Не расчараванне, а рэпрэсіі: што адбываецца з пратэстам у рэгіёнах

Акцыя ў Гомелi / Белапан
Акцыя ў Гомелi / Белапан

1 лістапада ў Мінску прайшоў вялікі Марш у Курапаты. А вось з беларускіх рэгіёнаў навін пра пратэставыя акцыі амаль не было. Няўжо там, за кальцавой, пратэст усё-ткі здзімаецца?

Суразмоўнікі Еўрарадыё з абласных гарадоў кажуць, што не. І тлумачаць зацішша тым, што супрацьстаянне з уладамі перайшло ў "партызанскую" стадыю. Таму ў апошнія тыдні ў рэгіёнах не збіраюцца шматтысячныя калоны, як летам. Хоць настроі людзей і не змяніліся.

Брэст: людзі ўзялі час на пераасэнсаванне

— Я б не сказаў, што пратэставыя настроі зніжаюцца. Вось, у панядзелак прайшоў марш пенсіянераў — пра зніжэнне актыўнасці гаварыць рана. Людзі не спалохаліся, проста людзі ўзялі час на пераасэнсаванне формы пратэсту, — мяркуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін з Брэста. — У верасні было больш за сотню затрыманняў, а ў кастрычніку гэта лічба зноў стала нарастаць. Штрафы, суткі, а некаторым крымінал шыюць — пад вартай знаходзіцца 126 чалавек. А яшчэ некалькі дзясяткаў тых, хто не пад вартай.

Не разочарование, а репрессии: что происходит с протестом в регионах
Акцыя пратэсту ў Брэсце

І ўсё ж людзі не спалохаліся. Шмат паўторных затрыманняў. І цяпер у Століне працягваюць адбываць пакаранне два чалавекі — ім па 45 сутак навешалі. У столінскі ізалятар пачалі адпраўляць людзей, калі не хапіла месца ў брэсцкім.

Віцебск: незваротнага спаду не адбываецца

— Колькасць удзельнікаў паменшылася, але перыядычнасць акцый не змянілася. А чым менш людзей, тым складаней мітынгоўцам адчуваць сябе ў бяспецы, — разважае віцебскі праваабаронца Леанід Свецік. — Разгоны ў нашым горадзе не такія жорсткія, як у Мінску. Затрыманні ідуць, але без святлошумавых гранат і гумовых куль. Часам ужываецца слезацечны газ.

У Віцебску пачалі рамантаваць ІЧУ. Усіх, каго затрымліваюць за ўдзел у масавым мерапрыемстве, адпраўляюць у Віцебскае абласное СІЗА. Умовы ўтрымання там адрозніваюцца ў лепшы бок: параўнальна нядаўна ў следчым ізалятары зрабілі рамонт, ды і ежа там крыху лепшая.

Затрыманых у Віцебску ў іншыя гарады не вязуць. І пратэставаць у іншыя гарады віцябляне не ездзяць. За тры месяцы патэлефанавала мне каля трохсот чалавек — і практычна ўсе званкі былі звязаны з затрыманнямі ў нашай вобласці. Я памятаю толькі некалькі зваротаў наконт затрыманняў у Мінску.

Я б не гаварыў, што пратэсты сыходзяць на нішто: у пазамінулую нядзелю выходзіла каля тысячы чалавек, у гэту — некалькі дзясяткаў. Але гэта не значыць, што адбываецца рэзкі і незваротны спад.

Гомель: некаторыя пасля выбараў ужо па тры разы адседзелі суткі

— Я ўжо больш за дваццаць гадоў знаходжуся ў дэмакратычных тусоўках, займаюся праваабаронай і ніколі не асуджаў чалавека за тое, што ён не выходзіць пратэставаць, перажывае за сваю сям'ю, — расказвае гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. — Уявіце: калі я выйду ў нядзелю ў абед на цэнтральную плошчу Гомеля, то абавязкова буду пакладзены тварам у асфальт гэтымі "касманаўтамі" і мяне чакаюць суткі, вось такая сітуацыя ў горадзе.

Напрыклад, на акцыі 8 кастрычніка быў брутальна затрыманы гомельскі актывіст Валерый Сляпухін. Проста ішоў з заплечнікам па вуліцы Савецкай — тварам аб асфальт і пятнаццаць сутак арышту. Практычна заўсёды ў суботу і нядзелю ў цэнтры горада аўтазакі, АМАП, узброеныя "касманаўты". Увесь цэнтр горада ў відэакамерах, працуе сістэма распазнавання твараў. калі чалавек не ў масцы, ён не можа сысці ад адказнасці. Да людзей прыходзяць дадому, забіраюць іх, вязуць у суд. Улада задзейнічала ўсе механізмы, каб задушыць актыўнасць у рэгіёнах.

Што можа зрабіць просты мірны пратэстовец супраць амапаўца? Добра, што хоць бы ў Мінску ёсць пратэст, а ў абласных цэнтрах актыўнасць або спадае, або пераходзіць у іншыя формы.

