Калі ламаць бэз, ён будзе лепш расці. Ці праўда гэта? Адказвае біёлаг

Ламаць ці не ламаць?

Ламаць ці не ламаць? / unsplash.com

У Беларусі — разгар цвіцення бэзу. Адны больш любяць любавацца ім на вуліцах або ў батанічным садзе, іншыя ламаюць пахкія галінкі і нясуць букеты дадому.

— Нічога страшнага, потым будзе лепей расці! — чуем мы з дзяцінства. Але ці так гэта на самой справе?

Чаму не варта ірваць бэз ябы-як на вуліцы і як абразаць галінкі правільна, каб не пашкодзіць куст? Ці шкодна дыхаць бэзам у кватэры і ці можна атруціцца, калі знайсці і з'есці запаветную пяціпялёстаўку, якая, калі верыць у прымету, робіць чалавека шчаслівым?

На гэтыя пытанні ў гутарцы з Еўрарадыё адказвае біёлаг Віталіна Лабанава.

Если ломать сирень, она будет лучше расти. Это правда? Отвечает биолог
Віталіна Лабанава / асабісты архіў

Не ламаць, а акуратна абразаць

— Тое, што бэз трэба ламаць для лепшага росту — гэта міф, але ён мае пад сабой падставу. Такія хмызнякі, як бэз, можна абразаць для больш пышнага цвіцення.

Абразанне павінна праводзіцца стэрыльным секатарам ў пэўных месцах. Пажадана проста выдаляць адцвілыя суквецці перад або пасля цвіцення. А калі абрэзаць кветкі ў момант, калі яны толькі распусціліся, можна незнарок пашкодзіць куст.

 

Як правільна абрэзаць бэз, каб ён прыгожа рос

— Калі мы абразаем бэз пасля завяршэння цвіцення, трэба рабіць гэта ў тым месцы, дзе заканчваецца кветканос (гэта значыць да зялёнага лісця).

Калі нам трэба сфармаваць прыгожую крону і абудзіць сонныя пупышкі (з якіх у наступным годзе, магчыма, распусціцца новы бэз), трэба абразаць галінкі да іх. 

Если ломать сирень, она будет лучше расти. Это правда? Отвечает биолог
Спачатку — у халадзільнік, пасля — у вазу / unsplash.com

Людзі ўсё роўна рвуць бэз. Як рабіць гэта беражліва

— Калі вы не хочаце, каб куст захварэў, але паставіць галінку ў вазу ўсё роўна надта хочацца, не рвіце яе рукамі, а абрэжце. Калі няма секатара, выкарыстоўвайце востры нож і рабіце так, каб месца зрэзу было мінімальным.

Як я ўжо сказала, пажадана наогул не абломваць вялікія галінкі з лісцем, а адразаць да лісця альбо на V-падобным скрыжаванні лісця ніжэй за суквецце. Лепш — усё ж да лісця, таму што на маладзенькіх галінках могуць быць сонныя пупышкі, з якіх у наступным годзе распусцяцца новыя кветкі.

Каб бэз стаяў у вазе доўга, выбірайце галінку з нераскрытымі бутонамі. Дома пажадана змясціць яе ў поліэтыленавы пакет і пакласці на некалькі гадзін у халадзільнік, а потым — паставіць у халаднаватую ў ваду.

Калі вы хочаце абрэзаць свой бэз у садзе, пажадана рабіць гэта альбо ў пахмурнае надвор'е днём, альбо да 10 раніцы. Так у бэзу будзе дастаткова вільгаці, каб лягчэй перанесці працэдуру.

Если ломать сирень, она будет лучше расти. Это правда? Отвечает биолог
Беражыце прыроду / unsplash.com

Ці можна атруціцца бэзам?

— Некаторыя людзі заўважаюць, што калі бэз стаіць у хаце, у іх баліць галава. Гэта звязанае з тым, што суквецці маюць ярка выяўлены пах. Кожны з нас у залежнасці ад здароўя і агульнага самаадчування можа рэагаваць на яго па-свойму. Гэта трэба ўлічваць.

Нягледзячы на тое, што бэз не адносіцца да небяспечных раслін, лепш не ставіць яго ў пакой, дзе вы спіце, і праветрываць памяшканне, дзе стаяць галінкі.

У народзе ёсць прыкмета: калі знайсці пяціпялёстаўку і з'есці яе, можна стаць шчаслівым. Гэта, вядома, ніяк не стасуецца з біялагічнай навукай. А вось ці можна атруціцца, паеўшы кветак бэзу?

Ды чым хочаш можна атруціцца. Але я не ўпэўненая, што вы знойдзеце і з'ясце столькі пяціпялёставак, каб вам ад іх стала кепска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі