Што новенькага падрыхтаваў ЦВК для прэзідэнцкіх выбараў 2015
Фонды памерам 100 тысяч долараў, лісты ў паштовую скрыню кожнаму выбаршчыку і акрэдытацыя назіральнікаў замест ранейшай рэгістрацыі.
Грошы
У 2010 годзе кожны кандыдат на пасаду прэзідэнта мог афіцыйна патраціць на кампанію 3000 базавых велічынь. Сёлета — ужо 9000. У пераводзе на зразумелыя сумы гэта нешта каля 100 тысяч долараў. Неслабую кватэру ў Мінску можна набыць. Фармуецца фонд з ахвяраванняў прыватных асобаў, кампаній, а таксама з асабістых сродкаў кандыдата. Сумы могуць быць любымі — ад 100 рублёў да сотні мільёнаў. Галоўнае, каб агулам яны не перайшлі за мяжу ў 1 мільярд 620 мільёнаў рублёў (9 тысяч базавых).
Распараджацца грашыма з фонду можна будзе як заўгодна — нават афіцыйна плаціць заробкі сябрам ініцыятыўнай групы. “Прыбралі нарэшце гэты фігавы лісток”, — гаворыць эксперт па выбарчым праве Сяргей Альфер. Так што можна больш не апускаць сарамліва вочы, слухаючы пытанні пра “колькі вам плацяць за сто подпісаў”, а з гонарам назваць памер “ганарару”. Заадно і ад падатку за дармаедства можна адмазацца.
Іншая справа, дзе гэтыя 100 тысяч долараў узяць. “Нешта я сумняваюся, што хтосьці, акрамя Лукашэнкі, зможа назбіраць столькі ахвяраванняў. Але паглядзім”, — гаворыць Альфер.
Агітацыйныя плакаты
Сёлета нас чакае яшчэ адно абнаўленне: кароткую інфармацыю пра кожнага кандыдата з фота выбарцам дашлюць персанальна па пошце. Прынамсі, пра кантракт з “Белпоштай” ужо заявіў ЦВК. Маўляў, раней часам не кожны выбаршчык пазнаваў прозвішчы ў бюлетэнях, не ведаў праграм.
З іншага боку, з агітацыйнай прадукцыяй сёлета можа атрымацца невялікі швах, бо ЦВК больш не дасць на яе грошай, і штабы павінныя будуць нешта прыдумляць самі. Ведаючы, з якой ахвотай друкарні пагаджаюцца супрацоўнічаць з апазіцыяй, можна ўявіць загалоўкі на “Хартыі” і “Белпартызане” пра тое, што адна друкарня “не хоча друкаваць Караткевіч”, а іншая “надрукавала постар Лябедзькі з сінім тварам”.
Лукашэнка больш не можа прызначыць чальца ЦВК з правам дарадчага голасу
“Раней Лукашэнка сам прызначаў такога чалавека. Будучы адным з кандыдатаў. І да такой з’явы заўсёды былі прэтэнзіі ў назіральнікаў. Цяпер ужо не можа”, — расказвае Сяргей Альфер. Цяпер кожны з кандыдатаў можа прапанаваць ЦВК сябра з правам дарадчага голасу. Калі па-простаму — можна пасадзіць у адзін кабінет з Ярмошынай свайго чалавека ў касцюме, якога ўважліва выслухаюць і хутчэй за ўсё праігнаруюць.
Наколькі моцна пацерпіць дзейны кіраўнік краіны ад новаўвядзення, пабачым пасля 11 кастрычніка.
Акрэдытацыя замест рэгістрацыі
Гэта датычыць не кандыдатаў і іх каманды, а назіральнікаў. “Раней, калі зарэгістраванага назіральніка раптам старшыня камісіі выдаляў з пасяджэння альбо з участка, выдалены мог прыйсці на наступнае пасяджэнне, прыйсці на наступны дзень і ўсё. У законе гаварылася толькі пра выдаленне з пасяджэння камісіі. Паўнамоцтвы як назіральніка заставаліся”, — расказвае Альфер.
З увядзеннем акрэдытацыі ўсё змянілася. Яна хоць і прасцейшая за рэгістрацыю, але акрэдытацыі пазбаўляюць да канца выбараў. То бок асабліва з кіраўніцтвам выбарчай камісіі не паваюеш — раз выганяць і ўсё.
“Сістэма ўжо правераная на мінулых парламенцкіх выбарах. Спрацоўвае”, — гаворыць эксперт.
Самае цікавае — навошта Ярмошынай нешта мяняць?
“Ведаеце, там жа ў ЦВК таксама жывыя людзі працуюць. І ім таксама хочацца палепшыць выбары, зрабіць іх цікавейшымі, наколькі гэта магчыма ў нашых умовах. Чым цікавейшыя выбары, тым больш ахвотна людзі на іх пойдуць. У дадатак, дробныя перамены да лепшага таксама заўважаюць у АБСЕ. А нашаму ЦВК хацелася б прызнання выбараў”, — мяркуе Сяргей Альфер.
Нам бы таксама хацелася. І калі змены ў выбарчым заканадаўстве будуць працягвацца такімі тэмпамі, то гэта абавязкова адбудзецца. Гадоў праз 25-30, але абавязкова.
Фота tut.by