Кіраўнік Еўрасавета спадзяецца праз год убачыць сумленна абранага прэзідэнта РБ

Шарль Мішэль / Reuters
Шарль Мішэль / Reuters

Кіраўнік Еўрапейскага савета Шарль Мішэль спадзяецца ўбачыць на саміце праграмы "Усходняга партнёрства" ў будучым годзе дэмакратычна абранага прэзідэнта Беларусі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы ў Брусэлі са Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл, паведамляе ТАСС

Мішэль адзначыў, што на саміце праграмы "Усходняга партнёрства" сёлета 15 снежня "крэсла [лідара] Беларусі застанецца пустым, аднак я спадзяюся, што да наступнага саміту ў гэтым крэсле будзе сядзець дэмакратычна абраны прэзідэнт Беларусі".

Кіраўнік Еўрасавета таксама абвясціў аб выдзяленні ЕС фінансавай дапамогі няўрадавым арганізацыям і СМІ, а таксама распавёў, што ЕС працягвае сачыць за сітуацыяй у Мінску. Дыпламаты з прадстаўніцтва Еўракамісіі перыядычна сустракаюцца з роднымі і адвакатамі палітычных зняволеных. Па словах Мішэля, для ЕС "асабліва важная дапамога, якую мы прадстаўляем міжнародным механізмам, якія збіраюць юрыдычныя сведчанні парушэнняў правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі".

Такім чынам збіраюцца доказы для прыцягнення да адказнасці вінаватых. "Яны павінны ведаць, што іх злачынствы запісваюцца, што доказы збіраюцца, і што іх прыцягнуць да суду", — падкрэсліў кіраўнік Еўрапейскага савета.

У чэрвені беларускі МЗС заявіў, што Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" і пачынае працэдуру прыпынення Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. Сваё рашэнне ў Мінску патлумачылі немагчымасцю "выконваць свае абавязанні ў рамках гэтага Пагаднення ва ўмовах уведзеных Еўрасаюзам санкцый і абмежаванняў".

Увосень з'явілася інфармацыя, што права голасу на саміце "Усходняга партнёрства" могуць атрымаць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл. "Усходняе партнёрства" — гэта праект ЕС, накіраваны на збліжэнне Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны з Еўрапейскім саюзам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі