"Пісаць можна пра ходнікі і культуру". Што ў Крыме стала з журналістыкай
У канцы лютага 2014 года на тэрыторыі паўвострава Крым з’явіліся “зялёныя чалавечкі”. Усе вайсковыя часткі узброеных сіл Украіны і будынкі вышэйшых органаў улады былі блакаваныя ўзброенымі салдатамі, якія адмаўляліся ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам і атрымалі агульную мянушку “ветлівыя людзі”. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум, на які былі вынесеныя пытанні пра будучы статус паўвострава. Сярод прапанаваных насельніцтву варыянтаў былі “Уваход у склад РФ” і “Вяртанне Канстытуцыі 1992 года і Крым як частка Украіны”. Згодна з дадзенымі адміністрацыі паўвострава, 96,77% яго жыхароў прагаласавала за ўваходжанне ў склад Расіі, яўка склала 83,1%. Улады Украіны не прызналі вынікаў, згодна з украінскімі законамі, такія пытанні не могуць вырашацца шляхам рэферэндуму. 27 сакавіка Генеральная асамблея ААН прызнала, што рэферэндум 16 сакавіка не можа мець законнай сілы, а Крым юрыдычна застаецца часткай Украіны.
Праз тры гады пасля падзей сакавіка 2014 года афіцыйны Кіеў лічыць паўвостраў часова акупаванай тэрыторыяй. Крэмль настойвае, што Крым з'яўляецца часткай расійскай тэрыторыі. Крымскія СМІ, якія прытрымліваліся такой жа пазіцыі, альбо перасталі існаваць ўвогуле, альбо пераехалі на мацерыковую Украіну.
“Цяпер пісаць пра палітку, рабіць матэрыялы на палітычныя тэмы ў нас небяспечна”
Крымскататарскі тэлеканал ATR на момант свайго закрыцця ў 2014 годзе быў самым папулярным сярод крымчан. Прычым, глядзелі яго не толькі крымскія татары, бо праграмы выходзілі як на крымскататарскай, так і на ўкраінскай, рускай і турэцкай мовах. Але пасля “рэферэндуму” расійскія ўлады адмовілі тэлеканалу ў ліцэнзіі на вяшчанне. Рэдакцыя вымушаная была пераехаць у Кіеў. Гісторыю закрыцця расказвае нам генеральны дырэктар ATR Эльзара Іслямава ў некалі шумным памяшканні крымскай рэдакцыі тэлеканала. З’язджаць з Крыма яна адмовілася.
― У нас была ліцэнзія, выдадзеная ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны, і мы працавалі як тэлеканал і мелі дзве радыёстанцыі. Пасля акупацыі, а потым далучэння да Расіі, нам, як і іншым СМІ, далі год на атрыманне расійскай ліцэнзіі. Пяць разоў нам вярталі дакументы з адмовамі: то не той дакумент падалі, то дакажыце, што вашаму заснавальніку сапраўды больш за 18 гадоў. У выніку, на момант 1 красавіка 2015 года мы ліцэнзіі так і не мелі. І ў адпаведнасці з заканадаўствам Расіі, мусілі спыніць вяшчанне, інакш кантралюючыя органы атрымлівалі права канфіскаваць наша абсталяванне. Нават асабісты зварот Эрдагана да Пуціна не дапамог. Але мы выдатна разумелі, што нам не маглі прабачыць таго, што мы асвятлялі падзеі ў Крыме ў 2014 годзе так, як яны на самой справе адбываліся. Асцерагаліся ўлады і нашай вялікай папулярнасці сярод крымчан. У чэрвені мы зразумелі канчаткова, што працаваць нам тут не дадуць, і ўласнік прыняў рашэнне аб пераездзе ў Кіеў. Каб адтуль праз спадарожнік працягваць працаваць…
― Але ці атрымліваецца з Кіева адэкватна паказваць жыццё ў Крыме?
― Якасць ATR як тэлеканала, які на 100% паказваў карціну жыцця ў Крыме, ужо не тая. Мы згубілі імгненную сувязь з нашымі гледачамі, не можам рэагаваць аператыўна на падзеі. Гэта відавочна, і на гэта сённяшнія гледачы канала ў Крыме скардзяцца.
― А журналісты-фрылансеры не могуць здымаць тут нейкія сюжэты?
― Тыя журналісты, якія не паехалі з розных прычын у Кіеў, паспрабавалі здымаць тут сюжэты. Маўляў, мы тут здымаем і проста прадаём туды, нібыта працуем, як прадакшн-студыя. Але нам імгненна перакрылі такую магчымасць. Спачатку проста журналістаў пераследавалі, а пасля таго, як у Расіі ўласніка канала прызналі экстрэмістам-тэрарыстам, то нам проста забаранілі гэта рабіць.
Цяпер тая частка калектыву ATR, што не з’ехала ў Кіеў, распачала новы інтэрнэт-праект. Але ён, прызнаецца Эльзара, выключна гісторыка-культурніцкі. Пра палітыку яны не робяць нічога адмыслова. “Не таму, што журналістаў адпаведнага профілю няма, а выключна з мэтаў бяспекі. Так, цяпер пісаць пра палітку ў нас небяспечна”, ― сумна канстатуе на развітанне.
Нарыман Джэлял, палітолаг па адукацыі, працаваў на канале ATR дыктарам і вядучым аналітычных праграм, пісаў артыкулы на палітычныя тэмы для шэрагу крымскіх газет. Пасля таго, як рэдакцыя ATR пераехала ў Кіеў, журналістыкай не займаецца.
―Сітуацыя са СМІ такая: калі ты не закранаеш у сваіх публікацыях, сюжэтах генеральную лінію ўлады, не закранаеш сітуацыю з Крымам у палітычным плане, міжнародным маштабе, а ў крытыцы не ідзеш далей за дрэнна пакладзеную плітку на тратуарах ці дэпутата-карупцыянера, то працаваць можна. І такія СМІ ёсць. Чыноўнікаў можна крытыкаваць, нават праводзіць нейкія журналісцкія расследаванні. Але ўсе тыя СМІ, якія дазвалялі сабе казаць пра тое, што Крым быў анексаваны, што гэта незаконныя дзеянні Расіі, казаў пра вялікую палітыку ― іх усе падчысцілі. Падчысцілі нават тыя СМІ, якія дазвалялі сабе вострую крытыку на адрас першых асоб з кіраўніцтва Крыма ― Аксёнава, Канстанцінава.
― А працаваць фрылансерам на нейкая ўкраінскае СМІ можна?
― Мой калега, вельмі дасведчаны палітычны журналіст, так працаваў на адно ўкраінскае СМІ. Пад псеўданімам друкаваў матэрыялы. Але потым яго беспадстаўна затрымалі. Што яму там казалі, ён пазней не казаў, але па выніку ён прыйшоў да высновы, што далей такая праца для яго небяспечная, але з’язджаць ён не стаў і стаў пісаць абсалютна на іншыя, далёкія ад палітыкі тэмы: гістарычныя, культуралагічныя і гэтак далей. А пераважная большасць крымскіх журналістаў, якія займаліся палітычнай тэматыкай, проста з’ехалі адсюль. І цяпер яны ў Кіеве сталі дастаткова заўважнымі фігурамі ў нашай прафесіі. Таму, фрылансам займацца тут, у прынцыпе, можна, але трэба быць вельмі акуратным. Бо, як з тым жа Мікалаем Семяной адбылося ўсё? Нейкім чынам, хутчэй за ўсё, быў атрыманы ўдалены доступ да яго камп’ютара, але сілавікі атрымалі матэрыялы таго, што ён пісаў. І там былі выказванні, якія парушаюць расійскае заканадаўства, датычна “тэрытарыяльнай цэласнасці Расійскай Федэрацыі”. Прасцей кажучы, пра тое пісаў, што Крым быў далучаны да Расіі незаконна. І вось цяпер яго абвінавачваюць па артыкуле “Аб закліках да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці з дапамогай СМІ, а менавіта інтэрнэта”.
― Цяпер у Крыме засталіся альбо ідэйныя журналісты, якія падтрымліваюць ўсё тое, што тут адбылося, альбо тыя, хто… працуе. Яны кажуць: “Ну, а што нам рабіць? Я толькі журналістыкай займацца і ўмею, я проста працую”. Іх можна таксама зразумець: журналісту складана знайсці іншую працу…
Замежным журналістам сюды прыязджаць можна, але гэта не тычыцца журналістаў украінскіх. Бо ім трэба атрымліваць акрэдытацыю ў расійскім МЗС, а потым ехаць сюды, але гэта супярэчыць украінскаму заканадаўству. А прыязджаць сюды і нешта рабіць нелегальна, вельмі небяспечна, бо праваахоўнікі ў нас вельмі пільна гэта адсочваюць, і былі ў нас ужо затрыманні такіх “нелегалаў”.
― Ці бачыце вы віну ў тым ліку і журналістаў у тым, што адбылося ў Крыме? Можа, у нечым недапрацавалі, не заўважылі своечасова пагрозы? І ў Беларусі, каб “крымскі сцэнарый” не паўтарыўся, варта адключыць трансляцыю расійскіх СМІ?
― Не трэба перабольшваць ролю менавіта СМІ, бо ў Крыме дзейнічала вялізная расійская “пятая калона”: гэта і відавочна прарасійскія СМІ, і філіял Інстытута краін СНД спадара Затуліна, і так званыя “еўразійскія”, “дугінскія” структуры, партыі, грамадскія арганізацыі і цэлыя экспертныя таварыствы прарасійскага ўхілу. Менавіта яны фармавалі тут пэўны дыскурс, мясцовую прарасійскую пляцоўку. Што стала магчымым ва ўмовах украінскага “казацкага” дэмакратызму. А Служба бяспекі Украіны да апошняга дня галоўнай небяспекай цэласнасці Украіны лічыла крымскіх татар і “турэцкі фактар”. Хаця мы заўжды казалі: “Не, не мы, а вось тыя хлопцы”. Я сам, ад пачатку сваёй журналісцкай кар’еры, пра гэта пісаў і вельмі шмат. А калі Януковіч і Мядзведзеў у Харкаве падпісалі пагадненне аб працягу тэрміна базавання ў Крыме расійскага флоту, мы пра гэтую расійскую небяспеку проста крычаць сталі і папярэджваць, што Украіна праз гэта згубіць Крым. І, на жаль, апынуліся, мелі рацыю. Таму Беларусі трэба найперш вывучыць настроі людзей, вызначыць, колькі ў вас тых, з кім жыве “здаровы нацыяналізм”, а колькі тых, хто настальгуе па СССР, хто мае прарасійскія настроі. І што галоўнае ― не даць магчымасці развярнуцца ў вас гэтай прарасійскай пятай калоне.
Дзеля цікавасці, мы набылі ў шапіку ў цэнтры Сімферопаля мясцовую “Крымскую газету”. Што праўда, нумар быў перадсвяточны, за 7 сакавіка, але сапраўды ― ніводнага вострага, а тым больш вострапалітычнага матэрыялу там не было.