Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Афнагеля, Юхневіча і Войніча

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Афнагеля, Юхневіча і Войніча

Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася яшчэ на трох чалавек — цяпер іх 77.  

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі актывістаў “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, абвінавачаных паводле арт.293 Крымінальнага кодэкса ("Масавыя беспарадкі"), піша праваабарончы сайт "Вясна". 

Праваабаронцы адзначаюць, што ўдзельнікі паслявыбарных пратэстаў не здзяйснялі дзеянні, якія могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. "Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам. Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі", — гаворыцца ў заяве.

Войніч, Афнагель і Юхневіч — даўнія ўдзельнікі апазіцыйных арганізацыяў. Афнагель і Юхневіч былі ў "Маладым фронце". Яны ж разам з Войнічам удзеьнічалі ў стварэнні моладзевага руху "Зубр".

"Мы ацэньваем пераслед Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі"), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з іх публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны патрабуюць, каб беларускія ўлады вызвалілі ўсіх палітзняволеных і спынілі палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна” (афіцыйна зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі Дакументацыйны цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Простае таварыства "Ініцыятыва FORB".

Поўны спіс палітвязняў з адрасамі, куды ім можна пісаць, размешчаны тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі