Прапаганда супраць рэальнасці

Крым у 2017 годзе. Фота: Алесь Пілецкі, Еўрарадыё​
Крым у 2017 годзе. Фота: Алесь Пілецкі, Еўрарадыё​

Святлана Казлова, “Медиасеть”

Пяць гадоў таму, 16 сакавіка 2014 года, адбыўся "рэферэндум" аб статусе Крыма. Падчас галасавання рэспубліка была ўжо пад кантролем "ветлівых людзей". У перыяд агітацыі паўвостраў быў завешаны прарасейскімі ўлёткамі з абяцаннямі лепшага жыцця і развіцця рэгіёна. Прапагандысты не драбязніліся і гарантавалі крымчанам светлую будучыню ў складзе Расіі. Новае дыханне курортам, зніжэнне пенсійнага ўзросту, высокія зарплаты і пенсіі супрацьпастаўляліся "фашысцкім" жахам Украіны.

Пропаганда против реальности
Білборды Крыма перад "рэферэндумам". Фота: Яўген Фельдман, Новая Газета

Паводле афіцыйных (расійскіх) дадзеных, "за ўз'яднанне Крыма з Расіяй" прагаласавала больш за 96% насельніцтва. Абапіраючыся на вынікі "рэферэндуму", 18 сакавіка Расія завяршыла працэс анексіі і ўвяла Крым у склад РФ. Наступныя пяць гадоў расійскія СМІ няспынна абвяшчалі пра неверагодныя поспехі "расійскага" Крыма. Наколькі рэальныя крымскія "дасягненні" і ці спраўдзіліся абяцанні лепшага жыцця ў складзе Расіі?

Турызм б'е ўсе рэкорды!

Рэкорды крымскага турызму — адна з самых папулярных тэм расійскай прапаганды. Пасля заканчэння сезона 2018 года расійскія СМІ апанавалі загалоўкі пра чарговы рэкорд. Расійскі Крым зноў на вышыні — рэкорд "украінскіх" часоў, 6,1 мільёна турыстаў у 2012 годзе, нарэшце пабіты. СМІ паведамілі пра найлепшы сезон за ўвесь постсавецкі час — амаль 7 мільёнаў турыстаў у 2018 годзе. Прычым амаль мільён — турысты з Украіны. Неверагоднае дасягненне!

Пропаганда против реальности
Развіццё турызму ў Крыме — прыярытэт расійскіх уладаў. Фота: Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Дасягненне сапраўды малаімавернае, а праўдзівасць лічбаў выклікае сумневы. Галоўныя пытанні — да методыкі падліку турыстаў. Калі за аснову браць не начоўкі ў гатэлях, а пасажырапаток праз адміністрацыйную мяжу і лічыць турыстамі наогул усіх, хто перасёк гэтую мяжу, то лічба ў 7 мільёнаў здаецца цалкам рэалістычнай.

Нават дадзеныя расійскага Крымстата ставяць пад сумнеў заяву пра 7 мільёнаў турыстаў. У прэс-рэлізе да дня турызму Крымстат паведамляе, што за 6 месяцаў 2018 года ў "калектыўных сродках размяшчэння" (гатэлях, хостэлах, пансіянатах — заўв.) "аздаравілася і адпачыла" 481,6 тысячы чалавек, пры гэтым каля 95% — грамадзяне Расіі. Нават калі ўлічыць нейкую колькасць турыстаў пасля выхаду прэс-рэлізу 27 верасня (гэта значыць пасля заканчэння асноўнага сезона), гэтыя лічбы несупастаўна ніжэйшыя, чым 7 мільёнаў.

Мільён турыстаў з Украіны таксама пацвярджае некарэктнасць методыкі падліку. Паводле дадзеных Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, у 2018 годзе колькасць перасячэнняў адмінмяжы склала сапраўды крыху больш за мільён чалавек — 1,216 мільёна ў Крым і 1,226 назад на мацерыковую частку Украіны. Паводле логікі Расіі, усе гэтыя людзі — турысты, а не жыхары самога Крыма і суседняй Херсонскай вобласці. Людзі ездзяць наведаць родных, вырашыць пытанні з пенсіямі і дапамогамі, вырашыць фінансавыя пытанні. Лічыць іх турыстамі было б дзіўна.

Пропаганда против реальности
Адміністрацыйная мяжа з Крымам. Фота: Віталь Швец, Грамадскае

Пенсіі і зарплаты вышэйшыя, жыццё лепшае!

