Па чутках — будзе гандлёвы цэнтр. Што студэнты БІП ведаюць пра закрыццё ўстановы
Філіял БІП у Гродне
"Студэнты былі агаломшаныя і разгубленыя. Мы спадзяваліся, што ўніверсітэт зможа знайсці выхад і працягнуць сваю дзейнасць, але на афіцыйным сайце з'явілася паведамленне пра яго закрыццё", — кажа Еўрарадыё Дзяніс, студэнт БІП — Універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій, які абвясціў аб закрыцці.
Для студэнтаў навіна стала чыстай неспадзяванкай. Зрэшты, перадумовы для яе былі: чуткі пра тое, што найстарэйшая прыватная ВНУ краіны, створаная ў 1990 годзе, не прайшла акрэдытацыю, хадзілі ўжо даўно. Ды і імкненне ўладаў цалкам падмяць пад сябе і кантраляваць сферу адукацыі не было для іх сакрэтам.
Еўрарадыё распытала біпаўцаў, як яны ўспрынялі закрыццё альма-матэр і што збіраюцца рабіць далей. Адказы публікуюцца са змененымі імёнамі студэнтаў.
Прыкладна такі ж самы, як усе астатнія
На думку Дзяніса, якасць выкладання ў БІП прыкладна такая самая, як і ў большасці дзяржаўных ВНУ, кшталту БДУ або БНТУ.
"У краіне сістэма адукацыі ўніфікаваная міністэрствам, яно звычайна складае планы на год і колькасць гадзін на кожную дысцыпліну. На мой погляд, якасць адукацыі ў БІП была прыкладна такой жа самай, як і ва ўсіх універсітэтах у краіне, якія адпрацавалі вялікую колькасць часу.
У сярэднім нараканняў на навучанне не было, ва ўніверсітэта быў добры выкладчыцкі склад".
Што стала прычынай закрыцця БІП — пакуль незразумела. Вядома толькі, што рашэнне прынялі заснавальнік і кіраўніцтва універсітэта. Пра вынікі акрэдытацыі (як і пра тое, ці праходзіла яна наогул) не паведамляецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.