Выбары 2015: слоганы, ініцыятыўныя групы і абяцанні магчымых кандыдатаў
Еўрарадыё вырашыла праверыць, наколькі гатовыя да выбараў іх удзельнікі за чатыры месяцы да “дня ікс”.
Анатоль Лябедзька — АГП
Слоган: “Выбараў няма, але выбар ёсць”
Начальнік штаба: Леў Марголін
Ініцыятыўная група: каля 1000 чалавек. “У нас у партыі цяпер каля 3500 членаў, але людзі працуюць і баяцца праз адкрыты ўдзел у кампаніі страціць сваю працу. У цяперашніх умовах гэта асабліва небяспечна”. На мінулых выбарах, па словах Марголіна, кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук меў у ініцыятыўнай групе 1600 чалавек.
Што абяцае рабіць у выпадку перамогі: стварыць шмат новых працоўных месцаў, правесці дэмакратычныя пераўтварэнні, укараніць мясцовае самакіраванне і спрыяць незалежнасці судовай сістэмы.
Таццяна Караткевіч — “Гавары праўду”, ПБНФ, сацыял-дэмакраты.
Слоган: Слоганаў будзе некалькі, яны пакуль не вызначаныя. Галоўная ідэя кампаніі — “За мірныя перамены”.
Начальнік штаба: Андрэй Дзмітрыеў
Ініцыятыўная група: пакуль не вядомая — “Не будзем бегчы за колькасцю, будзем змагацца за якасць”.
Што абяцае рабіць у выпадку перамогі: заняцца пытаннямі “Народнага рэферэндуму” — эканамічным развіццём краіны, пераглядам падыходу да дзяржаўнай уласнасці (спыніць фінансаванне стратных прадпрыемстваў) і іншымі. Акрамя гэтага будзе развіваць рэгіёны Беларусі і зоймецца сацыяльнай абароненасцю грамадства — інвестыцыямі ў адукацыю і ахову здароў’я.
Сяргей Калякін — “Справядлівы свет”.
Слоган: пакуль няма
Начальнік штаба: “Хутчэй за ўсё — Валерый Ухналёў”.
Ініцыятыўная група: ідзе фарміраванне, “будзе вельмі шырокая”. Каля 2000 чалавек.
Што абяцае рабіць у выпадку перамогі: правесці сацыяльна-палітычныя рэформы — “10 штук”.
Сяргей Гайдукевіч — Ліберальна дэмакратычная партыя Беларусі
Слоган: пакуль няма
Начальнік штаба: Анатоль Хішчанка, актыўны ўдзел у кіраванні кампаніяй возьме Алег Гайдукевіч
Ініцыятыўная група: ідзе фарміраванне. “Не магу цяпер агучыць колькасць членаў, гэта было б недальнабачна, я магу раскрыць карты. Трэба перагаварыць са штабам… Калі спатрэбіцца, я магу і 10 тысяч выставіць”, — кажа Гайдукевіч.
Што абяцае рабіць у выпадку перамогі: змагацца за суверэнітэт дзяржавы, правесці эканамічныя рэформы, развіваць грамадзянскую супольнасць, а таксама падтрымліваць беларускую мову і культуру.
Юрый Шульган — “Зялёныя”
Слоган: “Працаўладкуем дармаедаў разам”
Начальнік штаба: Паўлюк Канавальчык
Ініцыятыўная група: “Будзе больш за сто чалавек”.
Што абяцае рабіць у выпадку перамогі: скасаваць Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага утрыманства”.