Чаму беларусы ў Літве сутыкаюцца з цяжкасцямі падчас вывучэння мовы?
Як беларусам вучыць літоўскую мову
Беларусы ў Літве сутыкаюцца з праблемай, як вывучыць літоўскую мову. Рэч у тым, што краіна прапануе бясплатныя моўныя курсы, але запісацца на іх амаль немагчыма праз завялікую колькасць ахвотных на абмежаваную колькасць месцаў.
Гэта пры тым, што, каб атрымаць пастаянны від на жыхарства ці ўжо грамадзянства, трэба паказаць дакумент, что замежнік здаў экзамен па літоўскай мове і асновах Канстытуцыі. Ну і часта літоўскія актывісты і чыноўнікі крытыкуюць беларусаў за тое, што тыя недастаткова вывучаюць мову. Аказваецца, праблема не ў беларусах, а ў магчымасцях для іх.
Якая праблема з вывучэннем мовы?
На віленскім гарадскім сайце можна знайсці спіс бясплатных курсаў літоўскай мовы. Іх прапануюць “Дом нацыянальных абшчын”, Служба працы ці Чырвоны Крыж. Што праўда, большасць з іх для ўкраінцаў. Беларусы звяртаюць увагу на тое, што ў іншых гарадах трапіць на моўныя курсы амаль немагчыма.
Днямі ў літоўскіх СМІ пісалі, як у краіне “праваліўся” запіс на курсы літоўскай мовы Kursouk ад Міністэрства адукацыі: “Серверы завіслі, а пасля аднаўлення працы сістэма паведаміла, што “сродкі ўжо размеркаваныя”.
Яшчэ ў 2023 годзе літоўскія СМІ пісалі, што дзяржаўная ўстанова “Дом нацыянальных абшчын” не змагла прыняць на курсы ўсіх ахвотных.
Іншы сайт для мігрантаў, Micenter, раіць вучыць мову ў прыватных школах, такіх як Lingua Lithuanica, Fast Track, Kalba.lt ці Edu Perfectus.
Але калі гаворка заходзіць пра пошукі бясплатных курсаў, беларусы адказваюць так:
“Насамрэч гэта як выйграць у латарэю. За некалькі гадоў я зразумеў, што лягчэй і хутчэй платна. Бо ці развод, ці настаўнікі хварэюць гадамі. Ну ці вам пашчасціць…”
“Звычайна для выкладчыкаў гэта проста “для галачкі”
Беларус Дзяніс упершыню спрабаваў запісацца на курсы, калі прыехаў у Літву ў 2020 годзе. Служба працы адказала, што няма фінансавання, няхай спрабуе пазней. Праз паўгода Дзяніс паўтарыў спробу і атрымаў такі самы адказ.
На трэці раз Дзяніс звярнуўся ў Чырвоны Крыж, дзе яму далі кантакты школы і запісалі ў групу толькі праз тры месяцы. Але за гэты час яму прапанавалі лепшую працу па-за Літвой.
Два месяцы таму ён зноў звярнуўся ў Службу працы і зноў атрымаў адмову.
Але з курсамі ад Службы працы ёсць свае нюансы. Дзяніс кажа, што калі чалавек не працуе, то пасля курсаў ён мусіць працаўладкавацца і працаваць не менш за паўгода, інакш давядзецца кампенсаваць кошт курсаў (1500 еўра).
Існуе безліч рэкламы фэйкавых курсаў. Фіктыўныя школы запісваюць ахвочых, а потым кажуць, што выкладчык хварэе, у выніку група распадаецца, грошы не аддаюцца. Так было ў знаёмага Дзяніса ў Каўнасе — другім па велічыні горадзе Літвы.
“Летась літоўскую мову вывучаў 141 грамадзянін Беларусі, у 2023 годзе — 379 чалавек. На гэты момант адзін грамадзянін Беларусі працягвае адукацыю”.
На пытанне, чаму так цяжка трапіць на курсы, у Службе кажуць: “Прыярытэт аддаецца ўкраінскім бежанцам, якія прыбылі пасля расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года”.
