"Няма доказаў экстрэмізму БЧБ": гісторык абараняе нацыянальную сімволіку
БЧБ-сцяг на акцыі салідарнасці ў Маскве / Еўрарадыё
Беларуская ўлада распрацавала законапраект аб прызнанні экстрэмісцкімі сімвалаў пратэсту: бел-чырвона-белага сцяга і вокліча "Жыве Беларусь!": маўляў, імі ў час вайны карысталіся калабаранты.
Але ці вінаватыя нацыянальныя сімвалы беларускага народа ў тым, хто і як іх выкарыстоўваў? Ці ёсць наогул доказы здзяйснення ваенных злачынстваў пад бел-чырвона-белым сцягам?
На гэтыя і іншыя пытанні ў стрыме Еўрарадыё адказваў мастак-геральдыст, даследчык, сябра Геральдычнага савета пры прэзідэнце Беларусі Віктар Ляхар.
Ці ёсць гістарычнае абгрунтаванне ў "экстрэмізму" бел-чырвона-белай сімволікі?
— Не, гэта не адпавядае рэчаіснасці: на роўным месцы прыцягнутыя за вушы карцінкі. Эмблема і сцяг — візуальныя ідэнтыфікатары заснавальніка і ідэі. Калі б беларуская калабарацыя стваралася як прафашысцкая арганізацыя, спраектавала сваю эмблему і сцяг і ёю карысталася, нарабіўшы шмат бед, — тады можна было б гаварыць, што гэта сімволіка стваралася як экстрэмісцкая і юрыдычна так замацаваная.
Бел-чырвона-белы сцяг — ідэнтыфікатар беларускага народа ў ВКЛ і пазней, у царскія часы. У гады вайны калабарацыя выкарыстоўвала сцяг выключна як ідэнтыфікатар беларускіх падраздзяленняў, беларускіх уладаў. Гэтаксама ва Украіне і Польшчы.
Мільён разоў пра гэта казалі: усе арганізацыі, якія выступілі ў крыжовы паход супраць бальшавізму, выкарыстоўвалі сваю сімволіку. Іначай як ставіцца да расійскага трыкалора і георгіеўскай стужкі? Гэта сімвалы падраздзяленняў, якія выступілі на баку немцаў. Гэтыя сімвалы мы бачым сёння ў Беларусі.
Гэта вельмі выбіральна: для чужых — закон, для сваіх — паняцце. Гэта нават юрыдычна не складваецца ў дакумент, гэта суцэльная ідэалагема, якая ніякага дачынення да закона не можа мець. Гэта мы бачым, а гэта мы дэманстратыўна не заўважаем.
Ці знайшлі гісторыкі доказы таго, што пад бел-чырвона-белым сцягам здраднікі знішчалі беларусаў?
— Калі б гісторыкі, якія працуюць у архіве, знайшлі дакумент, што людзі па локаць у крыві, у гумовых фартухах і пальчатках стаяць пад бел-чырвона-белым сцягам — ужо б "Гаррэклама" выставіла велізарныя шчыты з гэтымі фатаграфіямі і адпаведнымі ідэалагемамі: "Не даруем, не забудзем, не дапусцім нацысцкага БЧБ на беларускую зямлю". Няма такіх дакументаў і быць не можа.
Але калі б нават такія дакументы былі, то ўсё роўна, як мы сказалі раней, нельга было б успрымаць бел-чырвона-белы сцяг як калабарацыянісцкую сімволіку, калі яна не стваралася з такімі мэтамі першапачаткова. У Чыкацілы быў савецкі пашпарт, СССР — краіна Чыкацілы? Такія высновы — ні пра што, гэтыя прычынна-выніковыя сувязі нават абмяркоўваць не хочацца.
У 1942 годзе для ахоўных і паліцэйскіх батальёнаў (часцей аховы і часцей аховы парадку) распрацавалі сімволіку: для ахоўных — чырвоныя, для паліцэйскіх — зялёныя. Насілі чырвона-зялёныя пагоны і кукарды: паліцыя, якая расстрэльвала партызанаў. Тыя ж казакі, якія ваявалі з савецкай уладай.
Чым займаліся падраздзяленні і часці, якія выкарыстоўвалі бел-чырвона-белую сімволіку?
— Яе ў асноўным выкарыстоўвалі часці, якія дэкларавалі сваю беларускасць: часці Беларускай краёвай абароны, якую немцы меркавалі выкарыстоўваць пры наступе Чырвонай Арміі. Адкочваючыся пад яе ўдарамі, гэтыя часці адыходзілі з нямецкімі войскамі, якія таксама адыходзілі. Гэта часці армейскага тыпу. Я ніколі не сустракаў дакументаў, што Беларуская краёвая абарона паліла вёскі. Яна пазіцыянавалася як баявая часць для бою на фронце, таму знішчаць сялян і паліць габрэяў наогул не меркавалася.
Гэтым займаліся паліцэйскія батальёны рознай нацыянальнай прыналежнасці. Іх выкарыстоўвалі як дапаможныя часці пры антыпартызанскіх аперацыях і для знішчэння мірнага насельніцтва. Гэта паліцыя, а не беларускія нацыянальныя арганізацыі. Нават у дакументах пішацца, што чалавек прымае прысягу на вернасць беларускаму народу, што ён будзе да апошняй кроплі крыві змагацца за Беларусь. А потым яму кажуць: ідзі палі беларускую вёску? Не, гэта прыцягнута ўсё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.