Іх норавы: скарбашукальнікі зводзяць з глузду вёску, у Бразіліі — трапічны штурм
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Што адбываецца зараз у каралеўскай сям'і і вакол яе вы ведаеце і без нас. Так што ў гэтым аглядзе не будзе ні слова пра прынца Гары і яго стасункі з братам, чытайце смела. Ці слухайце на любой зручнай платформе.
Нацысцкае золата
Ахвотнікі да скарбаў зводзяць з глузду галандскую вёску, распавядае ВВС. Ва ўсім вінаваты Нацыянальны архіў Нідэрландаў, які рассакрэціў спецыфічны дакумент: карту скарбаў. На ёй нібыта адзначанае месца, дзе нямецкія салдаты закапалі скрыні, набітыя дыяментамі, рубінамі, золатам і срэбрам.
Вёска, у якой, як мяркуецца, закапаныя скарбы, знаходзілася непадалёк ад лініі фронту. У архіве ёсць сведчанні нямецкага салдата. Ён распавёў, што ў гарадскі банк, размешчаны недалёка ад гэтай вёскі, у 1944 годзе трапіла бомба. І ўсё змесціва сховішча — залатыя гадзіннікі, каштоўныя камяні, манеты — раскідала па вуліцы.
Некалькі салдат-акупантаў прысабечылі, што маглі. І схавалі здабычу ў скрынках з боепрыпасамі і пакетах з хлебам. А пазней, калі немцы адступалі, яны, мабыць, вырашылі прыкапаць скарб у суседняй вёсцы.
І зараз усю гэтую вёску перакапалі скарбашукальнікі-нелегалы. Лясы, палі — усё!
"Я не магу спаць", — кажа адна мясцовая жыхарка. У яе садзе скарбашукальнікі таксама выкапалі яму.
“Я пераехаў сюды ў пошуках цішыні і спакою. А цяпер пра нас ведае ўвесь свет", — скардзіцца іншы.
Напэўна, вы ўявілі, што месца са скарбам адзначана на карце чырвоным крыжам. Дык вы ўявілі правільна! Не ведаем, на што разлічваў Нацыянальны архіў, публікуючы такое.
Гэй, калі вы рванулі купляць квіток на лаўкост да Нідэрландаў — спачатку хоць бы дачытайце наш агляд!
Трапічны штурм Капітолія
Памятаеце, як экс-прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару называлі "трапічным Трампам"? Падобна, што гэта было даволі трапнае вызначэнне, таму што пасля паразы Балсанару на выбарах мы ўбачылі фактычна "трапічны штурм Капітолія".
Прыхільнікі Балсанару штурмавалі Кангрэс і Прэзідэнцкі палац у сталіцы-горадзе Бразіліа, распавядае CNN. Адным сказам пра тое, што там дзеялася: калі пратэстоўцы паспрабавалі падпаліць кілім у будынку Кангрэса, спрацавала сістэма пажаратушэння і памяшканне заліло вадой. Наогул, больш за тысячу чалавек былі арыштаваныя.
Не праводзіць аналогій з ЗША тут даволі складана. Бразілія — найбуйнейшая паўднёва-амерыканская дэмакратыя. І грамадства падзеленае. У гэтым кастрычніку да ўлады прыйшоў левы прэзідэнт Лула да Сілва, але няма падстаў сцвярджаць, каб гэта была "ўпэўненая і ўсёабдымная перамога" над правым Балсанару.
Калі вам мала аналогій, раскажам, што пацярпелы паразу Балсанару нібы на самой справе па прыкладзе Трампа пачаў сумнявацца ў легітымнасці галасавання. А суд назваў яго заявы аб тым, што машыны для галасавання быццам бы выйшлі са строю "смеху вартымі і незаконнымі". Патрабуем прэмію для таго, хто пабудуе дэмакратыю, не падобную на гэтую. Дакладней, на гэтыя.
Пратэсты ў Іране
У Іране нічога не скончылася, урад працягвае распраўляцца з пратэстамі. Цяпер на пяць гадоў зняволення асудзілі Фаэзе Хашамі, дачку былога прэзідэнта Ірана, піша CNN са спасылкай на яе адваката.
Разумеем ваша здзіўленне: сапраўды, нават у Іране прэзідэнты мяняліся.
Паводле звестак Дзяржаўнага іранскага агенцтва ISNA, летась Фаэзе Хашамі выставілі абвінавачванні ў прапагандзе супраць сістэмы. Для яе гэта не першы арышт. У 2012 годзе Фаэзе правяла некалькі месяцаў у турме за антыўрадавыя выступы.
І яна не адзіная вядомая актывістка, якую Іран не пасаромеўся асудзіць пасля таго, як краіна выбухнула антыўрадавымі пратэстамі ў 2022 годзе. Іран прывёў у выкананне ўжо чатыры смяротныя прысуды. І яшчэ некалькім дзясяткам чалавек прысудзілі смяротнае пакаранне.
Развітанне з Вествуд
А заснавальніка “Вікілікс” Джуліяна Асанжа не адпусцілі з турмы на пахаванне мадэльера Вів'ен Вествуд, піша The Guardian са спасылкай на членаў сям'і Вествуд.
Мадэльерка была даўнім сябрам і прыхільніцай Асанжа. У 2020 годзе ВВС расказвала, як Вествуд падвесіла сябе ў велізарнай птушынай клетцы ля будынка Цэнтральнага крымінальнага суда ў Лондане — яна пратэставала супраць зняволення стваральніка Вікілікс.
І менавіта Вів'ен Вествуд распрацавала дызайн сукенкі для нявесты Джуліяна — Стэлы. У гэтай сукенцы Стэла і з'явілася ў турме Белмарш у мінулым годзе, каб афіцыйна стаць жонкай Асанжа.
І яшчэ пры жыцці Вествуд прасіла Асанжа прысутнічаць на яе пахаванні. Але яго не адпусцілі з турмы.
Члены сям'і мадэльеркі сказалі, што расчараваныя, але не здзіўленыя.
— Джуліян не быў асуджаны за нейкае злачынства, але з ім абыходзяцца так, як быццам бы ён тэрарыст. Адзінае, у чым ён вінаваты — гэта публікацыя праўды.
"Трэба проста ёй кіраваць"
І кароткая гісторыя, якая матывуе. Жанчыны змогуць стаць пілотамі “Формулы-1”, піша Bloomberg. Акадэмія “Формулы” будзе рыхтаваць іх да ўдзелу ў бітве за гран-пры.
За ўсю гісторыю “Формулы” ў ёй удзельнічалі толькі 5 жанчын. Апошнім разам жанчына сядзела за рулём аўто ў спаборніцтвах 1976-га, і гэта была італьянка Лела Ламбардзі.
Перад тым, як сесці за стырно аўтамабіля ў “Формуле-1”, яна кіравала фургонам, на якім вазіла прадукты для мясной крамы, што належала яе сям'і.
Калі журналіст спытаў у Лелы, як гэта — пілатаваць такую вялікую машыну, яна адказала: “Мне не трэба было яе цягаць, мне проста трэба было ёй кіраваць”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.