Былы палітвязень: Мы ўжо не такія цікавыя, як, калі былі за кратамі

111006 DrozdS.mp3

Еўрарадыё: Вас вызвалілі у канцы жніўня і ўжо некаторы час на волі. Распавядзіце, чым зараз жывяце, чым займаецеся?

Дрозд: Я працягваю сваю працу ў “Еўрапейскай Беларусі”. Зараз асноўная навіна – гэта падрыхтоўка да Народнага сходу, які адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Таксама працягваю працу над сваёй кнігай, якую рыхтую да другога выдання.

Еўрарадыё: Гэтая кніга на тэму шляхты XIX ст. Мінскай губерні?

Дрозд: Не зусім так. Мая кніга называецца “Землеўласнікі Мінскай губерніі 1861—1900”. Яна пра ўсіх землеўладальнікаў. Тады, у 1861—1900 гадах, ужо і сяляне мелі даволі шмат зямлі. Таму гэта тэма тычыцца ўвогуле ўсяго насельніцтва Беларусі, таму можа быць цікава ўсім людзям.

Еўрарадыё: Вы раней распавядалі Еўрарадыё, што збіраецеся напісаць кнігу пра Валадарку, пра тыя асобы, якія там былі. Гістарычную кнігу. Ці здзяйсняюцца неяк гэтыя планы?

Дрозд: Пакуль я над гэтым не працую, але гэта вельмі цікавая праца. Мяркую, што ў кожнага, хто там быў, першая думка была пабольш даведацца пра Валадарку, пра яе гісторыю, бо гэта вельмі цікава. Будынак вельмі стары, які да гэтага часу захаваў сваю функцыянальнасць. Усю сваю гісторыю будынак быў турмой. За ўвесь час свайго існавання, з 1810 года, амаль за 200 гадоў, там было вельмі шмат цікавых арыштантаў.

Еўрарадыё: Паўстанцы 1863 там таксама былі?

Дрозд: І паўстанцы там былі. Я думаю, што вельмі вялікай працы не атрымаецца, але нейкае даследаванне ці артыкул я зраблю.

Еўрарадыё: Па Беларусі ў 30-х гадах пракаціліся рэпрэсіі, у 37-м мы згубілі вельмі шмат нашай нацыянальная эліты, якая таксама была ў гэтых засценках. На вашу думку, ці магчыма будзе пра іх напісаць, бо, мабыць, нейкія архівы да гэтага часу закрытыя?

Дрозд: У нас ў краіне сапраўды на нейкі час, калі мы атрымалі незалежнасць, была ўсеагульная атмасфера адкрытасці, цікавасці да гэтай тэмы, але ў апошні час крыху зачыніліся дзверы, якія былі адчыненыя. Шматлікія фонды, архівы, што тычыцца КДБ, некаторыя фонды, якія тычацца паліцаяў, нацыянальнага руху, зараз закрытыя ў архівах. Дагэтуль гэтую тэму вельмі складана вывучаць, бо архіў КДБ даступны толькі супрацоўнікам КДБ, але ім не моцна цікавыя гэтыя тэмы.

Еўрарадыё: А чаму ім гэта не цікава?

Дрозд: Па-першае, справа ў тым, што КДБ на ўсёй постсавецкай прасторы, як я ведаю, гэта адзіная дзяржава, якая не змяніла яе назву. Як яна была КДБ, так і засталася КДБ. Як стаяў помнік Феліксу Дзяржынскаму насупраць, так ён і стаіць. Беларускае КДБ - гэта амаль адзіная дзяржаўная ўстанова, якая адкрыта з’яўляецца прамым наследнікам КДБ - усе тыя жахлівыя рэчы, якія тварыла КДБ, НКВД, ГПУ.

Еўрарадыё: Ці пускаюць вас зараз у архівы, пасля вызвалення?

Дрозд: У архіў я ўжо першы раз схадзіў. Мне трэба напісаць заяву. Думаю, ніякіх праблемаў не будзе, што я працягну працу над сваёй кнігай і над іншымі кнігамі, бо няма такога закону, каб мне забаранілі хадзіць у архівы.

Еўрарадыё: Многія палітвязні былі выпушчаныя. Ці сустракаецеся вы з тымі людзьмі, якіх вызвалілі? Ці няма ў вас планаў стварыць камітэт палітычных зняволеных, каб адно аднаму дапамагаць, каб быць разам?

Дрозд: Учора я бачыў Сяргея Казакова. Некалькі дзён таму я бачыў Гнедчыка і Лобава. Мы сустракаемся, у нас шмат чаго агульнага. Але нейкі камітэт мы ствараць не будзем. Існуе арганізацыя “Салідарнасць”, яна і займаецца падтрымкай палітвязняў. І я спадзяюся, што на наступным тыдні мы будзем сустракаць і Андрэя Саннікава, і Статкевіча, і Бандарэнку - ўсіх, хто там застаўся. Можа, і не будзе ў нас ўжо такой неабходнасці ў гэтым камітэце.

Еўрарадыё: Вам была патрэбная дапамога, калі вы былі за кратамі. А калі вы выйшлі, на вашую думку, палітвязням патрэбная яшчэ дапамога? Калі так, то якая?

Дрозд: Я чалавек без працы, я паўгода не працаваў, ніякіх зберажэнняў у мяне няма. Ведаю, што Сяргей Казакоў таксама ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Пакуль мы не атрымалі ніякай матэрыяльнай падтрымкі. Магчыма, лічаць, што гэта нам не патрэбна. Гнедчык, я ведаю, нічога не атрымаў. Ніхто нас ужо не падтрымлівае, магчыма, мы ўжо не такія цікавыя, як, калі мы былі за кратамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі