Санаторыі як каранавірусная бомба запаволенага дзеяння
Санаторый "Пралеска"
У перыяд, калі праз пагрозу распаўсюджання каранавіруса адна за адной прыпыняюць сваю працу розныя прыватныя ўстановы, дзяржаўныя прадпрыемствы працягваюць здзіўляць сваёй "устойлівасцю". Адсутнасцю рэакцыі на эпідэміялагічную сітуацыю адрозніваюцца і беларускія санаторыі. Еўрарадыё вядома тры прыклады, калі яны працягвалі працаваць, нягледзячы на тое, што медыкі пацьвярджалі ў кагосьці з іх гасцёў COVID-19!
Як вынік такой палітыкі — санаторыі ператварыліся ў каранавірусную бомбу запаволенага дзеяння. Не сакрэт, што там адпачывае шмат пажылых наведнікаў. Адзін госць з COVID-19 — і людзі з групы рызыкі разносяць інфекцыю па ўсёй краіне.
Санаторый “Белая Русь”
10 красавіка тэст на каранавірус даў станоўчы вынік у бацькі сцэнарыста і рэжысёра Андрэя Курэйчыка. Як распавёў Еўрарадыё кінематаграфіст, яго бацька адпачываў у санаторыі МУС "Белая Русь" з 21 сакавіка па 3 красавіка. У Мінск ён вярнуўся ўжо з тэмпературай. Дактары спачатку паставілі дыягназ "ангіна".
"Як ён казаў, у іх быў [у санаторыі] чалавек, якога звезлі з двухбаковай пнеўманіяй. Але ніхто [з персаналу] нічога не тлумачыў: людзі працягвалі хадзіць на працэдуры, на дыскатэкі, у агульны басейн. А калі ў таго чалавека пацвердзіўся каранавірус, 40 ці колькі іх там было чалавек прызналі кантактамі першага ўзроўню", — кажа Курэйчык.
8 красавіка бацьку Курэйчыка шпіталізавалі як кантакт першага ўзроўню, а 10-га стала вядома пра станоўчы тэст на COVID-19.
"Гэта настолькі па-дурному і злачынна — тое, што адбылося. Санаторыі — гэта ж не нейкія стратэгічныя прадпрыемствы, якія немагчыма спыніць, таму што яны забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва. Гэта рэальна месца, дзе збіраюцца пажылыя людзі, за 50-60. Яны шмат знаходзяцца разам, і, натуральна, калі там хаця б адзін носьбіт вірусу — зразумела, што яны адно аднаго пазаражаюць. Што, відаць, і адбылося", — абураецца Курэйчык.
У санаторыі "Белая Русь" журналістам svaboda.org пацвердзілі інфармацыю пра наведвальніка з каранавірусам. Установа часова прыпыніла прыём наведвальнікаў. Але на сайце санаторыя па стане на дзень 11 красавіка няма ніводнай згадкі пра тое, што нешта не так. Пракаментаваць сітуацыю журналісту Еўрарадыё дырэктар санаторыя адмовіўся.
Лепельскі вайсковы санаторый
Лепельскі вайсковы санаторый ў Віцебскай вобласці ў канцы сакавіка часова закрываўся на каранцін: у 62-гадовага адпачывальніка з Саратава (Расія) быў знойдзены COVID-19. Аднак з 8 красавіка ўстанова зноў прымае наведнікаў.
"Ён ужо вылечыўся і вярнуўся дадому. Мы ўсё апрацавалі, пакуль былі закрытыя на каранцін, а цяпер працуем — усё добра. Ужо прымаем людзей. Іх няшмат, але едуць — нашы, беларусы", — распавялі Еўрарадыё ў маркетынгавым аддзеле санаторыя.
Па словах супрацоўніцы, звычайна ў гэты перыяд года санаторый цалкам запоўнены. Але ў 2020 годзе жадаючых адпачыць менш у пяць разоў.
Як распавёў Еўрарадыё грамадзянін Расіі Міхаіл Півавараў, ён адпачываў у Лепельскім санаторыі, калі медыкі забіралі адтуль заражанага госця. Пра тое, што ён стаў сведкам шпіталізацыі пацыента з COVID-19, Півавараў даведаўся са СМІ ўжо пасля вяртання ў Расію.
Санаторый “Пралеска”
6 красавіка стала вядома пра смерць мужчыны, які з 5 па 21 сакавіка адпачываў у санаторыі "Пралеска" пад Мінскам. Дачка памерлага распавяла TUT.by, што яе бацьку стала дрэнна яшчэ ў санаторыі. У яго падвысілася тэмпература. 26 сакавіка яго шпіталізавалі ў 3-ю бальніцу ў Мінску, дзе 26 сакавіка ў яго пацвердзіўся дыягназ "каранавірус".
Марына Сіўчык — дырэктар школы ў вёсцы Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна — цяпер знаходзіцца ў Барысаўскай бальніцы з COVID-19. Жанчына распавяла "Радыё "Свабода", што прывезла каранавірус з санаторыя "Пралеска", а сімптомы захворвання ў яе з'явіліся праз дзень пасля вяртання.
Тым не менш, санаторый працягвае сваю працу, а яго кіраўніцтва адмаўляе журналістам у каментарах.
У Беларусі на 11 красавіка ў бальніцах краіны з пацверджанай коронавирусом знаходзіцца 2031 чалавек. Памерла 23 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.