Абяцанні зваблівых расійскіх заробкаў і пенсій адыгралі важную ролю ў крымскім "рэферэндуме". У 2014 годзе ўкраінскія зарплаты і пенсіі былі значна ніжэйшыя за расійскія, і перспектыва атрымліваць як расіяне выглядала вельмі прывабнай. І сапраўды, і пенсіі, і зарплаты выраслі да расійскіх стандартаў. Сярэдняя пенсія ў Крыме цяпер 12 тысяч рублёў ($180), а сярэдняя зарплата дасягнула амаль 29 тысяч рублёў ($435) у месяц. Чыноўнікі рапартуюць пра рост даходаў і абяцаюць не спыняцца на дасягнутым.

На самай справе ўсё, вядома, не так вясёлкава з фінансавай сітуацыяй насельніцтва. Пенсіянеры — гэта 30% насельніцтва паўвострава, і жывуць яны на пенсію ўсяго ў 12 тысяч ($180). Сярэдні заробак, вядома, вышэйшы, але гэта не заробак большасці жыхароў Крыма. Разрыў паміж тымі, хто атрымлівае шмат, і тымі, хто атрымлівае вельмі мала, — адзін з самых вялікіх у Расіі. Крым знаходзіцца на 69-м месцы з 85 у рэйтынгу па ўзроўні і размеркаванні заробкаў. Зарплату, меншую за 15 тысяч рублёў ($225), атрымліваюць амаль 30% насельніцтва, а больш за 100 тысяч ($1505) — гэта, напрыклад, чыноўнікі, усяго 0,85%. Гэта значыць большасць простых крымчан вымушаная жыць на вельмі сціплую зарплату. Усяго працаўладкавана 45% жыхароў Крыма.

Пропаганда против реальности
Цэны ў Крыме супастаўныя са сталічнымі. Фота (2017 г.): Алесь Пілецкі, Еўрарадыё

Па-другое, разам з сярэднімі даходамі ў Крыме выраслі цэны на тавары і паслугі, і выраслі непрапарцыйна заробкам і пенсіям. Калі крымскія даходы ніжэйшыя за сярэднія па Расіі, то цэны на паўвостраве на некаторыя тавары і паслугі супастаўныя з маскоўскімі. Прычыны такіх цэнаў і ў транспартнай ізаляцыі Крыма, і ў адсутнасці дастатковай уласнай вытворчасці. Спыняцца рост цэнаў не збіраецца ні ў Крыме, ні па Расіі. Да таго ж з 2019 года павысiліся ПДВ і акцызы на паліва, што таксама негатыўна адаб'ецца на цэнах. Атрымліваецца, што разам з ніжэйшымі за сярэднерасійскія заробкамі крымчане атрымалі практычна маскоўскія цэны.

І бюджэт расце, і ўласныя даходы!

Маштабна расце бюджэт рэгіёна і — галоўны гонар расійскіх чыноўнікаў — уласныя даходы Крыма, паведамляюць СМІ. Міністры ўражаныя, вось ён — доказ эканамічных дасягненняў Крыма.

Бюджэт сапраўды вырас, прычым значна. У 2018 годзе бюджэт рэгіёна склаў 168 мільярдаў рублёў ($2,5 мільярды). Датацыі і субсідыі — усё яшчэ асноўныя крыніцы крымскай казны. Так званыя "бязвыплатныя паступленні" ў бюджэт склалі каля 77%. "Крым наш" у 2018 годзе каштаваў расіянам 129 з паловай мільярдаў рублёў ($1,95 мільярда).

Але расійскія СМІ факусуюць увагу на важным прагрэсе — рост уласных даходаў Крыма павялічыўся таксама! І зноў праўда, павялічыўся. Але за кошт чаго?

З 38 мільярдаў рублёў ($571 мільён) уласных даходаў паўвострава каля 17 мільярдаў ($255 мільёнаў) — падатак на даходы з фізічных асоб. Плюс акцыз — 5,5 мільярдаў ($82,7 мільёна), які таксама кладзецца на плечы звычайных спажыўцоў. Атрымліваецца, амаль 60% уласных даходаў Крыма прыходзіць з кішэняў крымчан. То бок рост даходаў адбываецца за кошт росту падатковага цяжару на мясцовым насельніцтве.

Пропаганда против реальности
Кадр з відэа Новай Газеты

Рост непадатковых паступленняў таксама ёсць, але ён тлумачыцца распродажам раней нацыяналізаваных прадпрыемстваў і пансіянатаў. Пасля анексіі Крыма мясцовыя прадпрыемствы знаходзяцца на мяжы банкруцтва і распрадаюцца, інвестыцыйны клімат не прыцягвае фінансы, ды і статус непрызнанай тэрыторыі не дапамагае. Цяпер многія крымскія заводы ідуць з малатка. Напрыклад, легендарны завод шампанскіх "Новы Свет" быў прададзены ўсяго за 1,5 мільярда рублёў ($22,7 мільёна). Завод прыдбаў Юрый Кавальчук, асноўны акцыянер банка "Расія" і паплечнік Пуціна. На чарзе Крымхлеб і Крымтэлекам.