“Цяпер на ўліку ў службе занятасці знаходзяцца 24 грамадзяніны Беларусі, якія атрымалі статус бежанца. Такім чынам, гэтыя асобы могуць звярнуцца да кансультанта наконт магчымасці вывучэння літоўскай мовы. Іншыя беларускія кліенты (531 беларус — звесткі на 1 студзеня) не маюць гэтага статусу, таму не могуць удзельнічаць у мерапрыемствах актыўнай палітыкі на рынку працы, адным з якіх з'яўляецца нефармальная адукацыя дарослых, то-бок вывучэнне літоўскай мовы бясплатна”.
У Службе таксама параілі альтэрнатыўныя курсы літоўскай мовы:
- Бясплатны інтэрактыўны інструмент для базавых ведаў: LET'S BE FRIENDS (ugdome.lt)
- Заняткі Літоўскага Чырвонага Крыжа: “Клуб литовского языка для взрослых” / Lithuanian language club for adults
- KURSUOK.LT. Замежнікі, якія маюць від на жыхарства ў Літве, могуць скарыстацца навучальным кошыкам на 500 еўра для курсаў літоўскай мовы праз платформу www.kursuok.lt пры пэўных умовах:
- узрост — 18-65 гадоў;
- працоўны статус: чалавек мусіць быць заняты (працаваць па працоўнай дамове або быць самазанятым);
- адукацыя — вышэйшая ці прафесійная;
- калі чалавек ужо выкарыстаў увесь кошык, ён можа зноў атрымаць дзяржаўнае фінансаванне не раней чым праз 5 гадоў. Калі сума навучання была меншая за 500 еўра, рэшту можна выкарыстоўваць пасля атрымання сертыфіката па выніках першага навучання.
Інтэграцыйныя праграмы для беларусаў у Літве
Па-іншаму выглядае сітуацыя з беларусамі, якія знаходзяцца ў Літве як бежанцы. Пасля атрымання гэтага статусу яны могуць разлічваць на інтэграцыйную дапамогу, якая ўключае дапамогу грашовую, сацыяльную, курсы літоўскай мовы і іншае.
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулінская кажа, што са статусам уцекача даецца 96 гадзін абавязковага вывучэння літоўскага бясплатна, з магчымасцю падаўжэння да 190 гадзін для тых, хто добрасумленна прайшоў першы этап. І гэта працуе для ўсіх аднолькава: беларусаў, украінцаў ці сірыйцаў.
“Няма асобнай арганізацыі па вывучэнні мовы, бежанцы прымацоўваюцца да арганізацый, якія ўзялі на сябе адказнасць за рэалізацыю праграмы інтэграцыі, такіх як Чырвоны Крыж, Мальтыйскі ордэн, “Карытас” і г.д.”.
Паводле Вольгі Зазулінскай, такія курсы працуюць паспяхова.
“Я сама заканчвала гэтыя курсы, і вельмі многія мае знаёмыя не толькі 96 гадзін, але і 190 атрымалі на вывучэнне. Больш за тое, цяпер у прыватным парадку яны займаюцца з выкладчыкамі за грошы, каб паляпшаць свой моўны ўзровень”.
Але трэба разумець, што гэта працуе толькі для тых, хто мае статус уцекача. Да прыкладу, гуманітарны ВНЖ ужо не прадугледжвае інтэграцыйных праграм. Як кажа Вольга Зазулінская, раней беларусы, што маюць такія дакументы, маглі запісацца на такія моўныя курсы, але гэта было “хутчэй бонусам, а не абавязкам краіны — даваць такую праграму”.
“Умоўна Літва дае pro bono, адпаведна, калі групы не збіраюцца, то праграма не запускаецца. Гэта для ўсіх замежнікаў, не толькі для беларусаў.
Можа, таму, што гуманітарны ВНЖ — гэта факультатыўны пратакол легалізацыі для беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу. Гэта не абавязвае краіну мець асаблівае да нас стаўленне, мы і так павінныя дзякаваць за многія рэчы, якія прыдумалі менавіта пад беларусаў.
Мне падаецца, людзі проста блытаюць усе гэтыя моманты і патрабуюць таго, чаго, па сутнасці, не дае ні адна дзяржава”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.