Што шакіравала Беларусь у 2016-ым: п’яны даішнік, хлопец з бензапілой і іншае

Што шакіравала Беларусь у 2016-ым: п’яны даішнік, хлопец з бензапілой і іншае

Забойства бензапілой у “Новай Еўропе”

 

Восьмага кастрычніка каля 17.30 вечара студэнт-першакурснік Улад К. заходзіць у гандлёвы цэнтр. З чахла ад гітары дастае бензапілу і наносіць смяротныя траўмы 43-гадовай жанчыне. Таксама ў нападніка сякера, якой ён раніць дзвюх іншых жанчын сярэдняга веку. К. скручвае адзін з супрацоўнікаў “Новай Еўропы” ― хлопец, які займаецца тайскім боксам. Знаёмыя затрыманага расказваюць Еўрарадыё, што ён “не любіў людзей”. Раней “герой” не аднойчы трапляў у РНПЦ псіхічнага здароўя. Але Следчы камітэт паведамляе, што ён усведамляў свае дзеянні падчас здарэння. У першых чыслах студзеня будзе суд. 

Суд над наркабаронам, ці “Справа сямнаццаці”

 

13 снежня Мінгарсуд агучвае прыгавор самаму буйному наркасіндыкату Беларусі. Цягам некалькіх гадоў яны распаўсюджвалі так званыя спайсы. Арганізатарам злачыннай групоўкі аказваецца мінскі “мажор” Канстанцін Вілюга. Ён атрымаў 20 гадоў пазбаўлення волі. Усім абвінавачаным агулам тэрмін склаў 214 гадоў і 3 месяцы.

Жанчына гіне пад коламі БМВ. Кіроўца ― п’яны начальнік з ДАІ

 

Трагедыя здараецца ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёна. БМВ насмерць збівае жыхарку Слуцка Вольгу Стралкоўскулю. За стырном ― нецвярозы маёр міліцыі Ваўкавыцкі, які часова ўзначальвае ДАІ Баранавічаў. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. 

Мінская міліцыя выстаўляе відэа брутальнага збіцця “жанчыны”

 

Выпадак шырока абмяркоўваецца. У тым ліку гучаць галасы, што злачынцу трэба расчляніць. Пазней Еўрарадыё даведваецца пра тое, што на відэа насамрэч б’юць не жанчыну, а мужчыну.

Абвінавачанага заводзяць у залу суда на ланцугу, як жывёлу

 

22 лістапада ў Слуцку выносяць прыгавор па гучнай справе. Івану Барбашынскаму даюць два гады “хатняй хіміі”. Выходзіць, чалавек не ўяўляе для грамадства звышнебяспекі. Але на пасяджэнні суда яго вадзілі на ланцугу, як сабаку. Навошта гэта рабілася, кампетэнтныя органы патлумачыць так і не змаглі. 

Інспектар ДАІ так спыняе байкера, што ледзь не гіне

 

У канцы кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска дае пяць гадоў пазбаўлення волі матацыклісту Сяргею Шаўцову. За паўгода да гэтага ён трапіў у неадназначную сітуацыю. Шаўцоў спыніўся на чырвонае святло на трамвайных шляхах, да яго падбег супрацоўнік ДАІ. Праз секунды матацыкл зараз з байкерам і даішнікам паехаў наперад і сутыкнуўся з мікрааўтобусам на праспекце Незалежнасці. Шаўцоў настойваў, што націснуў на газ не па сваёй волі, а з-за даішніка. Але суд абвінавачанаму не верыць. 

Затрыманне Юрыя Чыжа

 

У сакавіку грыміць сенсацыйная інфармацыя пра крымінальную справу на  буйнога бізнэсоўцу. Юрыя Чыжа ў СМІ называлі алігархам і кашальком Лукашэнкі. Праз нейкі час абвінавачанага выпускаюць на волю. 