Ва ўсіх народаў — роўныя правы!

Паводле расійскіх СМІ, "ветлівыя людзі" прыйшлі ратаваць крымчан з-пад "катка нацыяналістаў". Акупацыйныя ўлады абяцалі абарону рускіх і гарантыю правоў усіх нацменшасцяў. "Усе народы і народнасці маюць у Расіі роўныя правы і прадстаўленыя на ўсіх узроўнях улады", — паведамляла адна з агітак.

У выніку анексіі ў Крыме, па сутнасці, усталявалася дыктатура рускай культуры. Крымскія татары, карэннае насельніцтва Крыма, якія адкрыта выступілі супраць расійскай акупацыі, падвяргаюцца рэпрэсіям ужо пяць гадоў. Меджліс крымскататарскага народа, традыцыйны інстытут самакіравання татараў, і ісламская арганізацыя Таблігі Джамаат забароненыя як "экстрэмісцкія". Хізб ут-Тахрыр, панісламісцкая палітычная партыя, якая дзейнічае негвалтоўнымі метадамі, прызнаная ў Расіі тэрарыстычнай. Чальцы Хізб ут-Тахрыр абвінавачваюцца ў спробе гвалтоўнага захопу ўлады, а адвакаты і праваабаронцы, якія прадстаўляюць іх інтарэсы, самі робяцца аб'ектамі пераследу.

Пропаганда против реальности
Пахаванне крымскататарскай актывісткі Веджые Кашкі. Фота: Іван Жылін, Новая Газета

Крымскататарскія і праўкраінскія актывісты трапляюць у турму, знікаюць без вестак, гінуць. Праваабаронцы кажуць пра 17 зніклых без вестак, 12 загінулых і 39 палітвязняў, 10 з якіх ужо асуджаныя.

Да таго ж у Крыме не засталося незалежных медыя, здольных аб'ектыўна асвятляць сітуацыю ў рэгіёне. Ператрусы ў дамах і кватэрах журналістаў, затрыманні, допыты, "запрашэнні" на размовы ў МУС, Следчы камітэт, пракуратуру і ФСБ сталі частай з'явай для Крыма. А ў словах незалежных журналістаў расійскія ўлады бачылі заклікі да сепаратызму. У выніку медыя альбо перасталі існаваць, альбо перабраліся на мацерыковую частку Украіны.

Крымскі мост у светлую будучыню!

Керчанскі мост стаў для Расіі сімвалам крымскіх поспехаў, свайго роду БАМ сучаснай Расіі. Амбіцыйны праект абвясцілі адразу пасля анексіі, і вось, праз пяць гадоў акупацыі, мост пабудаваны. Аўтамабільны рух запусцілі ў траўні 2018-га, а чыгуначны абяцаюць пачаць да снежня 2019-га.

19 кіламетраў, 227,9 млрд рублёў ($3,4 мільярда), 5 гадоў. Што ў выніку? Ці вырашыў мост праблемы ізаляцыі анексаванага паўвострава або галоўнае дасягненне Крымскага моста — сцэнар Маргарыты Сіманьян?

Пропаганда против реальности
Керчанскі мост. Фота: Віталь Цімкіў, Новая Газета

Турыстаў з Расіі, у прыватнасці расіян, якія прыязджаюць на аўтамабілях, сапраўды стала больш, кажа сайту Крым.Реалии старшыня грамадскай арганізацыі "Курортны Крым" Аляксандр Бурдонаў. Магчыма, расійскіх турыстаў яшчэ дадасца з запускам чыгуначнага злучэння — да анексіі расіяне ездзілі ў Крым у асноўным цягнікамі праз мацерыковую Украіну. Але ўкраінскіх турыстаў, якія да 2014 года складалі большасць, мостам, вядома, не вернеш.

На цэны будаўніцтва моста таксама асабліва не паўплывала. І далёка не факт, што нешта зменіцца з запускам цягнікоў. Пакуль цэны ў Крыме супастаўныя са сталічнымі.

Керчанскі мост звязвае Крым толькі з Расіяй. Ад усяго астатняга свету паўвостраў аддзелены не столькі морам, колькі статусам непрызнанай тэрыторыі. Міжнародныя санкцыі забараняюць крымскія тавары, інвестыцыі ў паўвостраў, турыстычныя сэрвісы, гандаль і прадастаўленне сэрвісаў у тэхналагічных галінах на тэрыторыі паўвострава. Крым застаецца ізаляваным ад астатняга свету, а будаўніцтва моста выклікае ў замежных дзяржаў толькi асцярогі што да геапалітычных амбіцый Пуціна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі