Высілкі РФ па фактычнай анэксіі Беларусі пагражаюць ЗША, NATO і Украіне — ISW
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) звяртае ўвагу на намаганні Расіі па фактычнай анэксіі Беларусі. Эксперты ISW мяркуюць, што гэтыя высілкі "хоць і не завершаныя, але знаходзяцца на прасунутай стадыі і ўжо дасягнулі этапаў, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы ЗША, NATO і Украіны". Таксама, на іх думку, гэта стварае "экзістэнцыйную пагрозу для далейшага існавання Беларусі як суверэннай дзяржавы".
У дакладзе адзначаецца, што інтэграцыя РФ з Беларуссю прадугледжваецца настолькі ўсёабдымнай, што прасцей пералічыць тое, што не трапіць пад кантроль Масквы. Прычым для пагрозы Захаду Расіі не патрабуюцца дадатковыя інтэграцыйныя дзеянні ў Беларусі: "Наяўны набор вайсковых, палітычных і эканамічных інтэграцыйных дасягненняў Расіі ў Беларусі з 2020 года ўжо ўяўляе сабой пагрозу для Захаду, якую палітыкі павінны ўлічваць".
Аналітыкі ISW мяркуюць, што свае дасягненні ў Беларусі Расія будзе выкарыстоўваць для кампенсацыі выдаткаў зацягнутай вайны супраць Украіны. На іх думку, Беларусь дапаможа РФ паскорыць пасляваеннае аднаўленне і падрыхтавацца да будучых войнаў хутчэй, чым гэта яна магла б зрабіць адна.
"Палітыкі павінны пачаць планаваць будучыню, у якой Беларусь будзе не толькі паняволенай краінай, але і фактычным працягам Расійскай Федэрацыі", — перасцерагаюць у ISW. На іх думку, Расія возьме поўны кантроль над беларускім войскам у мірны час, уніфікуе законы і інстытуцыі "для кіравання беларусамі і расіянамі як адзінай дзяржавай", а таксама створыць "цалкам інтэграваную эканоміку" з агульнымі рынкамі, свабоднымі патокамі працоўнай сілы, адзінымі законамі і валютным саюзам.
На думку эксперта ISW, Расія ставіцца да Беларусі "як драпежнік". А будучымі прэзідэнцкімі "выбарамі" Крэмль можа скарыстацца для дадатковых інтэграцыйных саступак з боку рэжыму Лукашэнкі.
Прычым расійскія інтэграцыйныя намаганні ў дачыненні да Беларусі працягнуцца і пасля сыходу з улады Пуціна, падкрэсліваецца ў дакладзе ISW.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.