"Я — бацька экстрэміста". Пяць гісторый крымскіх татар
Крымскія татары — карэннае насельніцтва Крыма. Агульная колькасць — каля 280 тысяч чалавек (агульнае насельніцтва паўвострава — 2,2 млн). Акрамя Крыма жывуць у Румыніі (24 тысячы), Узбекістане (90 тысяч) Турцыі (да 6 мільёнаў). У траўні 1944 года савецкія ўлады выселілі з тэрыторыі паўвострава каля 200 тысяч крымскіх татар, у асноўным іх дэпартавалі ва Узбекістан. Да 1991 года існавала забарона перасялення крымскіх татар у Крым.
У незалежнай Украіне аднавілася дзейнасць Меджліса — традыцыйнага выбарнага органа ўлады крымскіх татар, аднак афіцыйны Кіеў не прызнаваў Меджліс палітычнай адзінкай. У канцы лютага — пачатку сакавіка 2014 года крымскія татары выступілі за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. У 2015 годзе Вярхоўны суд Расійскай Федэрацыі забараніў дзейнасць Меджліса, прыраўняўшы яго да экстрэмісцкай арганізацыі.
Сулейман Кадыраў. Былы начальнік крымінальнай міліцыі Феадосіі. Больш за 25 гадоў прапрацаваў у праваахоўных органах Крыма. Следчы камітэт Расіі распачаў супраць Кадырава крымінальную справу за каментар "Крым — гэта Украіна" ў фэйсбуку. Яго вінавацяць у закліках да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай Федэрацыі.
"Калі з'явіліся "зялёныя чалавечкі", я ўжо не працаваў у праваахоўных органах. У 2011 годзе звольніўся па стане здароўя. Усе ведалі, што гэта расійская армія. А я юрыст. Я ж разумеў, што парушаныя ўсе нормы міжнароднага права, заканадаўства Украіны. Мы пачалі арганізоўваць атрады самаабароны ў месцах кампактнага пражывання крымскіх татар. Было незразумела, што ўвогуле адбываецца. Ахоўвалі мячэці, подступы да нашых паселішчаў, школ, дзіцячых садкоў. Я кіраваў гэтым...
Моцна перажываў, калі стала зразумела, што Крым захоплены. Мяне выбралі ў рэгіянальны Меджліс Феадосіі. Затым пачаў каардынаваць праваабарончую дзейнасць у рэгіёне, мяне выбралі на гэтую пасаду. Мы дапамагалі афармляць украінскія пашпарты, кансультавалі людзей. Я пастаянна выязджаў ва Украіну, і, відаць, гэта зацікавіла ФСБ, хоць я нічога крымінальнага не рабіў. Я ж юрыст, ведаю усе нюансы. Першы ператрус быў у 2015 годзе, 30 лістапада. Я з маладымі людзьмі ездзіў ва Украіну, дапамагаў ім там аформіць дакументы на паступленне. Вярнуўся дадому позна ўначы, каля 3-й гадзіны. А палове 7-й прыехалі ў масках, узброеныя аўтаматамі, зайшлі дадому. 15 чалавек. Забралі тэлефон, не далі пазваніць адвакату...
Нядаўна ў нас тут дзеці сабраліся у футбол пагуляць. Арганізавалі каманды. Дырэктар школы даведалася і забараніла ім разам збірацца. Сказала, што гэта несанкцыянаваны мітынг. Аб чым можна яшчэ гаварыць, калі дзецям нельга ў футбол гуляць? Там, дарэчы, дзеці ўсіх нацыянальнасцяў былі, не толькі татары. І ўкраінцы, і рускія дзеці таксама. Вёска на вёску гулялі...
Вы ведаеце, эйфарыя ўжо скончылася. Я шмат з кім знаёмы, размаўляю. І з тымі, хто моцна радаваўся прыходу Расіі, таксама. Хто хадзіў на рэферэндум. Тут усе зараблялі два месяцы ў год на турыстах, у сезон. А цяпер ужо два гады няма сезона. Нармальна працуе толькі бюджэтная сфера. Падатковая, міліцыя, адміністрацыі, ФСБ... Працы няма. Людзі едуць ва Украіну, у Расію, на Далёкі ўсход".
Ільмі Умераў, намеснік кіраўніка Меджліса, былы віцэ-прэм'ер урада Крыма, былы віцэ-спікер парламента Крыма. Перад анексіяй працаваў кіраўніком адміністрацыі Бахчысарая. Сышоў з пасады пасля прыходу ў Крым расійскай адміністрацыі.
