Латвія адгародзіцца ад Беларусі плотам — яго пачнуць будаваць у бліжэйшыя дні
Пабудова плота на мяжы / EPA/Scanpix / LETA
У бліжэйшыя дні на мяжы Латвіі з Беларуссю пачнецца пабудова плота з калючага дроту, паведамляе Delfi.lt са спасылкай на заяву кіраўніка МУС Марыі Голубевай.
Працягласць плота складзе 37 кіламетраў, ён будзе ўзводзіцца на самых крытычных участках мяжы. Агульная працягласць мяжы паміж дзвюма краінамі складае 173 кіламетры.
З 10 жніўня прадухіленыя спробы 845 чалавек перасекчы дзяржаўную мяжу. З-за росту колькасці выпадкаў незаконнага перасячэння латвійска-беларускай мяжы ўрад з 11 жніўня ўвёў рэжым НС у Лудзенскім, Краслаўскім, Аўгшдаўгаўскім краях і ў Даўгаўпілсе.
З узрослым патокам мігрантаў на мяжы з Беларуссю сутыкнуліся таксама Літва і Польшча.
Раней Еўрарадыё паведамляла аб тым, што літоўцы маюць намер пабудаваць плот на мяжы з Беларуссю за год, а Польшча плануе паставіць на мяжы з усходняй суседкай сцяну вышынёй 2,5 метра. Акрамя таго, Польшча ўвяла рэжым НС на мяжы з Беларуссю — упершыню за 30 гадоў.
У ЕС лічаць, што гэты міграцыйны крызіс створаны штучна і да яго маюць адносіны беларускія ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.