці яе ў чацвёртую бальніцу, хоць чацвёртая бальніца — "кавідная". Выходзіць так, што цяпер, паколькі месцаў няма, мы вязём туды, куды ёсць магчымасць, — працягвае фельчар.
312 гадзін у месяц
Брыгада вяртаецца на падстанцыю. Моўчкі садзяцца за стол, уключаюць дзяжурны чайнік. Каб заварыць кубак кавы, ёсць некалькі хвілін. Калі пашанцуе.
— Днём адпачыць наўрад ці атрымаецца. Бліжэй да вечара, можа быць, наступіць невялікае зацішша. Калі ўдасца заплюшчыць вочы на гадзіну, то добра. А санлівасць... Яе як рукой здымае пры вось такіх візітах. Лепей за любы энергетык.
Кава надае бадзёрасці, медыкі расказваюць пра жыццё-быццё. Размова заходзіць пра заробкі. Накіпела.
— Заробак на стаўцы без "кавідных" — 750-800 рублёў. Па норме ты павінен адпрацаваць шэсць-сем сутак. Каб зарабіць хоць нейкую капейку, некаторыя працуюць па 12-13 сутак. Тады можна разлічваць на 1200-1300 рублёў. Увогуле, "валяць як вар'яты".
Каб выйсці на ўзровень афіцыйнай сярэдняй зарплаты, фельчары працуюць як на вахце. На іншай працы па тыпе "два праз два" 13 змен з 12-гадзінным працоўным днём — гэта 156 гадзін у месяц, амаль працоўная норма. А 13 сутак у медыкаў — гэта 312 гадзін. Хочаш 1300 рублёў, фельчар? Рыхтуйся начаваць на дзяжурствах.
Для параўнання — свежая аб'ява з сайта па пошуку працы. Міліцыянеру-пачаткоўцу з сярэдняй няпрофільнай адукацыяй Дэпартамент аховы прапануе 950 рублёў са старту і поўны сацпакет: кампенсацыя за найманне жылля, прэміяльныя, адпачынак 30–45 сутак, спартзала, ільготны крэдыт на жыллё і іншае.
Лекарам, якія працуюць на машынах, даплачваюць за выезды на выпадкі з COVID-19. Праўда, медыкі расказваюць Еўрарадыё, што пра такія выезды адміністрацыя можа часам "выпадкова" забываць. Тады даводзіцца тэлефанаваць і дамагацца пацвярджэння. А вось дыспетчарам надбаўкі за каранавірус не плацяць. Маўляў, вы ж нікуды не ездзіце — абыдзецеся. Але хварэюць дыспетчары не менш за медыкаў на выездах: вірус чапляецца за вопратку тых, хто працуе ў машынах, ды і фельчары, якія падхапілі яго на выкліках, прыносяць яго з сабой.
За некалькі гадзін — ніводнага чалавека з траўмай
Са сродкамі індывідуальнай аховы абстаноўка непастаянная. Антысептыку і СІА то хапае, то не хапае. І калі мінскія бальніцы і падстанцыі сяк-так спраўляюцца, то ў рэгіёнах касцюмы са спанбонду часам даводзіцца "дэзынфікаваць" уручную. Гэта значыць, прасцей кажучы, мыць.
14 хвілін размовы за кубкам моцнай кавы скончыліся: зноў выклік — і зноў падазрэнне на COVID-19. У пажылога мужчыны кашаль, тэмпература, няма нюху. Машыну брыгадзе памянялі, перасадзілі на новую. Але толькі пасля таго, як медыкі наадрэз адмовіліся ехаць у старой.
На выкліку ўсё стандартна: мужчына сталага веку, яму цяжка дыхаць, тэмпература, кашаль. Сітуацыя не здаецца крытычнай, але фельчар прынцыпова не пакідае пацыента дома. Для пажылога мужчыны каранавірус у любы момант можа абярнуцца трагедыяй. Хворага адвозяць зноў у "чацвёрку".
Пасля кожнага выпадку з "кавідным" пацыентам машына павінна праходзіць санапрацоўку. Але паколькі тэст мужчыну ніхто не рабіў, на апрацоўку машыну не вязуць.
Фельчар самастойна апрацоўвае антысептыкам сябе і сваю маёмасць. І зноў на базу. На падстанцыі стаяць дзве-тры машыны. Паток хворых вялікі, тут ніхто не заседжваецца.