Замах на настаўніцу ў мінскай гімназіі №74

 

Як паведамляе следства, 23 траўня ў кабінеце рускай мовы педагог застаецца сам-насам з 16-гадовым вучнем. Па невядомых прычынах хлопец шматразова б'е яе вострым прадметам. І ўцякае. Настаўніцу ўратавалі.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, "матывам здзяйснення злачынства з'явілася помста за нібыта неаб'ектыўную ацэнку настаўнікам яго ведаў". Юнака будуць судзіць за “замах на забойства”. 

Супрацоўніца ламбарда праганяе ўзброенага рабаўніка

 

Дзяўчына не палохаецца, калі на яе настаўляюць пісталет. Рабаўнікі не бяруць з касы ламбарда ні рубля. 

Пратэст будаўніка на вежавым кране стадыёна “Дынама”

 

У канцы красавіка Дзмітрый Сталяроў з Віцебска наважваецца на рызыкоўны крок. Ён караскаецца на вежавы кран, дзе пратэстуе супраць парушэння яго правоў.

Звычайна за такое ў Беларусі адпраўляюць у калонію. Але Сталярова “зразумелі і адпусцілі”. 

Уладзіміра Кондруся затрымліваюць праз шэсць гадоў пасля “Плошчы-2010”

 

Здарылася гэта пасля таго, як журналісты блытаюць мужчыну з “правакатарам са спецслужбаў” і публікуюць яго фота. 

Праваабаронцы называюць Кондруся палітвязнем. Падчас суда ён адмаўляецца адказваць на пытанні суддзі, дэманстратыўна ляжыць і нават спрабуе парэзаць сабе вены. Сканчваецца ўсё тым, што абвінавачанаму даюць “хатнюю хімію” і выпускаюць з залы суда. 

Тэлевядучая Люцыя Лушчык фігуруе ў гучным сямейным скандале

 

Цягам года грыміць гісторыя, звязаная з зоркай беларускага ТБ. Фабула такая: Лушчык бярэцца шлюбам з бізнэсмэнам Андрэем Герашчанкам, які судзіцца за дачку з былой жонкай Ілонай. Праз нейкі час у сеціве з’яўляецца відэаролік у якім асоба, падобная на Лушчык, абражае Ілону Герашчанку ў прысутнасці яе малой дачкі.

Фінал гісторыі такі: дзяўчынка засталася з бацькам-бізнэсмэнам. Родная маці не можа сустракацца з дачкой. Лушчык працягвае працаваць на ТБ. 

Рассакрэчаны і асуджаны John Silver

 

У сярэдзіне года паведамляецца пра затрыманне вядомага блогера. Эдуард Пальчыс піша пра самадастатковасць беларускага народа і пра тое, што Расія не з'яўляецца для нас пабрацімам.

Блогеру даюць 1,9 года “хатняй хіміі” за распальванне варожасціі і выпускаюць з залы суда.

У Беларусі затрымліваюць траіх журналістаў “Рэгнума”

 

У 2016 годзе абвастраецца інфармацыйнае супрацьстаянне паміж Расіяй і Беларуссю. Некаторыя інфармацыйныя рэсурсы з краіны-суседкі называюць нас “недадзяржавай”.  Робяцца адкрытыя намёкі на тое, што Расіі трэба прымаць меры ў дачыненні да “саюзнікаў”.

На пачатку снежня за распальванне варажнечы затрымліваюць траіх аўтараў, якія працуюць на партал “Рэгнум”. 

З буйных расійскіх чыноўнікаў толькі дырэктар Расійскага інстытута сацыяльных даследаванняў Леанід Рашэтнікаў ідзе на тое, каб востра  і негатыўна загаварыць пра Беларусь. Напрыклад, пра тое, што беларускай мове нібыта 90 гадоў.  

Мама-скандалістка адсуджвае ў дзяржавы дваіх дзяцей

 

Калі ў бабруйчанкі Настассі Навоевай забралі дваіх дзяцей, то за яе заступілася паўкраіны. Хоць жанчына сама раней не аднойчы мела судзімасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі