Брэсцкія мытнікі канфіскавалі два аўтамабілі з кантрабандай (фота)
Агульны кошт незаконна перамешчаных тавараў склаў болей за 110 мільёнаў рублёў.
Брэсцкія мытнікі канфіскавалі два легкавыя аўтамабілі з кантрабандай на суму болей за 110 мільёнаў рублёў, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
У першым выпадку грамадзянін Украіны праз пункт “Тамашоўка” вёз лекавы сродак “Мукасат-Белмед” агульным коштам болей за 55 мільёнаў рублёў. Ён схаваў каля 650 упаковак лекаў за абшыўкамі дзвярэй свайго аўтамабіля. Машына разам з кантрабандай канфіскаваная.
У другім выпадку ў пункце “Варшаўскі мост” спынілі жыхарку Брэста, якая за дэкаратыўнай абшыўкай свайго аўтамабіля схавала 10 адзінак вопраткі. Апроч таго, пасажырка аўтамабіля выдала мытнікам яшчэ 5 адзінак вопраткі, якія хавала пад надзетую на яе куртку.
На кантрабандыстаў склалі адміністратыўныя пратаколы.