За першыя гадзіны працы — ніводнага чалавека з траўмай або якой-небудзь праблемай, акрамя падазрэння на каранавірус. Скаргі адны і тыя ж: кашаль, тэмпература, цяжка дыхаць, ламата ў целе.
Пяць гадзін у чарзе ў паліклініцы
Брыгада, якая толькі вярнулася на станцыю, атрымлівае новае заданне. Пацыент — мужчына сярэдняга ўзросту. Знік нюх, на бальнічным ужо некалькі дзён, лепш яму не становіцца. У паліклініцы штурхаюць з кута ў кут: з тэмпературай +37-38 і дыхавіцай ён ходзіць здаваць кардыяграму і сядзіць у чэргах.
— Стала горш, калі пасядзеў пяць гадзін у паліклініцы на прыёме. У аддзяленні яблыку не было дзе ўпасці. Потым плюнуў, вырашыў зрабіць КТ самастойна, за грошы: бясплатна ўсё роўна не дачакаўся б. Мазок толькі ўчора зрабілі, і яшчэ невядома, колькі чакаць вынік.
Убачыўшы вынік КТ — двухбаковая полісегментарная пнеўманія сярэдняй ступені цяжкасці, — фельчар без лішніх размоў выклікае дыспетчара: шпіталізацыя.
Вытрымаць экспазіцыю
Тое, што ў мужчыны "кавідная" пнеўманія, можна не сумнявацца. Таму пасля транспартавання машыну адвозяць на санстанцыю для апрацоўкі. Адбываецца гэта так: чалавек у ахоўным касцюме ходзіць вакол хуткіх, якія пастаянна прыбываюць, і апырсквае іх вадкасцю, па паху вельмі падобнай да хлоркі.
Пакуль машыну мыюць, медыкі заходзяць унутр невялікага ангарчыка, дзе іх з ног да галавы абліваюць дэзсродкам. Усё, што было надзета — маска, пальчаткі, шапачка, спанбонд, бахілы, — ідзе на ўтылізацыю.
Проста апрацаваць машыну і людзей — гэта яшчэ паўсправы. Трэба вытрымаць экспазіцыю — час, за які вірус у машыне хуткай дапамогі пасля апрацоўкі павінен загінуць. У сярэднім гэта займае 15-20 хвілін.
Вось так выглядае ангарчык, праз які праходзяць "брудныя" медыкі, якія прыбываюць:
А вось "абрад" апрацоўкі: малады чалавек адну за адной апырсквае машыны:
Апрацоўка — яшчэ адзін невялікі прамежак часу, за які медыкі паспяваюць хоць крыху адпачыць — пастаяць і пагаварыць з калегамі.
Падпішыся на "СБ" і "Планету"
На зваротным шляху ў лекараў зноў завязваецца гутарка. Успамінаюць пра добраахвотна-прымусовую падпіску на дзяржаўныя выданні. Медыкі прызнаюцца, што практычна ніхто з супрацоўнікаў выпісаныя газеты не чытае.
— Ды каму патрэбныя гэтыя газеты?! Але нас прымушаюць. Адмовіцца не варыянт: цяпер многіх медыкаў утрымліваюць у ізалятарах за маршы салідарнасці. І невядома, ці пакінуць іх на працы пасля гэтага, ці не ўжывуць нейкія санкцыі. Такім чынам, мы ідзём на здзелку: падпісваемся на газеты ўзамен на абяцанне дапамагчы затрыманым калегам.
Як толькі хуткая вяртаецца на падстанцыю, дыспетчар махае рукой: ёсць выклік.
Замест эпілогу
Мы коратка паказалі вам, як працуюць фельчары ў мінскай хуткай дапамозе. Хочацца пажадаць гэтым людзям не падаць духам і заставацца адданымі сваёй, такой выключна важнай, справе.
"Паважаныя медыкі, рыхтуйцеся. Вы ў іх былі героямі, калі вас клікалі на забастоўку. Але кан'юнктура мяняецца", — піша дзяржаўны навінавы канал, спрабуючы ачарніць Еўрарадыё. Вось толькі для нас кан'юнктура не мяняецца. Лекары заўсёды былі для нас героямі — і цяпер таксама героі. І заўтра — героі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.