Прыватызаваць жыллё ў Мінску каштуе ад 50 да 500 мільёнаў
Непрыватызаванае жыллё дзяржава перавядзе ў свой камерцыйны фонд і будзе здаваць яго тым, хто цяпер там жыве.
Міністэрства ЖКГ распрацоўвае ўказ аб тым, што непрыватызаваныя кватэры будуць перададзены ў камерцыйны фонд дзяржавы і здавацца жыхарам за арэндную плату ў дадатак да камунальных плацяжоў.
Нягледзячы на тое, што гэта толькі праект указу і яшчэ невядома, колькі людзі будуць плаціць за кватэру, жыхары непрыватызаваных кватэр пачалі хвалявацца.
“Няма дакументаў, хоць мне ўжо некалькі дзён тэлефануюць на гэты конт. Людзі пытаюцца, бабулька прыйшла і плача, што ў яе непрыватызаванае жыллё і за яе двушку давядзецца мо 1,5 мільёна плаціць. А ў яе пенсія — 1,9 мільёна. Яна, канечне, яе не прыватызуе, і яна згодная, каб жыллё ў сацыяльнае перавялі, каб хоць ёй плаціць меней”, — кажуць Еўрарадыё ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, хоць і дадаюць, што казаць нешта без дакумента не мае сэнсу.
Зразумела, чаму хвалюецца бабулька: сярэдняя пенсія ў Беларусі — 1,8 мільёна рублёў за красавік, плюс тыя 20%, што мы пакрываем выдаткі дзяржавы на камуналку — і бабульцы не будзе на што жыць!
Хоць у адміністрацыі Цэнтральнага раёна дакладна кажуць, што сваё камерцыйнае жыллё дзяржава здае па боскіх коштах.
“На Гая 800 тысяч рублёў, трохі лепшая — на Арлоўскай ці Шаўчэнкі — 1-1,1 мільёна, на праспекце Пераможцаў — 1,5 мільёна рублёў”, — распавядаюць у адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска. Прыватнікі просяць за кватэру ўдвая болей.
На сёння ў Беларусі 392 тысячы непрыватызаваных кватэраў, ці 14% агульнага жытла. Каб прыватызаваць жыллё ў Мінску, трэба выкласці ад 50 да 500 мільёнаў.
У адміністрацыі Фрунзенскага раёна заўважаюць — працэдура прыватызавання простая.
“Прыносіце пашпарт і пішаце дамову. Кошт кватэры будзе вылічвацца індывідуальна. І залежыць ад кошту дома на перыяд будоўлі ў пераліку коштаў на 1991 год, а таксама ад каэфіцыенту. Ён штомесяц мяняецца…”, — кажуць у Фрунзенскім раёне. Да прыкладу, звычайная двухпакаёўка ў Малінаўцы ў доме 1986 года будоўлі абыдзецца ў 160 мільёнаў. Атрымліваецца, каб прыватызаваць такую кватэру, трэба аддаваць поўнасцю сярэдні заробак амаль тры гады.
Калі ж людзі не гатовыя ні прыватызаваць, ні плаціць за карыстанне такіх кватэраў, то гэтае жытло па заяве грамадзяніна перавядуць у жытло сацыяльнага карыстання, якое нельга прыватызаваць.
Але колькі будуць плаціць беларусы пасля прыняцця ўказа і куды падзенуцца людзі, якія жыллё не прыватызуюць, у Міністэрстве ЖКГ не кажуць і ад ўсялякіх каментароў адмаўляюцца.
“Шорац (міністр ЖКГ. — заўв. Еўрарадыё) яго прарэкламаваў, але калі яны (міністэрства. — заўв. Еўрарадыё) яго не каментуюць, значыць няма адказу, яшчэ ў распрацоўцы. Пэўна, асноўныя накірункі ўказа прапрацаваныя, а такія дробязі яшчэ ў працэсе. Па коштах наўрад ці хто зараз скажа”, — адзначаюць Еўрарадыё ў прэс-службе Саўміна.