"Мы не лаяльныя да акупацыйнай улады. Мы анексію лічым анексіяй, не прызнаем юрысдыкцыю расійскай адміністрацыі ў Крыме... 19 сакавіка мінулага года я ездзіў у Кіеў і ўзяў удзел у запісе тэлепраграмы на канале АТР. 40 хвілін абмяркоўвалі санкцыі, дзеянні ААН, ЕС. Разважалі, як зрабіць, каб Расійская Федэрацыя адмовілася ад Крыма, выйшла з Данецкай і Луганскай абласцей. Цяпер мне за гэта шыюць артыкул за публічныя заклікі да парушэння цэласнасці Расійскай Федэрацыі. Я сябе вінаватым не лічу. Ператрусы былі, допыты. Пазаўчора афіцыйна закончылася следства. Матэрыялы справы перададуць у пракуратуру, потым суд будзе. Я ілюзій не маю. Усё будзе як замовяць фсбшнікі.
За сяброўства ў Меджлісе па-сапраўднаму яны яшчэ не ўзяліся. Былі толькі адміністратыўныя справы. За ўдзел у паседжанні забароненай грамадскай арганізацыі. Мы ў мяне дома збіраліся, па скайпе звязваліся з іншымі сябрамі, якія цяпер на мацерыковай Украіне. Яны назвалі нас грамадскай арганізацыяй. Выбарны палітычны орган, створаны яшчэ сто гадоў таму... Цяпер мы пакуль не праводзім паседжанняў. Меджліс афіцыйна забаронены рашэннем Вярхоўнага суда Расійскай Федэрацыі.
Шмат новага з'явілася з прыходам расійскай улады. У асноўным нам усё забараняюць. Забараняюць адзначаць Дзень дэпартацыі крымска-татарскага народа, Дзень крымска-татарскіх сімвалаў, іншыя, драбнейшыя, мерапрыемствы. Лідараў, Мустафу Джамілева і Рэфата Чубарава, не пускаюць на тэрыторыю паўвострава. Яны не могуць да сябе дадому прыехаць.
Мы не праводзім цяпер вялікіх мерапрыемстваў. Не хочам падстаўляць людзей. Гэта аб'ектыўна небяспечна. Арышты, штрафы. Гэта б'е па людзях. Каб гэтага не было, мы адмовіліся ад такіх дзеянняў.
Ці ўсе татары выступаюць супраць расійскай улады? Не. Нават сярод маіх родных ёсць тыя, хто пагадзіўся супрацоўнічаць. Адзін мой родзіч працуе ўчастковым міліцыянерам.
Да такіх людзей рознае стаўленне. Адны разумеюць, што трэба карміць сем'і. Іншыя лічаць іх калабарацыяністамі і здраднікамі. Я, калі шчыра, захаваў адносіны... Нават калі лічыш, што чалавек зрабіў няправільна, то знаходзіш варыянты, як з ім падтрымліваць адносіны".
“Калі прытрымліваешся ісламу — цябе можна падвесці пад тэрарыстычны артыкул”
Эмір-Усэні Куку, былы інспектар “гарвыканкама” Ялты, знаходзіцца за кратамі сімферопальскага СІЗА больш за год. Яго абвінавачваюць у тэрарызме і спробе захопу ўлады. Следчыя сцвярджаюць, што ён належаў да аб’яўленай у Расіі тэрарыстычнай арганізацыі “Хізб ут-Тахрыр”. Мы размаўляем з жонкай Эміра-Усэні Мер'ем у іх яшчэ не дабудаваным катэджы ў пасёлку Карэіз. Дзеці, хлопчык гадоў 9 і дзяўчынка гадоў 6, з цікаўнасцю глядзяць на гасцей, а Мер'ем расказвае пра іх сямейную трагедыю.
“Мы прыблізна ведалі, што адбываецца з мусульманамі ў Расіі. Але што гэта здарыцца з такім адукаваным чалавекам, які ведаў толькі дом і працу... Не думалі, што могуць узяць і абвінаваціць у тэрарызме. Арыштоўваюць па 4-5 чалавек. Ужо ёсць “севастопальская група”, “бахчысарайская”, “ялцінская” і “сімферопальская”. У “ялцінскай групе” 4 чалавекі: мой муж-эканаміст, школьны вартаўнік, гандляр садавіной з рынка і майстар-аддзелачнік. Мы нікога з іх да гэтага не ведалі, пазнаёміліся толькі ў судзе, дзе толькі і можам бачыць сваіх блізкіх — іншых сустрэч нам не дазваляюць.
