У Польшчы выйшаў фільм “Пуцін” — чаму вам (не) трэба марнаваць на яго час
На Пуціна ў фільме ўплываюць дэманічныя сілы
10 студзеня ў шэрагу краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў шырокі пракат выйшла гістарычная драма “Putin”, прысвечаная, як зразумела з назвы, прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.
Зняў яе польскі рэжысёр Патрык Вега, які ўпэўнены, што ў яго атрымаўся “партрэт грознай палітычнай фігуры, якая дэманструе кантраст паміж жалезным тыранам і чалавекам, якога ўвесь час пераследуе жах”.
Еўрарадыё паглядзела стужку ў адным з варшаўскіх кінатэатраў і расказвае, чаму на “Пуціна” абсалютна бессэнсоўна марнаваць час і грошы.
***
Каму вайна, а каму маці родная.
Падчас любой, нават самай пачварнай, катастрофы заўсёды знаходзяцца прагматычныя людзі, якія атрымліваюць выгаду ад сітуацыі. Ці хаця б намагаюцца выкарыстаць абставіны сабе на карысць.
Такім разважлівым цынікам аказаўся польскі рэжысёр Патрык Вега — аўтар з вельмі экстравагантнай фільмаграфіяй, складзенай з танных праектаў пра жыццё мафіі, будні паліцыі і правалы польскіх палітыкаў.
Ён першым у свеце замахнуўся на мастацкую версію біяграфіі Уладзіміра Пуціна, паказаўшы не толькі яго ўзыходжанне на ўладны алімп, але абсесію мільёнаў людзей па ўсім свеце — смерць дыктатара ў крывавых муках.
Такі маркетынг спрацаваў маланкава — правы на стужку, паводле самога Вегі, паспелі купіць 60 краін. Відаць, як камерцыйны праект “Пуцін” спрацаваў якасна. Вось толькі адно важкае “але”: глядзець стужку рашуча немагчыма.
Рэч у тым, што “Пуцін” — толькі на словах біяграфія расійскага дыктатара ці, калі браць шырэй, спроба пераасэнсаваць сучасную гісторыю Расіі пасля развалу СССР.
Насамрэч Вега, які напісаў і сцэнарый свайго фільма, зрабіў тыповае эксплуатацыйнае кіно, у якім сплёў рэальныя факты, канспіралогію і цалкам выдуманыя падзеі, каб паказаць свайго героя спараджэннем інфернальных сілаў. І гэта не залішняе красамоўства аўтара гэтага тэксту — менавіта так Вега бачыць Пуціна.
Фільм стартуе з недалёкай будучыні — 2026 года, дзе ў бальнічным пакоі дрыготкі, запэцканы ўласным лайном і кроўю прэзідэнт Расіі прымае генерала. Той расказвае вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, як Еўропа і ЗША вось-вось ляснуцца пад націскам расійскіх войскаў і гібрыдных дыверсій.
Потым мы пераносімся ў пачатак 90-х, дзе Пуцін трапляе на прыём да Барыса Ельцына — а той валяецца п’яны на падлозе. Пакуль прэзідэнт Расіі ачуньвае ў іншым пакоі, малады экс-кдбшнік глядзіць на яго працоўны стол: па ўсім відаць, як ён прагне ўлады.
Робіць ён гэта не адзін — суправаджаюць Пуціна жанчына ў мехавой шапцы-вушанцы і хлопчык у лапцях. У далейшым яны будуць шаптаць на вуха будучаму дыктатару, што варта зрабіць, каб не толькі захапіць уладу ў Крамлі, але і паставіць на вушы ўвесь свет.
Калі толькі з гэтага апісання вам падалося, што “Пуцін” — нейкая неўцямная ахінея, магу вас павіншаваць: тэкст на адэкватнасць вы прайшлі. Чаго нельга сказаць пра стваральнікаў фільма, якія яшчэ дзевяноста хвілін будуць несці бязглудзіцу пра пуцінскі рэжым, скачучы з года ў год, ад адной крывавай падзеі да іншай.
На думку Патрыка Вегі, расійскі дыктатар стаяў за ўсімі кепскімі падзеямі ў гісторыі Расіі апошніх 35 гадоў, нават калі не быў ва ўладзе.
Забойства прэзідэнта Чачні Джахара Дудаева — гэта Пуцін. Падрывы жылых дамоў у Маскве восенню 1999 года — гэта Пуцін. Смерць мэра Санкт-Пецярбурга Анатоля Сабчака і сыход у адстаўку Барыса Ельцына — гэта Пуцін. Забойства гледачоў у зале падчас тэракту “Норд-Ост” — гэта Пуцін. І ядзерны ўдар, які чакае гледача ў самым канцы фільма (прабачце за гэты спойлер, які ні на што не ўплывае) — таксама яго рук справа.
Але праблема “Пуціна” як мастацкага твора, які прэтэндуе і на палітычнае аўтарскае выказванне, і проста на забаву аўдыторыі, у тым, што ён не працуе ні ў якай іпастасі.
Для палітычнага выказвання аўтары зусім ужо неахайна ставяцца да дэманстрацыі складаназбудаванага расійкага рэжыму, які паўстае і функцыянуе толькі з волі і жадання аднаго Пуціна.
Яго найбліжэйшае кола нібы ні пры чым. Ды і сам Пуцін, фактычна, не нясе адказнасці за свае ўчынкі, бо яму ўсё падказвае яго інфернальны сябра дзяцінства, які пасля забойства стаў яго нябачным анёлам-ратавальнікам і дарадцам.
Па факце атрымліваецца, што ўсе імпералістычныя памкненні Крамля — гэта проста хады ў эсхаталагічным супрацьстаянні хрысціянскага дабра і зла, у якім Пуцін абраў бок цёмных сілаў.
А для фільма на вечар “Пуцін” — проста неверагодна нудны праект, на які яўна пашкадавалі грошай.
Назіраць, як актор Славамір Сабала ходзіць з кадра ў кадр з накладзеным штучным інтэлектам дыпфэйкам Пуціна, проста нецікава: драматургічна персанаж за дзве гадзіна хронаметражу ніяк не змяняецца.
Ды і сама гісторыя пададзеная максімальна хаатычна і без намёку на гумар, як набор флэшбэкаў і флэшфорвардаў. У гэтай кашы абсалютна нічога не магчыма зразумець, асабліва калі вы хаця б павярхоўна не ведаеце ключавых падзей сучаснай Расіі.
Даглядзець фільм да канца і атрымаць ад гэта яшчэ і задавальненне — выклік, які большасць гледачоў “Пуціна” дакладна не зможа прыняць.
І ў гэтым ляжыць глыбіннае расчараванне польскім праектам, асабліва калі судзіць яго ў гістарычнай перспектыве.
85 гадоў таму, у 1940-м, кароль камедыі Чарлі Чаплін выпусціў “Вялікага дыктатара”, у якім смяяўся з нацызму і захопніцкіх амбіцыяй Гітлера. Другая сусветная на той момант ужо палала на кантыненце, і пазіцыя амерыканскага кінамастака, чыя краіна абрала палітыку ізаляцыянізму, выглядала вельмі смела і натхняльна. Як шчыры жэст, мэта якога — звярнуць увагу на жахлівую трагедыю.
Такіх памкненняў і маральнай адказнасці ў “Пуціне” Патрыка Вегі няма. Галоўнае — атрымаць грошы на хайпе і нізкапробным прадукце, а далей хай трава не расце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.