У электрычках норма тэмпературы +13, у метро да + 17
Цяплей за ўсё ездзіць у пасажырскіх цягніках і метро. Халадней — у тралейбусах. Якая тэмпература павінна быць у транспарце?
Ад Баранавічаў да сталіцы ў цягніку № 672 Брэст-Мінск замярзаю ў лядзяш! Ды не толькі я, усе пасажыры першага вагона сядзяць ў шапках, шаліках ды пальчатках — паўтараем гімнастыку пальцамі ног, каб не змерзлі.
Чаму так холадна ў мінскім маторавагонным дэпо, патлумачыць не могуць. Мо сістэма дала збой, мо непаладкі былі. Цеплатэхнік, які прадстаўляецца Міхаілам, тлумачыць, што ўся іх каманда працуе на вышэйшую адзнаку.
“Тэмпература ў салонах павінна падтрымлівацца + 11-+13 градусаў цяпла. Ацяпленне ў электрапаяздах, можна сказаць, працуе на вышэйшую адзнаку. Ніводзін з электрапаяздоў, на якія скардзіліся, і дзе я ездзіў, не была тэмпература ніжэй за + 13 градусаў цяпла, — кажуць у Дэпо. — Што, на падлозе ляжаў іней? Калі не — значыць была плюсавая тэмпература”, — завяраюць мяне у маторавагонным дэпо Мінска.
За неатапліваемыя вагоны лакаматыўную брыгаду караюць, калі камісія пацвердзіць, што факты былі. У дэпо прыгадваць такі факт… з 90-х!
“Была калектыўная скарга. І лакаматыўную брыгаду пакаралі: машыніста адхілілі на тры месяцы, памочніка — на шэсць. Увесь гэты час яны атрымлівалі палову заробку, а для сямейнага чалавека гэта вельмі жорсткая мера, таму ўсе вельмі сочаць за гэтым”.
Маё пытанне пра тое, што на электрацягніках ездзяць з дзецьмі, павісае ў паветры. А вось у пасажырскай службе Беларускай чыгункі гэтымі нормамі ў электрацягніках абураюцца.
Кажуць, што, да прыкладу, у пасажырскіх цягніках павінна быць + 18. Гэтая тэмпература для пасажыраў камфортная. Камфорт камфортам, але калі ў грамадскім транспарце за 40 хвілін замярзае нос?
Нормы цяпла ёсць і ў грамадскім транспарце.
“У нас у “мятры” ад + 12 да + 17. Кожны дзень скаргі: каму дзьме, каму горача. Кожны дзень скаргі ідуць і ідуць”, — ўздыхаюць у метрапалітэне.
А вось у наземным транспарце быццам бы ніякіх нормаў і не існуе.
“Калі да - 5 градусаў марозу, ацяпленне працуе на 50%, а вось калі ніжэй за -5 градусаў, тады ацяпленне павінна працаваць на 100%. Якія нормы? Якія нормы, калі дзверы туды-сюды адкрываюцца кожныя паўтары хвіліны, ніякае цяпло не будзе трымацца”, — кажуць мне ў сталічным тралейбусным парку № 5.
Але ў Мінсктрансе тлумачаць па-іншаму: норма быццам бы ёсць. За невыкананне нормаў тут таксама тэарэтычна караюць дырэктараў ды кіроўцаў:
“Норма быццам бы ёсць, павінна быць, + 15 прыкладна. Але не напісана дакладна: гэта ў аўтобусе ці ў прыгарадным транспарце”, — кажуць Еўрарадыё ў тэхаддзеле Мінсктранса. І нават рэкамендуюць: калі вельмі холадна, скардзіцеся на гарачую лінію і дыктуюць нумар тэлефона.
“Самі ведаеце, некаторыя вадзіцелі лянуюцца, не ўключаюць ацяпленне. Ды і тралейбусы-аўтобусы некаторыя доўгія, яны халодныя: пакуль не спішам, нічога не будзе. Але ў тралейбусах ды аўтобусах павінна быць цёпла. Калі нешта не задавальняе — адразу тэлефануйце на гарачую лінію і запомніце нумар машыны, ён пазначаны на шкле. Будзем разбірацца”.
Патэлефанаваць на гарачую лінію можна па нумары 2469747.