Цяпер так: калі прытрымліваешся ісламу — цябе можна падвесці пад тэрарыстычны артыкул. А калі ты свецкі чалавек, значыць, неяк звязаны з Меджлісам і — экстрэмісцкі артыкул.
Судзяць па расійскім заканадаўстве за падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Украіны
У судах Сімферопаля вось ужо два гады спрабуюць асудзіць па расійскіх законах шэраг удзельнікаў акцыі “За адзіную Украіну”, якая праходзіла 26 лютага 2014 года. Яшчэ да таго як у Крыме прайшоў рэферэндум і там дзейнічалі… украінскія законы. Ля суда сустракаем бацьку аднаго з падсудных. Знаёмімся.
“Мяне завуць Бекір Дзегерменджы. Я — бацька экстрэміста, які парушае расійскія законы. Хаця сын іх не парушаў. Сёння ў нас будзе чарговы суд, будзе разглядацца яго справа па 26 лютага 2014 года — падзеях, якія адбываліся ва Украіне. Па расійскіх законах яму пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення, хаця ў Расіі ён у масавых беспарадках не ўдзельнічаў! На тым мітынгу мы з сынам разам былі. На любым мітынгу, калі яго не ахоўвае міліцыя, бываюць нейкія беспарадкі. Асабліва калі побач два супрацьлеглыя мітынгі: прыхільнікаў Украіны і прыхільнікаў Расіі. Так, і там тады дайшло да таго, што людзей штурхалі, можа, каго і ўдарылі, але не скажаш, што былі масавыя беспарадкі. Народу там было каля 15 тысяч. Так, ёсць кадры, што ён у ліку іншых штурхаецца з тымі прыхільнікамі Расіі, але калі я спытаўся ў следчага, чаму нікога з таго боку не затрымалі, ён адказаў проста: “Пераможцаў не судзяць”.
Па той жа справе “26 лютага 2014 года” судзяць і намесніка Меджліса крымскататарскага народа Ахтэма Чыйгоза. Яго абвінавачваюць па артыкуле “Арганізацыя масавых беспарадкаў”. Судзяць Ахтэма Чыйгоза па расійскім заканадаўстве за падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Украіны ў той час, калі ў Крыме дзейнічалі ўкраінскія законы. І менавіта гэты факт больш за ўсё абурае жонку Ахтэма Эльміру Аблялімаву.
“І цяпер яго судзяць за тое, што ён выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, нармальную пазіцыю грамадзяніна сваёй дзяржавы — выступіў за захаванне цэласнасці Украіны!”.
Мы сядзім у невялікай кавярні непадалёк ад Вярхоўнага суда Крыма, дзе і судзяць Ахтэма Чыйгоза. Эльміры пашанцавала — ёй дазволілі быць грамадзянскім абаронцам мужа. Толькі дзякуючы гэтаму яна мае магчымасць сустракацца з ім не толькі ў зале судовых паседжанняў, але і ў СІЗА, і ведаць усе падрабязнасці справы і следства. Праўда, менавіта таму жанчына не мае ілюзій наконт будучага судовага рашэння.
— Мы ўжо праглядзелі ўсе фота і відэаматэрыялы, якія прадставіла дзяржаўнае абвінавачванне, выслухалі і правялі допыты іх сведак і пацярпелых. Пакуль доказаў віны мужа, як на мяне, няма. Гэта шытая белымі ніткамі, замоўленая і палітычная справа. Але ў такіх пытаннях цуду не бывае, і мы разумеем, што прысуд будзе абвінаваўчы. Іншае пытанне — колькі дадуць. Могуць даць да 10 гадоў, але колькі прысудзяць — залежыць ад знешняга фактару, ад знешняга ўціску, а не ад нас, не ад абароны. Разумець гэта вельмі цяжка. Цяжка і маральна, і псіхалагічна. Для сябе я гэта ўсё так прыняла: гэта немагчыма перажыць — з гэтым проста трэба навучыцца жыць. І вось мы цяпер жывем у такой рэчаіснасці: бачымся толькі ў СІЗА”.