У выхадныя дні горад кантралююць сілавікі. Машыны ўжо не сігналяць — калі пасігналіў, затрымліваюць, пазбаўляюць пасведчанняў кіроўцы. Я праваабаронца, усе гэтыя людзі, якіх пераследуюць, ідуць да нас у офіс: і пазбаўленыя правоў кіроўцы, і тыя, каго пераследуюць у крымінальным парадку.

На працы ў многіх праблемы, звальненні пайшлі. Нядаўна тэлефанаваў хлопец — яго звольнілі пасля таго, што адседзеў пятнаццаць сутак. Знаходжанне ў ІЧУ не прызналі ўважлівай прычынай, з якой чалавек не з'яўляўся на працы.

Я ведаю людзей, якія пасля выбараў ужо паспелі па тры разы суткі адбыць. А тыя людзі, якія першы раз атрымалі суткі, вельмі часта не хочуць паўтараць, не хочуць губляць працу. Я часам гутару з людзьмі, чую: я пакуль не буду выходзіць, баюся страціць працу / двое дзяцей / жонка не працуе / я адзін карміцель. Трэба заўсёды ўваходзіць у становішча людзей. Страціць чалавек працу, а эміграцыя ў яго планы не ўваходзіць: што яму рабіць? Я з павагай стаўлюся да пазіцыі такіх людзей. Цяпер не колькасць пратэстоўцаў на вуліцах вырашае зыход пратэстаў. 

Гродна: пратэсты ідуць хвалямі

— Пратэсты не здзімаюцца. Ужо казалі калісьці: пратэсты пайшлі на спад, а потым усё аднавілася, — мяркуе гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў. — Пратэсты ў Гродне ідуць хвалепадобна. У нейкі момант людзі затойваліся, каб пераасэнсаваць тое, што адбылося, выпрацаваць новыя планы, падзяліцца адно з адным думкамі ў сеціве — і ўспыхвала новая хваля.

Лакальныя пратэсты ідуць пастаянна. Ідуць па дварах, ідуць у цэнтры горада, з'яўляюцца плакаты, сімволіка. Сілавікам і пераадзетым людзям даводзіцца насіцца па ўсім горадзе. І ўсё гэта нягледзячы на тое, што ў Гродне, на мой погляд, найбольш жорстка распраўляюцца з пратэстоўцамі. Заведзена шмат крымінальных спраў, многія прайшлі па адміністрацыйным працэсе, шмат было пабітых.

Гродна быў адным з першых гарадоў, дзе сілавікі пачалі ўжываць тактыку хуткага нападу, каб не даць людзям сабрацца ў калоны. Яны разбівалі гэтыя калоны, вылоўлівалі людзей у дварах, на прыпынках. Народ, які ўпёрся, які ведае, чаго хоча, які хоча дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў, выпрацоўвае новую тактыку — адсюль і хвалі: невялікі спад — а потым рэзкі ўздым.

Нават людзі, якія раней захоўвалі нейтралітэт, пачынаюць асуджаць дзеянні ўладаў. Беларусы індывідуалісты, і тое, што яны пачалі арганізоўвацца ў групы, — вялікае дасягненне. А пасля таго як разыходзяцца вялікія групы, людзі самі-адны праводзяць дробныя акцыі: раскідваюць улёткі, чапляюць сімволіку на дрэвы, на турнікеты. Такая вось партызанская, ценявая барацьба. І таму, нават калі ўвядуць каменданцкую гадзіну, актыўнасць не заглухне. Няма тых 30 тысяч на вуліцах, якія былі ў жніўні, але людзі ёсць.

Магілёў: не расчараванне, а рэпрэсіі

— Пратэст прымае іншыя формы. Такіх масавых акцый, як былі ў першыя тыдні пасля выбараў, ужо няма. Але я не думаю, што зніжэнне актыўнасці на вуліцах — гэта вынік расчаравання. Гэта вынік рэпрэсіўных дзеянняў уладаў, — расказвае Аляксей Колчын, праваабаронца з Магілёва. — У іншай форме пратэсты па-ранейшаму працягваюць адбывацца. Усё перайшло ў дваровую актыўнасць, хоць некаторыя людзі па-ранейшаму выходзяць цалкам сабе публічна.

Не разочарование, а репрессии: что происходит с протестом в регионах
Акцыя пратэсту ў Магілёве / TUT.by

У першыя дні пасля выбараў сітуацыя ў Магілёве была ў цэлым падобная да той, якая склалася па ўсёй краіне. Збіццё было штодзённай рэччу. Потым быў невялікі перыяд, калі міліцыя самаўхілілася. А потым яны пачалі закручваць гайкі, выяўляць удзельнікаў мітынгаў, пераследаваць іх, даводзіць справы да суда, суткі раздаваць, штрафы. Цяпер практыка прымянення гвалту ў дачыненні да затрыманых паціху вяртаецца, на жаль. Гэта зноў перастала быць рэдкасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі