"Дэкрэт аб дармаедах" заменяць карткамі з ільготамі?

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна заяўляе на АНТ пра альтэрнатыву Дэкрэту прэзідэнта аб дармаедах — электронная картка накшталт банкаўскай, дзе будзе інфармацыя аб дзейных ільготах кожнага чалавека:


"Уся інфармацыя аб ільготах, якія прадугледжаныя для канкрэтнага чалавека, будзе на электронным носьбіце".


Як даведалася Еўрарадыё, пакуль толькі распрацоўваецца канцэпцыя, картка можа з’явіцца толькі ў 2019 годзе. Паводле нашай інфармацыі, займаецца гэтым Міністэрства сувязі.


"Гэта будзе і электронны пашпарт, і дадаткі: страхавое, пенсійнае, ахова здароўя. Можа, транспарт, можа, і банкаўскае прыстасаванне, — гавораць у Мінсувязі.Адна картка, якая будзе мець лічбавы подпіс. Але гэта пакуль канцэпцыя".


Такую ж картку збіраліся звесці ў Расіі, але там праект не пайшоў. Пра абслугоўванне ў паліклініках па гэтай картцы згодна з выплачанымі падаткамі пакуль не кажуць.


Цікава, што першым тэму дармаедаў і “сацыяльнай карткі” ўздымаў былы віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік падчас круглага стала ў газеце "СБ-Беларусь сёння":

"Вось прыходзіш ты, да прыкладу, у паліклініку, уводзіш картку ў тэрмінал — і на экране адразу ж відаць, што ў апошні год ні ты, ні за цябе ніхто не плаціў у Фонд сацыяльнай абароны. Атрымаеш, вядома, медыцынскую дапамогу, але за асобную плату”.


А як па законе?


"Калі чалавек не заплаціў падаткі, з яго могуць іх спагнаць ці апісаць маёмасць, але не могуць адмовіць у медыцынскай дапамозе, — тлумачыць юрыст Асамблеі незалежных прафсаюзаў Алена Язькова. — Канстытуцыя змяшчае гарантыі для ўсіх грамадзян, ім мусяць аказваць медыцынскую дапамогу".


Дэкрэт "аб дармаедах", нагадаем, абавязвае плаціць збор у 3,6 мільёна (20 базавых) тых, хто сядзіць без працы паўгода. Калі міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна называе гэты дэкрэт часовым, а карткі збіраюцца ўвесці ў 2019-м, значыць, дэкрэт можа пратрымацца яшчэ 4 гады.

Хто лічыцца дармаедам, а хто — не (дапоўнена)

Фота: dogm.mos.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі